Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскія мытнікі знайшлі 3 кіляграмы наркотыкаў у беларускім аўтобусе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ад 1 студзеня ў Польшчы падаражэлі, сярод іншага, газ і цыгарэты, аднак кошты некаторых харчоў – сьвініны, курынага мяса, зьменшацца. Менавіта па харчы жыхары памежных з Польшчай беларускіх рэгіёнаў і езьдзяць у суседнюю краіну. Ці ў сувязі з гэтым ва ўсходняй Польшчы чакаюць павелічэньня колькасьці беларускіх пакупнікоў? Наш карэспандэнт наведаў памежнае мястэчка Тэрэспаль.

Выходжу на памежным польскі пункце Тэрэспаль – на невялікай плошчы каля вакзала дзясяткі людзей, якія нелегальна прадаюць цыгарэты і гарэлку, каб потым набыць больш танныя, але якасныя польскія харчы – каўбасы, курынае мяса, яблыкі, цыбулю і гэтак далей.

Даведаўшыся, што сярод іх журналіст, гандляры хутка разыходзяцца ў розныя бакі – пагаварыць зь імі практычна немагчыма. Атрымліваецца запісаць толькі некалькі словаў.

(Гандляркі: ) "Цяжка цяпер. Едзем назад – беларусы правяраюць усё, усе торбы. Кіляграм мяса толькі дазваляюць, больш нельга”.

Асартымэнт крамаў каля вакзалу скірваны перадусім на попыт беларускіх чаўнакоў. Нягледзячы на тое, што сёлета некаторыя харчы патаньнеюць, ўладальнікі крамаў не разьлічваюць на тое, што колькасьць беларускіх пакупнікоў значна павялічыцца. Гаворыць уладальніца мясной крамы:

(Уладальніца: ) “Цяпер беларусаў значна менш, чым было калісьці. Наколькі я ведаю, справа ня ў тым, што яны ня хочуць купляць нашыя прадукты, але ў тым, што беларускія мытнікі забараняюць ім увозіць польскія прадукты ў Беларусь. Церпяць усе – і гандляры і пакупнікі. Нават на кірмашы цяпер цяжка беларусаў сустрэць”.

І аптэкі:

(Уладальніца аптэкі: ) “У мяне былі беларускія кліенты на лекі – куплялі нешта пры нагодзе, калі былі на кірмашы”.

Таксіст, што вязе мяне ў цэнтар памежнага гораду, таксама наракае на адсутнасьць беларусаў.

(Таксіст: ) “Калісьці была зусім іншая сытуацыя. Для нас гэта дрэнна, але і для беларусаў хіба таксама. І я купляў у іх некаторыя беларускія рэчы –грыбы, памятаю, ніткі – калі гандаль ідзе без перашкодаў, натуральна, што ўсім добра”.

На чыгуначным вакзале прадавачка білетаў сьведчыць – значна менш беларусаў наведваюць цяпер памежны горад.

(Касірка: ) “Мала, вельмі мала беларусаў. І на кірмашы таксама мала. Нават перад сьвятамі няшмат прыяжджае”.

Такім чынам, зьмена нормаў на ўвоз у Беларусь харочвых прадуктаў з Польшчы паўплывала на памежны гандаль. Прычым прайгралі і беларусы і палякі, якія жывуць у памежнай зоне.

***

Сёньня ж у беларускім аўтобусе, які ехаў зь Берасьця ў Варшаву, на памежным пераходзе ў Тэрэспалі польскія мытнікі знайшлі тры кіляграмы наркотыкаў, вартасьць якіх – каля 70 тысячаў даляраў.

У аўтобусе паміж крэсламі быў знойдзены пакунак з трыма кіляграмамі парашку – 2,5 кг зі іх гэта амфітамін, а паўкіляграма – гераін.

Кіроўца аўтобусу Іван К. затрыманы польскай паліцыяй.
XS
SM
MD
LG