Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Са зьдзіўленьнем даведаўся, што газаправод, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі Лукашэнка прадаў Расеі – кіраўнік распрадае краіну"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 1 студзеня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Арганізатары на сваю карысьць выбараў бяз выбараў, спэктакля пад назвай “выбары” альбо “як стаць пажыцьцёвым прэзыдэнтам” сьцьвярджаюць, што кандыдат у прэзыдэнты павінен жыць у Беларусі 10 апошніх год. Жыць. А калі жыць не даюць? Калі замест жыцьця ўлады ствараюць атмасфэру пагоні, паляваньне на дзеячоў апазыцыі, іншадумцаў. Дзе зараз Захаранка, Ганчар, Завадзкі, журналісты Вераніка Чаркасава, Васіль Гроднікаў, артысты Юры Авяр’янаў з тэатра Янкі Купалы? Ім не далі жыць. Зянон Станіслававіч Пазьняк пазьбег лёсу Ганчара, бо сумеў высьлізнуць з лап АМОНу. Таму патрабаваньне жыць 10 год на Беларусі Зянона Пазьняка ня тычыцца, бо ён мае статус палітычнага ўцекача, і гэта надае яму перавагу перад кандыдатурай Лукашэнкі, які адседзеў сваіх два тэрміны, нават больш за два тэрміны, па Канстытуцыі.

Са зьдзіўленьнем даведаўся, што газаправод, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі Лукашэнка прадаў Расеі. А хто дазволіў? Кіраўнік распрадае краіну, у спадзяваньні ўсё прадаць і перасесьці ў крэсла Крамля.

Пазьняк – разумная галава, пятнаццаць год таму прапанаваў пабудаваць чарнаморска-балтыйскі энэргетычны калектар, каб незалежнасьць была не на языку, а на справе. Прайшло столькі часу! І што? А нічога! Расея будзе ўсіх шантажыраваць і навязваць свой дыктат”.

(Спадар: ) “Паважаныя слухачы!

Несправедливо в одни руки власть народа отдавать! Наши скоро уйдут муки, когда парламент будет управлять!

Трэба выбіраць парлямэнцкую рэспубліку! Вось аб чым прашу беларусаў”.

(Алесь Гагін, Смаргонь: ) “Паважанае Радыё Свабода! З Новым Годам! Жадаю посьпехаў у працы! Дзякуй за цікавыя перадачы. Да сустрэчы на хвалях Свабоды ў новым годзе”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт таго, як галасы свабоды выбіраюць чалавека году. Там вар’іруюць на поўным сур’ёзе Хадаркоўскі, жулік, злодзей, які абрабаваў свой народ і вар’ятка Навадворская. Бог ты мой! Гэта толькі Свабода на расейскай мове можа такое прыдумаць. Сьмеху варта!”

(Спадар: ) “Віншую супрацоўнікаў Радыё Свабода з надыходзячым Новым Годам! Жадаю посьпехаў і плёну ў далейшай працы! Але, думаю, каб дасягнуць сэрца кожнага беларуса і ўзьняць яго сьвядомасьць да сьвядомасьці працаўнікоў цывілізаваных краінаў, то трэба яшчэ працаваць доўгія-доўгія гады”.

(Дзед Іван: ) “Радыё Свабода пытаецца, якая найбольш важная падзея была ў 2005 годзе. Хіба ж вы, каханенькія, родныя, ня ведаеце? Радыё, дзяржаўныя газэты і тэлебачаньне кожны дзень гавораць аб тым, якія вялізарныя посьпехі дасягнуты ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сфэры. Усё б гэта было б выдатна, калі б не было б хлусьнёй. Дык вось, важней за ўсё ў 2005 годзе была гэтая хлусьня, важней усякіх дасягненьняў!

Дзякуй вам за вашую працу! Посьпехаў, плёну ў працы!”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, Шаноўная Свабода! Хачу павіншаваць вас з Новым Годам! Самага найлепшага вам, шчасьця, здароўя ўсім, посьпехаў!”

(Спадар: ) “З надыходзячым новым годам, свабода! Але цікавыя ў вас там рэчы адбываюцца. Колькі там Аляксандар Лукашук папрацаваў на Аўганістан, год ці болей, і ўжо за гэты час даведаўся, што там слухае Радыё Свабоду, калі не памыляўся, ён заявіў, 15 мільёнаў чалавек. А я слухаю вашае радыё па-беларуску амаль ужо 10 гадоў. І ні разу вы не паведамілі нам, колькі насамрэч у Беларусі можа быць вашых слухачоў, нават нейкія ўскосныя лічбы.

Хацелася, каб у новым годзе вы зрабілі яшчэ і вандроўку па Чэхіі! А то ўжо надакучыла слухаць пра вашыя па вандроўкі па нашых вёсках”.

(Эвальд Гатоўскі: ) “Думка на год Сабакі.

Калі згінуць майстры бед, Шчэ мой стары дыябет, Беззаконьне, хамства ўлад, Вось тады я буду рад!

Усім вам добрага здароўя і самому Аляксандру Лукашуку, бо зь ім прыйдзе новае змаганьне, зь ім прыйдуць новыя ідэі. Добрага-добрага здароўя і шчасьця нам усім! Жыве Беларусь і шчасьце беларуса!”

(Сяргей Фёдаравіч Барысаў: ) “Я геоляг. Вашы перадачы слухаю рэгулярна на працягу некалькі год. Перадачы слухаю па прымачу “Акіян”. Перадачы слухаю на розных хвалях, але лепшая чутнасьць у дыяпазоне 30,0-31,5. Пры чым перадачы "Свабоды" і "Голаса Амэрыкі" чуваць ня проста добра, а вельмі добра, пры тым, што я жыву ў 9-ці павярховым доме! Канец тэлевізійнай антэнны я прымацоўваю да гнязда прыймача. І вось з дапамогі гэтай тэлевізійнай антэны вось такая добрая чутнасьць. Дзякую радыёінжынэрам Прагі і Вільні за такую іх добрую працу. Віншую вас з 2006 годам!”

(Мікалай Бельскі: ) “Спадары і панове! Мяркую, што выпады Зянона Станіслававіча наконт асабістага галасаваньня ня што іншае, як сабачая паслуга ўсенароднаабранаму судзьдзю і адвакату народнага дабрабыту. Ідэолягам савецкага патрыятызму надта далёкія ідэалы масавай жыцьцяздольнасьці, таму што на першае месца ставіцца самасуд, а ня божы суд. Вельмі цяжка ўявіць сабе нашага абаронцу ў ролі судзьдзі і адваката адначасова. Гэта грамадзкая палітыка, але сярэднявечча.

З Новым Годам незалежную рэдакцыю Радыё Свабода, сталых і новых яе слухачоў!”

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Я віншую ўсіх беларусаў і ўсіх слухачоў Радыё Свабоды з Новым Годам! Здароўя, шчасьця ў 2006 годзе! Асабліва хачу павіншаваць нашага Аляксандра Мілінкевіча з Новым Годам! І дай Бог, каб ён у 2006 годзе выйшаў у прэзыдэнты! А Лукашэнку ня дай Бог, не дапусьці яго да прэзыдэнцтва!

Прашу Аляксандра Мілінкевіча, калі ён будзе ехаць да нас у горад Мікашэвічы, дзе дабываюць граніт, хай прыяжджае ў суботу. Субота – базарны дзень, мнагалюдна”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! З Новым Годам вас яшчэ раз! Хачу павіншаваць Зянона Станіслававіча Пазьняка. Самага найлепшага ў новым гаду! Шаноўны Зянон Станіслававіч, мы, беларусы, за вас галасавалі і мы чакаем вас і цяпер у прэзыдэнты. Шаноўны Зянон Станіслававіч, мы добра ведаем, што вы абаранілі нас ад сьмерці ўсіх, што вы сябе падставілі, што не лічыліся з сабой. А хто вас не разумее – гэта не такая вялікая бяда. Яны потым зразумеюць, калі вы будзеце пры ўладзе.

Шаноўны Зянон Станіслававіч Пазьняк, шаноўны Шушкевіч, наш былы прэзыдэнт! Мы вас паважаем, цэнім і зноў чакаем да ўлады!”

(Спадар: ) “З Новым Годам, Свабода! Учора ад вас пачуў, што Беларусь адзіная краіна, яка не рэтрансьлюе перадачы "Свабоды". Напэўна, вы мелі на ўвазе "Свабоду" па-беларуску. Тады скажыце, якія станцыі рэтрансьлююцца на Беларусі? Справа ў тым, што ў мяне дома выдатна прымаюцца “Нямецкая хваля”, “Голас Амэрыкі”, “Свабода” на расейскай і ўкраінскай мовах, кітайскія радыёстанцыі на ўсіх мовах, руская, француская, ангельская, нават Ватыкан прымаю! Дык чаму ж тады так дрэнна прымаюцца вашыя перадачы? У чым справа? Няўжо ў Беларусі рэтрансьлюецца “Голас Амэрыкі” ці “Свабода” па-ўкраінску, па-руску? Можа наберацеся мужнасьці, самі ўласнаручна настроіце прымач і даведаецеся, які ідзе прыём”.

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Паслухаў сёньня ранішнюю вашу перадачу. Вы хоць аднойчы падтрымалі Аляксандра Яцкевіча, які напісаў верш памяці Быкава? Вы хоць раз падтрымалі Яцкевіча, які напісаў рок-баляду памяці Мулявіна? А мяне сёньня цягнуць у суд! А сядзець за мяжой і брахацца – гэта вельмі проста і складна! Я б таксама ня горш за іншых брахаў! Вы хоць раз засьвяцілі хоць нешта чалавека, якому, можа, мала засталося пажыць, які піша музыку, вершы, які графікай валодае на ўзроўні, які мае свой зборнік! У мяне грошаў няма выдаць яшчэ тры такія кнігі! Бессаромныя! Усе шарлатаны!

Вы паўгоду качалі бяздарныя фразы Барадуліна! Вы хоць адзін мой верш зачыталі? Вы хоць аднойчы адказалі, каб адчуваць падтрымку? Гаварыць, седзячы там, вельмі проста! Прыедзьце сюды і пакажыце сваю спрыту! Мне сёньня трэба ісьці на суд, а ў мяне няма грошаў. Няма грошаў на выданьне, нам грошаў, каб суд правесьці. Я ня ведаю, адкуль гэта ўсё круціцца і закручана. Усё!”

(Спадар: ) “Навагоднія пажаданьні.

Александр Григор''евич – человек! Он знает, как за себя постоять. Рога собьёт всем, кто будет на его пути! Ай, да молодец!

Вперёд к победе! Так держать! Бей налево и направо, Пока силёнка есть! Будут крепче почитать!"

(Спадар: ) “Што вы тут, апазыцыя, зьбіраеце? Што вы прошлае ўзгадваеце, нейкія гісторыі прыдумляеце? Трэба думаць, як селяніну да вясны, да пасяўной рыхтавацца, трэба тэхніку рамантаваць! А то палітыкай заняліся. Тут трэба пра селяніна думаць, а не палітыкай займацца!”

(Спадарыня: ) “Наконт прадвызначанасьці вынікаў выбараў скажу так. Хутчэй за ўсё яны сапраўды прадвызначаныя. Аб гэтым сьведчаць і склад выбарчых камісіяў, і вынікі так званых апытаньняў, і іншае. Але, лічу, што кожны з нас усё роўна павінен прагаласаваць так, як яму падказвае сумленьне. А тыя, хто сфальшуе вынікі выбараў, перапіша альбо падтасуе пратаколы ці занясе ў акружныя камісіі чыстыя блянкі і там перапіша, упэўнена, што адкажуць за свой грэх, калі не па чалавечых законах, то па божых”.

(Спадар: ) “Тое, што робіць Расея наконт газу з Украінай чакае і нас! Калі да ўлады прыйдуць прыстойныя, сумленныя людзі пасьля Лукашэнкі, Расея выставіць свой ультыматум як зброю: падвысіць кошт газу да 500 даляраў за тысячу кубоў. Таму трэба хутчэй гнаць дыктатара-здрадніка і будаваць незалежную беларускую рыначную эканоміку!

Надышоў час, і Расея зьняла маску сябра сваіх суседзяў. Расея стала на шлях помсты Ўкраіне за яе дэмакратычны выбар, за аранжавую рэвалюцыю.

Расея разьвязала газавы тэрарызм. Пуціну мала вайны ў Чэчні, ён разьвязаў эканамічную вайну ў свабоднай Украіне. Масква не разьлічылася за генацыд украінскага народу ў 1933-м годзе, і зараз працягвае генацыд іншымі мэтадамі.

Расеі не ўдасца паставіць Украіну на калені! Жадаем перамогі ўкраінскаму народу! Сябра можна бачыць у бядзе, а Расея стварае бяду для ўсіх сваіх суседзяў!”
XS
SM
MD
LG