Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Зянон Пазьняк


Зянон Пазьняк, Варшава Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістымі думкамі пра пражытае і перажытае ў апошні тыдзень 2005 году са слухачамі “Свабоды” дзеліцца лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ “Адраджэньне”, кандыдат на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі Зянон Пазьняк.

25 сьнежня, нядзеля

Сёньня любімае сьвята майго дзяцінства — Нараджэньне Хрыстова, ці Каляды. Апанавалі ўспаміны. Чым далей жывеш, тым больш сэрца імкнецца ў пачатак. Можа таму, што разлучыўся з Бацькаўшчынай. Тут найлепш разумею Міцкевіча. Толькі беларус мог гэтак шчымець па Радзіме. А зрэшты — кожны чалавек.

Вырашыў сёньня хоць бы паўдня нічога не рабіць. Бо сьвятасьць. Калі працаваць у сьвяты, жыцьцё можа стацца шэрым і невыносным. Нельга безь сьвятога, безь любові, без адпачынку, без абавязковага думаньня пра абавязковыя зьявы.

Глядзеў па тэлебачаньні жывы рэпартаж з Рыму. Не прагучэла вітаньня ні па-беларуску, ні па-ўкраінску, ні па-чэску, хоць усе чакалі свайго. Прычыну растлумачылі. Але яна ня мае значэньня. У Яна Паўла II не было прычынаў.

На пляцы перад саборам Пятра ўсе колеры і расы — маліцьвенныя італьянцы, кітайцы, афрыканцы… Хрысьціянства зьяднала Эўропу, стварыла нечуваную раней цывілізацыю, якая перажывае цяпер зьмярканьне. Шмат прычынаў духоўнага рэгрэсу і крызісу Эўропы. Але галоўная прычына — адмаўленьне ад хрысьціянства, ад імкненьня да вечных каштоўнасьцяў, ад веры ў Бога.

Эўропа пераменьваецца на вачах (зрэшты, як і Амэрыка). Такое адчуваньне, што адчынілася скрынка Пандоры. Геданізм становіцца нормай этычнага існаваньня. Эўрапейцы перастаюць ствараць, не імкнуцца рабіць, трацяць удзел у кваліфікаванай працы, усё хочуць скінуць на танных эмігрантаў з былых калёніяў, пакінуўшы сабе кіраваньне, грошы і задавальненьні. Ствараецца гэткі “хатні нэакаляніялізм”. Але працэсы ідуць такія ж, як некалі ў калёніях. І калі яны ня спыняцца, то Індыя 1950-х паўторыцца ў Вялікабрытаніі.

Выказваньне Міцкевіча аб заваяваньні Эўропы (а Міцкевіч быў геній) робяцца рэальнасьцю. Зьмяніўся характар войнаў. Але стэрэатыпы думаньня настолькі моцныя, што не дазваляюць бачыць відавочнае.

Беларусы дванаццаць гадоў ня могуць усьвядоміць, што сталі ахвярай новага віду вайны — захопу ўлады знутры крэатурай чужой дзяржавы празь дзейнасьць спэцслужбаў разьведкі. Зьнішчылі герб і сьцяг, зьнішчылі кнігі, нацыянальнае тэлебачаньне, радыё, мову, дабіваюць культуру, далі прыярытэтныя правы чужому насельніцтву, плююць і рагочуць проста ў твар, а беларусы яшчэ нічога не разумеюць, што сталася і што адбываецца. Некаторыя нават радуюцца, думаюць — дожджык ідзе.

Нешта аналягічнае адбываецца ў Эўропе. Эўрапейскі нэакаляніялізм пайшоў у адваротным кірунку. Калёніі займаюць тэрыторыі былых мэтраполіяў і стыхійна, крок за крокам, мэнтальна і дэмаграфічна падпарадкоўваюць стары кантынэнт, застаючыся сабой.

Дэградацыя інтэлекту лібэральнага эўрапейскага сьвету зайшла настолькі глыбока, што ніхто зь іх ня здольны ўжо рэальна і адэкватна думаць пра эўрапейскую будучыню, ці хоць бы ўявіць, што іх чакае. Яны паўтараюць свае хімэры пра “мультыкультурнае” ды шматрасавае грамадзтва, пра фальшывыя “правы чалавека” і гавораць пра новы Бабілён, афіцыйна адмаўляючыся ад хрысьціянства, ад хрысьціянскай культуры, ад нацыянальных традыцыяў і нават ад гісторыі. Усё выглядае неверагодна і ненатуральна, як камунізм і ягоныя антылюдзкія практыкі на Ўсходзе. Але калі ўсьвядоміць, што лібэралізм — гэта ёсьць камунізм, вывернуты навыварат, то ўсё становіцца зразумелым.

Лібэралізм — гэта вывернутая ўтроба камунізму, толькі без таталітарнай абалонкі. Гэта тое, што сядзела ў чэраве камунізму, у ягоных кішках і комплексах, у падсьвядомасьці бязбожнага розуму. Зірнем, як імгненна перакулілася ў лібэралаў камуністычная намэнклятура так званага сацлягеру, як нагу ў бот уставіла. Тут табе і алігархія, і мільёны, і дэмакратыя на разьліў, і свабода поглядаў на свабоду, на мараль, на сям’ю і дзяржаву. Усё прыватызавалі, усё абпошлілі, усё ператварылі ў тавар, усіх аблапошылі — і рак ня сьвіснуў.

26 сьнежня, панядзелак

Другі дзень Калядаў. Варшава замерла. Усе сьвяткуюць.

З раніцы — рассылка матэрыялаў у сеціва. Ярмошына адмоўна выказалася пра мяне ў друку. Яе хамаваты дэмарш — гэта агітацыя за тое, каб ЦВК прыняла антызаконнае рашэньне і не зарэгістравала маю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў на выбары. Сёньня ж Юры Беленькі падрыхтаваў заяву ў пракуратуру аб парушэньні гэтай асобай артыкулу 47 Выбарчага кодэксу Беларусі.

27 сьнежня, аўторак

Ураньні мне паведамілі, што маю ініцыятыўную групу зарэгістравалі. У 12.30 варшаўскага часу я патэлефанаваў у Менск кіраўніку ініцыятыўнай групы С.Папкову. Замест Папкова ў слухаўцы хамаваты расейскі голас: “Абонент отключён”. Празь нейкі час звоніць мне прэсавы сакратар Валеры Буйвал: “Віншуем! Пачалося. Правакацыя. Папкоў у міліцыі”.

Сказалі, што спадар Папкоў даў на абмен нібыта фальшывую купюру. Гэта было зроблена, каб пранікнуць у кватэру Папкова. Пачалі незаконны ператрус, цікавіліся партыйнымі дакумэнтамі й паперамі. Забыліся нават пра “фальшывыя грошы”.

28 сьнежня, серада

З раніцы некалькі спатканьняў. Сур’ёзнае пытаньне пра структуры ўлады і пра кадры. Праблема прафэсійнай палітыкі. Ня кожны змагар здольны кіраваць дзяржавай. Для мяне, думаючы пра прэзыдэнцтва, гэта ўжо галаўны боль.

Паглядзеў форумы ў сеціве. Гэб’ё проста завыла ў Інтэрнэце супраць мяне. Але ўзровень! Вулічная лаянка. Зрэшты, яна не змаўкае ўжо 17 гадоў.

29 сьнежня, чацьвер

Зноў фальшыва загаварылі аб маім вяртаньні. За гады прамаскоўскага рэжыму ніводная прафэсія ў Беларусі не дэградавала так нізка, як журналістыка. Асноўная прычына дэградацыі — праца на антыбеларускія органы. Памятаю, як ёрнічаў некалі такі Алесь Сіліч: “Приезжайте, Зенон Станиславович, будем вместе бороться за Беларусь”. Потым гэтага Сіліча перакінулі ў Бэльгію ў якасьці “палітуцекача”. Там гэтай публікі сабралася столькі, што пастваралі нават свае прарасейскія “белорусские центры”, уступілі ў кантакт з бэльгійскай разьведкай, даносяць на беларусаў і нішчаць беларускіх адраджэнцаў.

Але беларусу розуму ня ўставіш, усё роўна на краі курапацкай ямы будзе шчыра пытацца: “За што?” За сямнаццаць гадоў дзейнасьці Фронту, спатыкаючыся зь людзьмі, мяне найбольш зьдзіўляе тое, што беларус нічому ня вучыцца ў палітыцы. Нейкія падлеткавыя ўяўленьні. 125 разоў будзе наступаць на адны і тыя ж граблі і калі атрымае па ілбе 1000 разоў, дык абавязкова наступіць ў 1001-шы. Тым часам, здольны, разумны і кемлівы народ. У чым жа прычына парадоксу?

Прычына зразумелая, ці як цяпер кажуць, адназначная: адсутнасьць нацыянальнай ідэі ў душы. Калі паезьдзіш па сьвеце, то вельмі добра ўсё відаць. Нават разумны чалавек без нацыянальнага паняцьця і без ідэі ў сэрцы, якая карэньнямі зьвязвае яго з нацыяй, выглядае нікчэмным дурнем, які ня ведае элемэнтарнага — што такое добра і што такое дрэнна.

Вяртаюся думкамі ў драматычны 1995 год. Высокі чын з КДБ спаткаўся зь некаторымі маімі паплечнікамі і папярэдзіў, што рыхтуецца “ліквідацыя” мяне (забойства) і што КДБ у гэтым пляне ня ўдзельнічае. Празь нейкі час пра гэта ж сказаў кіраўнік важнай структуры Саўміну, а самая высокая асоба ўраду Беларусі сказала Сяргею Навумчыку літаральна гэтак: “Намячаюцца дрэнныя справы з Пазьняком. Калі што здарыцца, вось тэлефон куды званіць”.

28 красавіка С.Навумчык напісаў пра пагрозы ў газэце “Свабода” (“Апазыцыю папярэджваюць…”). Мяркую, што гэта прытармазіла забойства.

У 1996 годзе, аднак, прыйшлося тэрмінова выехаць зь Беларусі. У красавіку таго ж году, калі я нечакана вярнуўся, зрабілі аблаву. Спэцназ штурмаваў сядзібу БНФ, дзе я знаходзіўся. Потым Лукашэнка выклікаў на дыван кіраўніцтва сілавых структураў і ўсіх аблаяў за тое, што “не злавілі Пазьняка”. (Пра гэта гл. “Свабода”. 1996. 3 траўня). Тады ж зьявілася распараджэньне Лукашэнкі для памежнікаў: “Грамадзянаў РБ Пазьняка З.С., Навумчыка С.І. Пры выезьдзе-ўезьдзе затрымаць” (Гл. “Свабода”. 1996. 21 траўня), і вусны загад страляць на паражэньне ў выпадку непадпарадкаваньня.

Ужо будучы афіцыйна запрошаныя ў ЗША, мы зь Сяргеем Навумчыкам даведаліся, што рыхтуецца “нэўтралізацыя” нас у Польшчы, куды мы павінны былі вярнуцца. (Зразумела, што тут была замяшаная Масква.) Чамусьці гэта публічна выбалбатаў у расейскай Думе камуніст-дэпутат В.Ілюхін. Пачаўся скандал.

Мы праверылі гэтую інфармацыю ў вельмі сур’ёзных і вартых даверу крыніцах. Усё пацьвердзілася. У Польшчу вяртацца было нельга. Мы вырашылі прасіць палітычнага азылю ў ЗША. Варыянтаў не было. Пытаньне стаяла нават не пра свабоду, а пра пазбаўленьне жыцьця. Рыхтавалі забойства. (Мяне, ва ўсякім разе, чакала толькі сьмерць.) Гэта, дарэчы, адразу зразумеў Васіль Быкаў і падтрымаў нас.

Ёрніцтва “журналісьцікаў” на гэтым фоне выглядае асабліва гнюсна. Тым больш, што некаторых палітыкаў ужо зьнішчылі.

3 сьнежня, пятніца

З раніцы — круцёлка. Правёў некалькі перамоваў аб выбарах у Беларусі і аб канкрэтных справах. Але сэнсу мала. Палітычны алімп Варшавы апусьцеў — усе на калядных вакацыях. Набліжаецца Новы год — час, калі трэба падумаць пра лёс.

Я пастаянна адчуваю Божую Ласку ў сваім лёсе і ў думках зьвяртаюся да Ўсявышняга. Гэта дзівоснае ўсьведамленьне — адчуваньне падтрымкі Найвышэйшай Сілы. Само тое, што ўдалося да гэтага часу, у гэтых цяжкіх сытуацыях палітычнай эміграцыі выжыць разам зь сям’ёй, змагацца і працаваць дзеля Бацькаўшчыны — усё гэта ёсьць для мяне цудам і дарам Божым, за які я ўдзячны Богу зьдзіўлена і маліцьвенна.

Хай жа распрасьціраецца Ласка Ягоная над Беларусяй! Хай вечна жыве наш вялікі і моцны Беларускі Народ!
XS
SM
MD
LG