Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Яўхім Кіпель


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Апошні зямны прыстанак Яўхіма Кіпеля – беларускія могілкі ў амэрыканскім горадзе Саўт-Рывэры. Як і многія з тых, хто, на думку савецкай улады, занадта любіў Беларусь, Кіпель большую частку жыцьця мусіў правесьці далёка ад Дзьвіны і Нёману.

Сыну глускіх сялянаў, што прыйшоў на сьвет 110 гадоў таму, 7 студзеня 1896, лёс наканаваў трапіць у самы вір таго пераломнага часу. Франты Першай сусьветнай вайны. Удзел у паседжаньнях Усебеларускага зьезду Саветаў у Смаленску, дзе была абвешчаная БССР...

Пасьля заканчэньня БДУ Яўхім працаваў у Інстытуце беларускай культуры і вучыўся ў асьпірантуры, адкуль быў выключаны “за неадпаведнасьць сваёй навуковай дзейнасьці марксісцкай ідэалёгіі”.

У чэрвені 1930 ОГПУ за адну ноч арыштавала ў Менску па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” больш за 300 асобаў, у ліку якіх апынуўся і Кіпель. На допытах яму прыгадалі і арганізацыю Клюбу беларускай моладзі, і ўдзел у падрыхтоўцы зьезду краязнаўцаў, і тое, што ў напісаных Кіпелем падручніках “Расьліны” й “Жывёлы” не знайшлося месца для такога паняцьця як “дыктатура пралетарыяту”...


У высылцы. Зьлева направа: Мікола Азбукін, Яўхім Кіпель, Мікола Ўлашчык. Налінск.15 сьнежня 1931 году.

Вяртаючыся зь 5-гадовай вяцкай высылкі, ён вёз на свабоду схаваны паміж чамаданавымі склейкамі рукапіс славутага “Тэстамэнту” Ўладзімера Жылкі.

Спатканьне з воляй доўжылася ўсяго чатыры месяцы. Пасьля новага арышту сьледчы прапаноўвае маладому навукоўцу магчымасьць жыць у Менску й займацца ўлюбёнай біялёгіяй. Трэба толькі “дапамагчы органам”. Атрыманая адмова каштавала пяці гадоў Байкала-амурскіх лягераў.

У часе нямецкае акупацыі Кіпель займаецца арганізацыяй беларускага школьніцтва, рэдагуе газэту “Голас вёскі”. Сваім старшынём выбіраюць яго дэлегаты Другога ўсебеларускага кангрэсу, які пацьвердзіў імкненьне краіны да незалежнасьці.


З жонкай Марыяй і стрыечным братам Васілём Коськам. Нью Брансўік, штат Нью Джэрзы. 1950 год.

Жывучы на Захадзе, Кіпель не пакідаў грамадзкай і навуковай дзейнасьці. Ён стварыў Аб’яднаньне беларускіх вязьняў савецкіх канцлягераў, падрыхтаваў пад назовам “Зь іхняга раю” кнігу пра жыцьцё ў ГУЛагу, быў ініцыятарам стварэньня Беларускай народнай партыі...

Ён адышоў у нябесную Беларусь у ліпені 1969 году.


Яўхім Кіпель

Праз 20 гадоў Вярхоўны суд БССР прыняў пастанову аб рэабілітацыі “врага белорусского народа”. Яшчэ праз 10 гадоў, калі Беларусь ужо была незалежная, у Нью-Ёрку выйшла кніга ўспамінаў Яўхіма Кіпеля “Эпізоды”. Шмат яе старонак чытаюцца з большай цікавасьцю, чым які дэтэктыўны раман.

Сёньня ў Беларусі і сьвеце шырока вядомае імя Яўхімавага сына і духоўнага спадкаемца – Вітаўта Кіпеля.
XS
SM
MD
LG