Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бабкоў: Новы год – для дзяцей, Каляды – рэч для дарослых


Радыё Свабода Філёзаф, паэт, празаік і “будыст” – у жыцьці Ігара Бабкова здараюцца містычныя гісторыі, якія можна разгадаць, чытаючы ягоныя творы. Ігар Бабкоў кажа, што толькі ў песьні Касі Камоцкай на верш Міхала Анемпадыстава сучасныя беларусы “зь дзяцінства чакалі Каляды”. Для большасьці гарадзкіх беларусаў калядная традыцыя пачала вяртацца ад канца 1980-х. Зь Ігарам Бабковым гутарыць Севярын Квяткоўскі.

(Карэспандэнт: ) “Мы гутарым зь Ігарам бабковым у цэнтры Менску, у кавярні якая завецца “Акварыюм”. Ігар, для цябе калядны настрой, навагодні настрой – штосьці больш зьвязанае зь дзяцінствам і юнацтвам. Ці штосьці падобнае застаецца дагэтуль?”

(Бабкоў: ) “Новы Год – канечне, дзяцінства. А Каляды – больш дарослая рэч, якая зьявілася ў маім жыцьці напрыканцы 1980-х разам з хваляй адраджэньня, беларушчыны… І якраз з гэтай нечаканасьцю было зьвязана шмат сьмешных гісторыяў і рознай блытаніны.

Вось я памятаю, як напрыканцы 1980-х мы вырашалі – як усё-ткі сьвяткаваць Каляды? Бо тыя Каляды, што мы зьбіраліся сьвяткаваць – гэта паганскія Каляды. Пры тым, мы культурна далучаліся да грэка-каталікоў. Пры тым я сам сабе вызначаў як будыста.

І вось, падчас гэтага сьвяткаваньня, а яно ўсё-ткі было паганскім, – тэлефонны званок. І хтосьці з маіх сяброў спрабуючы павіншаваць мяне з Калядамі радасна абвяшчае: “Хрыстос уваскрос!” Я памятаю, што адчуў штосьці ня тое. Бо Хрыстос мусіў уваскрэснуць крыху пазьней. Я не знайшоў нічога лепшага, як адказаць: “А ці вы ўпэўнены?”

Потым гэта ўсё ўвайшло ў норму: усе даведаліся калі, як, з кім, зь якімі стравамі трэба сьвяткаваць. Але напачатку быў поўны хаос і няяснасьць.

Для мяне ўнутрана Каляды застаюцца сьвятам сьмерці і ўваскрошаньня ня проста Бога-чалавека, а ўсяго Космасу”.

(Карэспандэнт: ) “А ў тваім жыцьці здараюцца містычныя гісторыі?”

(Бабкоў: ) “Здараюцца, але пра гэта я нікому не распавядаў”.

(Карэспандэнт: ) “Баісься, што не павераць, скажуць што вар’ят?”

(Бабкоў: ) “І гэта таксама, але хочацца пакінуць містыку чароўнае ў прываце. Хіба, у творчасьць яна будзе ўскосна прасочвацца”.

(Карэспандэнт: ) “Новы Год магчымы без алькаголю?”

(Бабкоў: ) “Магчымы, але навошта?”
XS
SM
MD
LG