Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія спадзяваньні беларусаў на год чырвонага сабакі?


Радыё Свабода Паводле ўсходняга гараскопу 2006 – год чырвонага сабакі. Астролягі даводзяць, што энэргетыка году прымусіць людзей быць штодзённа напагатоў і больш турбавацца пра сваю будучыню. А якія насамрэч спадзяваньні беларусаў? Наш карэспандэнт запісаў меркаваньні беларускіх творцаў і палітыкаў, якія нарадзіліся ў год сабакі: Станіслава Шушкевіча, Уладзімера Някляева, Лявона Баршчэўскага, і мінакоў на менскіх вуліцах.

Год сабакі вяртаецца ў каляндар празь кожныя 12 гадоў. І ад нараджэньня беларускага пісьменьніка Ўладзімера Някляева мінае пяты поўны такі цыкль. Улетку 2006-га ён адзначыць свой круглы юбілей, 60 гадоў.

(Някляеў: ) "Каб я ў Індыі застаўся ў свой час, то, мажліва, думаў бы пра сабак і розныя пераўтварэньні чалавечай істоты. А так, што ні год, то новае жыцьцё... І ў асноўным нейкае сабачае".

(Карэспандэнт: ) "А, наагул, ці паважаеце сабаку?"

(Някляеў: ) "Сабак, вядома, люблю. Як жа ў вёсцы расьці і сабаку не любіць? Апошні сабака ў мяне прапаў і няведама куды. І пасьля гэтага я сабак больш не гадую, бо адчуваю пэўную здраду. Дарэчы, ён мне сьніцца, як недзе бегае і брэша на мяне, быццам бы я дрэнны гаспадар. Цікавы характар меў апошні сабака..."

(Карэспандэнт: ) "Чаго вы чакаеце ад новага году ў адносінах да Саюзу пісьменьнікаў і прэзыдэнцкіх выбараў?"

(Някляеў: ) "Вось тут поўны змрок. Ніякіх бліскавіцаў, на жаль, наперадзе ня бачу. Па-мойму, тыя самыя цацкі будуць боўтацца на той жа самай елцы, хутчэй за ўсё".

Паводле пісьменьніка Ўладзімера Някляева, ягоны палітычны пэсымізм грунтуецца на добрым веданьні тамтэйшага жыцьця. У сваю чаргу беларускі астроляг Сяргей Белы даводзіць, што беларусы будуць занепакоеныя сваёй будучыняй, эмацыйна напружаныя, задзірыстыя ў адзнаках, але нясьпешныя ў дзеяньнях.

(Белы: ) "Спробы будуць нейкім чынам дэстабілізаваць сытуацыю, але ў канчатковым выніку істотных зьменаў не адбудзецца".

Па словах астроляга, энэргетыка году сабакі дазваляе ўладзе Лукашэнкі пільна каравуліць свае пазыцыі.

(Белы: ) "Па сваёй палітычнай нібыта ўстойлівасьці ён наблізіцца да ўзроўню Фідэля Кастра. Гэта значыць шчыльна і надоўга".

Так лічыць беларускі астроляг Сяргей Белы. А вось якія меркаваньні выказвалі мінакі на вуліцах беларускай сталіцы:

(Першы спадар: ) “У будучым годзе я асабіста, на жаль, нічога лепшага не чакаю. Будзем спадзявацца, што Беларусь ня згубіць свой сувэрэнітэт”.

(Юнак: ) “Шмат што можа наўпрост рухнуць. Калі я мог цяпер займацца нейкім бізнэсам, то ў наступным годзе гэта будзе немагчыма. Таму што вельмі шмат законаў, якія пад корань зьбіваюць мае пляны”.

(Спадарыня: ) “Ад новага году я чакаю, каб усё добра было зь сям''ёю. Каб было ўсё добра з маім мужам, працай. Каб дзіцяці нічога не пагражала. Ну і ёсьць агульныя жаданьні – каб адбываліся нейкія зьмены ў нашай краіне. Каб у нас стала больш бясьпечна жыць”.

(Другі спадар: ) “Мы людзі аптымістычныя: хоць ты нас гні, як тую траву, аднак мы адрасьцём. Але чакаць, ведаючы, што творыцца, даводзіцца ўсяго. І сьпіну давядзецца пагнуць, але выстаяць. Пэўна, як кажуць, сабачы год чакаецца”...

У колішні год сабакі нарадзіўся Станіслаў Шушкевіч – былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, доктар фізыка-матэматычных навук.

(Шушкевіч: ) “Нейкую сабачасьць я ў сабе не асэнсоўваю. А наагул, я ня ведаю, што да чаго і як у гэтай усходняй мудрасьці. Я ведаю, што нарадзіўся за тры гады да разгулу сталінскіх рэпрэсіяў у былым Савецкім Саюзе”.

(Карэспандэнт: ) "А ці траплялі Вы асабіста ў якія-небудзь гісторыі ці прыгоды з сабакамі?"

(Шушкевіч: ) “Я асабіста – не, а што да маіх родных, то бяда такая ёсьць. Мае родныя, якія вельмі шкадуюць бадзяжных сабак, прыкормліваюць іх. Дома ўтвараліся цэлыя псярні. Гэта мяне ня вельмі захапляе”.

Таксама як і іншыя суразмоўцы, Станіслаў Шушкевіч паведаміў свой палітычны прагноз на 2006 год.

(Шушкевіч: ) “Я чакаю ад 2006 году станоўчых зьменаў. Можа перастанем жыць у абставінах шалёнай хлусьні, крывадушнасьці і зьдзеку над праўдай”.

(Карэспандэнт: ) "А ў асабістым жыцьці?"

(Шушкевіч: ) “Трэба вырашаць так шмат прымітыўных штодзённых задач, што стратэгічных плянаў асаблівых ня маю. Я жыву, як большасьць беларусаў – выжываю ў гэтых абставінах. Толькі відавочна, што я выжываю сваім прафэсарскім бізнэсам. Так што я хачу, каб ён у мяне атрымліваўся”.

А зараз цытата паводле ўсходняга календару. “Людзі, якія нарадзіліся ў гады сабакі, як правіла, ніколі не адпачываюць. Яны сумленныя і справядлівыя”. Гэтая характарыстыка, казалі падчас апытаньня шматлікія менчукі”, аднолькава пасуе як папярэднім суразмоўцам, так і наступнаму. Кандыдат філялягічных навук, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, паэт, перакладчык і крытык Лявон Баршчэўскі таксама нарадзіўся ў год сабакі.

(Баршчэўскі: ) “Да сабакі я стаўлюся скептычна, бо сабака чыста сацыялістычная жывёла. Яна абсалютна несамастойная. Ёй патрэбны гаспадар, яе трэба даглядаць. Іншая рэч – кот. Вось ён капіталіст, ён ініцыятыўны. А сабака? Тыповыя рысы народу адлюстраваныя ў сабаку. Кот мне больш падабаецца сваёй самастойнасьцю”.

(Карэспандэнт: ) "А якія вашы спадзяваньні на падзеі будучага году? Якія прагнозы?"

(Баршчэўскі: ) “Гэты год яшчэ наблізіць наш народ да дэмакратыі”.

(Карэспандэнт: ) "А творчыя пляны?"

(Баршчэўскі: ) “Я раблю 28-моўны эўрапейска-беларускі слоўнік. Мая праца заплянаваная на тры гады. Адзін год я яго ўжо рабіў, яшчэ год і пляную завершыць у 2007 годзе”.

(Карэспандэнт: ) "Ці далучаныя вы да падрыхтоўкі выбараў 2006 году?"

(Баршчэўскі: ) “Безумоўна. Я ў меру сваіх сілаў падтрымліваю. Гэта карысная і патрэбная праца. Ну, а хто ведае? Усё можа здарыцца. Нейкія абсалютна непрадказальныя падзеі могуць усё павярнуць. Таму гэта вельмі патрэбная праца і яе трэба выконваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG