Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ліквідавалі Таварыства беларускай мовы ў Жодзіне


Радыё Свабода У Жодзіне зьліквідаваная гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы. Улады лічаць такі крок законным, сябры ТБМ неабгрунтаваным.

Рашэньне аб скасаваньні рэгістрацыі Жодзінскай арганізацыі ТБМ прыняў гарвыканкам Жодзіна. Як паведаміў старшыня арганізацыі Аляксей Лапіцкі, у атрыманым ім дакумэнце гаворыцца, што рашэньне прынятае на падставе закону аб грамадзкіх аб''яднаньнях і леташняй пастановы Міністэрства юстыцыі, якая тычыцца дзяржаўнай рэгістрацыі партый і грамадзкіх арганізацый.

Паводле спадара Лапіцкага, прэтэнзіі жодзінскіх уладаў зьвязаныя з юрыдычным адрасам арганізацыі, якая была “прапісана” у жыльлёвым фондзе гораду:

(Лапіцкі: ) “З пачатку ўтварэньня гарадзкой арганізацыі мы зьвярталіся ў гарвыканкам для таго, каб атрымаць памяшканьне. У нас у горадзе, менавіта ў нашым доме, было памяшканьне, вылучанае для пазакляснай працы зь дзецьмі – чатырохпакаёвая кватэра, вылучаная з жыльлёвага фонду. І мы хацелі, каб на праспэкце Францішка Скарыны ў горадзе Жодзіна быў офіс Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Адзіны на рэгіён. І каб ён меў магчымасьць арэнды на ільготных умовах. Але нам пастаянна ўсе гэтыя гады і не прапаноўвалі, і не давалі гэтае памяшканьне”.

Між тым, як лічыць спадар Лапіцкі, Жодзінская арганізацыя ТБМ усе гэтыя гады актыўна працавала на карысьць гораду ў справе пашырэньня ўжываньня беларускай мовы. У прыватнасьці, арганізацыя наладжвала “круглыя сталы”, апытаньні грамадзкай думкі, супрацьдзейнічала закрыцьцю беларускамоўных клясаў у школах і групаў у дзіцячых садках Жодзіна.

У галоўным офісе ТБМ інцыдэнт у Жодзіне не выклікаў асаблівага зьдзіўленьня. Паводле намесьніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова, цягам 2005 году падобным чынам у краіне былі ўжо зьліквідаваныя некалькі структураў ТБМ.

(Кручкоў: ) “Гэтая зьява распаўсюджаная. Мы судзіліся ў Вярхоўным судзе з гэтай нагоды, аднак перамагчы не змаглі. Так і адбываецца з грамадзкімі структурамі – ім проста не даюць офісаў і ўсё”.

Як мяркуе Аляксей Лапіцкі, у жодзінскіх уладаў была і яшчэ адна прычына для скасаваньня рэгістрацыі мясцовай арганізацыі ТБМ – гэта распачатая кампанія выбараў прэзыдэнта:

(Лапіцкі: ) “Яны за месяц да фармаваньня камісіяў робяць палітычную замову на ліквідацыю арганізацыі, якая вельмі актыўна працавала на выбарах, вылучала людзей для назіраньня і ў камісіі”.
XS
SM
MD
LG