Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: хто вінаваты ў газавай вайне паміж Украінай і Расеяй?


Радыё Свабода, Гомель На гэтае пытаньне карэспандэнта "Свабоды" адказваюць суседзі ўкраінцаў — жыхары беларускага Гомелю.

(Пэнсіянэр: ) “Украіна! Ім давалі час, каб дамовіцца, а яны ня хочуць. Казалі, што да Новага году трэба вырашыць пытаньне. Прэзыдэнт Украіны не рэагуе на гэта. Цэны, канечне, для Ўкраіны высокія, па эканоміцы моцна стукне. Гэта відавочна, але ж трэба знаходзіць нейкі кампраміс”.

(Спадар: ) “Амэрыка вінавата і Захад. Украіна ўжо зарыентаваная на Захад. Там НАТО. Навошта Расеі карміць НАТО і Захад?”

(Спадарыня: ) “Я ня вельмі разьбіраюся ў міжнароднай палітыцы, але тут я магу сказаць, што прычына відавочная — украінскі ўрад ня хоча танчыць пад дудку расейскага ўраду. Расейскаму кіраўніцтву, якое, на жаль, не пазбавілася ад імпэрскіх амбіцыяў, гэта не падабаецца”.

(Спадар: ) “На маю думку, вінаваты Юшчанка — палез у НАТО”.

(Спадар: ) “Пуцін вінаваты. Ён прайграў выбары ва Ўкраіне. Яму трэба проста адпомсьціць. Расея купляе ў Туркмэніі газ за 63 даляры за 1000 кубамэтраў, а Ўкраіне прапануе за 230. Хіба ж гэта не палітыка?!”

(Хлапец: ) “Калі справядліва, то Расея. Праз украінскую тэрыторыю ідзе гэтая расейская газавая труба. Правільна? Адпаведна некалькі адсоткаў газу расейцы павінны аддаваць Украіне. Так і ў нас, у Беларусі, было. Расейцы таксама вымушаны аддаваць частку газу за тое, што карыстаюцца нашай тэрыторыяй”.

(Спадар: ) “Вінаватая Расея. Яна гэтыя краіны прыхваціла пад сябе, а потым быццам бы адпусьціла ў 1991 годзе. Насамрэч адпускаць ня хоча. Але ж браты могуць дамовіцца наконт цаны, умоваў пастаўкі газу — і ніякай варажнечы ня будзе. Расея, як заўсёды, робіць памылкі, якія потым сама ж будзе аплачваць”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што Ўкраіна вінавата. Яны немаведама што там твораць, таму ў іх і жыцьцё такое”.

(Пэнсіянэр: ) “Патрэбная двухбаковая згода — Пуціна і Юшчанкі. Згода патрэбна! А Юшчанка, ён падтрымлівае Злучаныя Штаты Амэрыкі. Сутнасьць справы ў гэтым. Юшчанка цягнецца да Амэрыкі”.

(Спадарыня: ) “Наколькі я ведаю, Украіна вінаватая”.

(Спадарыня: ) “Расея, канечне. Несправядліва Расея паступае”.

(Пэнсіянэр: ) “Крэмль — ён выкарыстоўвае некаторую залежнасьць ад газавай трубы. Гэта гнюсная помста Ўкраіне”.

Гл. таксама • Газавая вайна Ўкраіны і Расеі – дзень другі
XS
SM
MD
LG