Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра “газавы” канфлікт беларускія ўкраінцы і ўкраінскія беларусы?


Радыё Свабода Сёньня – трэці дзень, як Расея спыніла пастаўкі газу ва Ўкраіну. Гэта здарылася пасьля таго, як бакі не паразумеліся цаной паліва. Масква настойвае, каб Украіна плаціла па 230 даляраў за 1000 кубамэтраў, а Кіеў лічыць такую цану неабгрунтаванай. Што думаюць пра канфлікт беларускія ўкраінцы і ўкраінскія беларусы?

Чвэрць мільёну беларускіх украінцаў уважліва сочаць за “газавым” супрацьстаяньнем. Вось якім меркаваньнем падзяліўся студэнт адной зь менскіх навучальных установаў Сяргей Голік, які родам з Цярнопальскай вобласьці:

(Голік: ) “Адназначна сказаць штосьці цяжка. Абодва бакі вінаватыя ў гэтым. Але больш, мне здаецца, што ўсё ж такі Расея. Таму што яна зусім ня хоча зьніжаць цану. Яна патрабуе 230 даляраў і ня хоча ісьці ні на якія саступкі. А Ўкраіна згодная супрацоўнічаць і знаходзіць нейкія іншыя варыянты. Безумоўна, тут вялікую ролю адыгрывае палітыка. І, канечне, Крэмль хоча паставіць у залежнасьць Украіну ад Расеі ў пытаньні газу. Можа, яны ўсё-такі прыйдуць да нейкага кансэнсусу, але магчымыя і нейкія іншыя, больш драматычныя падзеі, калі ва Ўкраіне пачнецца крызыс”.

Гэтак, нагадаю, мяркуе беларускі ўкраінец зь Менску Сяргей Голік. Многія прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары скардзяцца на дэфіцыт інфармацыі, зьвязанай з канфліктам. У Беларусі, паводле іх, прысутнічаюць расейскія тэлеканалы і практычна няма ўкраінскіх. Таму людзі добра ведаюць пазыцыю Ўладзімера Пуціна альбо кіраўнікоў “Газпрому”, але мала дасьведчаныя ў аргумэнтацыі “Нафтагазу Ўкраіны” ці Віктара Юшчанкі.

А ўраджэнец Лельчыцкага раёну Васіль Астаповіч, які жыве ў Харкаве, сьцьвярджае, што 285 тысяч ўкраінскіх беларусаў добра інфармаваныя як пра пазыцыю Кіеву, так і Масквы. Астаповіч так мяркуе пра ініцыятыву Масквы павялічыць цану газу:

(Астаповіч: ) “Яна ня вельмі добрая з боку Расеі. Як заўсёды, Расея хоча быць старэйшым братам. З тымі людзьмі, зь якімі я тут сустракаюся, то яны нэгатыўна да гэтага ставяцца. Многа і расейцаў тут, бо мы ж на мяжы жывём, і яны па-рознаму адносяцца, але большасьць нэгатыўна. У нас у доме ацяпленьне газавае, і толькі можна ўявіць, чым гэта можа скончыцца. Але гэта ж ударыць ня толькі па ацяпленьні – усё будзе даражэй. Гэтае пытаньне, як я лічу, трэба вырашаць безь вялікіх канфліктаў”.
XS
SM
MD
LG