Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2006: Навагоднія гісторыі ад вядомых у Беларусі людзей


Радыё Свабода Амаль з кожным з нас у навагоднюю ноч адбываліся цікавыя, дзіўнаватыя і нават казачныя гісторыі. Шкада толькі, літаральна на заўтра многія ня могуць прыгадаць, што менавіта зь імі здарылася… Навагоднія выпадкі ад вядомых людзей запісвала наша менская карэспандэнтка.

Як гэта ні дзіўна, усе мае суразмоўцы прыгадвалі гісторыі даволі даўнія…

Першая гісторыя адбылася ў 1977-м, калі шараговы Леанід Дранько-Майсюк служыў ў войску, у далёкім расейскім гарнізоне. Апошняе ягонае дзяжурства на тэлеграфнай станцыі прыпадала на ноч з 29 на 30 сьнежня. Гэта азначала, што Новы год малады салдат сустрэне ў казарме, сярод сяброў каля тэлевізара, а ў “Блакітным агеньчыку” будуць выступаць яго любімыя “Песьняры”. Што было далей, распавядае сам паэт...

(Дранько-Майсюк: ) “І вось пад уплывам гэтай радасьці, пад уплывам заўтрашняга сьвята я заснуў на баявым пасту. І соннага мяне застукалі. А гэта вялікае злачынства. Камандзір роты сувязі сказаў мне, хто я ёсьць насамрэч. І пры мне пазваніў на кухню дзяжурнаму афіцэру: “Да вас мы накіроўваем радавога Дранько. Пастаўце яго мыць катлы”. І вось з панылым настроем зьяўляюся я на кухню. Дзяжурны афіцэр у мяне пытаецца: “З роты сувязі? Радавы Дранько?” І пачуўшы, што я радавы Дранько, я зразумеў, што выратаваны. І таму адказаў: “Не, я радавы Майсюк”. “А дзе Дранько?” “Ён прыйдзе крыху пазьней”. “Мне сказалі, каб я радавога Дранько паставіў мыць катлы, і я яго абавязкова пастаўлю. А ты, калі прыйшоў першым, выбірай працу сам”. І я выбраў самую лёгкую работу: белай анучкай зьмятаць са сталоў хлебныя крошкі”.

(Карэспандэнтка: ) “А катлы хто мыў?”

(Дранько-Майсюк: ) “Грэшны я. Мыў нейкі іншы салдат зь іншай роты. Вінаваты па сёньняшні дзень перад гэтым невядомым героем”.

Выратавала паэта ад чорнай працы ў навагоднюю ноч яго падвойнае прозьвішча.

***

Народны артыст Беларусі, кіраўнік ансамблю “Сябры” Анатоль Ярмоленка згадаў навагоднюю гісторыю, якая адбылася зь ім у Гомелі, гадоў 20 таму, у час, калі пэтарды і ракеты былі дзівам, а ў яго быў сусед-вайсковец, які тыя ракеты дастаў.

(Ярмоленка: ) “Такія стрэльбы мы распачалі, увесь Гомель гудзеў ад нашых стрэльбаў! Было прыгожа, але камусьці гэта не спадабалася, і патэлефанавалі ў міліцыю.

Мы ўжо селі за стол, пачынаем уздымаць тосты за Новы год, за шчасьлівае жыцьцё. І тут звоняць у хату, і заходзіць такі грозны нарад міліцыі, усе такія сур''ёзныя: "не дазволена пастановай такой-та страляць ракетамі". Пачаліся разборкі, без мяне выйшлі суседзі, пачалі на нас "наяжджаць". Я выходжу і кажу: "Байцы! Якія праблемы?!”

Тут яны ўбачылі, што я вядомы артыст, але "Не положено. Надо составить протокол". Я адказваю: "Так, зараз саставім. Але давайце спачатку сядзем-прысядзем, Новы год абмыем. "Ну, зь Ярмоленкам мы яшчэ не выпівалі, давай па дзьве кроплі". І пайшло: тры, чатыры, пяць, шэсьць... Карацей, разгуляліся яны, прасьпявалі мы разам зь імі песьню "А я лягу-прылягу". Яны кажуць: "Так. А зараз будзем працягваць стрэльбы".

І мы пайшлі на балькон пускаць пэтарды і ракеты з гэтымі міліцыянтамі. Зноў быў фэервэрк. І мы з гэтымі хлопцамі пасябравалі. Я кажу: "Пад''яжджайце раніцой, уключайце свае мігалкі, сырэны, каб суседзі думалі, што вы нас забралі". Яны сапраўды прыехалі з гэтымі "У-у-у", але мы паехалі зь імі ў лазьню. І з таго часу сябруем, яны зараз ужо палкоўнікамі закончылі службу. Але ўзгадваем заўсёды той Новы год, які так цудоўна правялі ў Гомелі, сьпяваючы песьню "А я лягу-прылягу"".

***

Лідэр “Нэйра Дзюбелю” Аляксандар Куллінковіч таксама ўспамінае гісторыю з выбухамі. Пэтарды не былі яшчэ так распаўсюджаныя, а хлапушкі лічыліся дэфіцытам…

(Кулінковіч: ) “Кампанія была шумная, моладзевая, ні ў каго грошай не было, таму ўсе весяліліся. Нам удалося купіць хлапушак. Шмат. Цэлую скрыню. Але такой дзіўнай якасьці яны былі, спрацоўвалі праз адну: канфэці вылятала, а самога выбуху не было. Але потым высьветлілася, што з хлапушак, якія не спрацоўвалі, вылятаў капсуль. І ўся падлога была засыпаная канфэці і капсулямі ад гэтых хлапушак, якія выбухалі, калі мы на іх наступалі. Паколькі ўсё было засыпанае, мы вымушаныя былі хадзіць як па мінным полі. Увесь Новы год праходзіў у такой п’янай весялосьці, калі чарговыя людзі “падрываліся”. Дадала весялосьці наяўнасьць міннага поля”.

(Карэспандэнтка: ) “А як нарадзілася песьня “З Новым годам, родны край”?

(Кулінковіч: ) “Ой, я не памятаю. Але не заказная, гэта дакладна. Яна была напісаная не да Новага году. Проста прыйшла думка, як і ўсе песьні”.

***

Намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Мельнічук зьяўляецца ўладальніцай ці ня самага вялікага і магутнага сабакі ў Менску. Скажу толькі, што важыць яе Малыш 82 кіляграмы. Пра выгульваньне Малыша ў навагоднюю ноч распавядае Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) "2006 – год Сабакі, таму я хачу нагадаць сабачую гісторыю. Іх у мяне шмат... Асабліва пакутлівы для майго сабакі час менавіта навагодні. Вядома, усе людзі нецьвярозыя, узрываюцца пэтарды, а мой сабака гэтага ня вельмі любіць. І я звычайна выбіраю час пад раніцу, каб пайсьці зь ім на абавязковую прагулку. Мы зь ім выйшлі пад ранак, ужо ўсе гулякі разышліся. Сабака бегае па ўскрайку, па двары, ён ужо проста азірае навакольле зь нейкім рамантычным выглядам. Я бачу, што ідзе яшчэ нейкі запозьнены гуляка. Сабака ніяк не рэагуе на гэтага чалавека. Чалавек ідзе, таксама ніяк не рэагуе. А гэты мужчына падыходзіць да мяне, раптам зрабіўшы такія страшэнныя вочы, дзікім шэптам мне кажа: “Любачка, зьбягай адсюль хутчэй, там гэткі конь бегае!” Ну я ўжо не стала тлумачыць, што той “конь” – гэта мой сабака!"

(Карэспандэнтка: ) “Тацяна, а які ў вас сабака?”

(Мельнічук: ) “У мяне дог, вялікі, каралеўскі, тыгровай афарбоўкі. Ён сапраўды вельмі такі ўражлівы! Можна і напалохацца, і ўразіцца гэтым сабакам. А так як надыходзіць год сабакі, мне трэба будзе яго нечым такім асаблівым, смачненькім пачаставаць”.

***

Заслужаны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўных прэміяў СССР і Беларусі Віктар Манаеў, на жаль, навагодняй гісторыі нам не распавёў. Ён наагул не разумее, сэнс традыцыйнага віншаваньня “З Новым годам, з новым шчасьцем”. Асабліва сэнс менавіта другой часткі, наконт новага шчасьця…

(Манаеў: ) “Я думаю, што нам самае галоўнае трэба жадаць, каб мы праўдзіва глянулі на саміх сябе, і жадалі не ператварыць і зьмяніць гэты сьвет, які вакол нас, зьмяніць кватэру, зьмяніць мэблю, мужа, жонку, зьмяніць уладу, зьмяніць палітычны строй… Мы павінны зьмяніць самога сябе. Бо калі мы ня зьменім самога сабе, мы нічога вакол сябе ня зьменім”.
XS
SM
MD
LG