Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2006: Незалежны друк змагаецца за выжываньне


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня, 2 студзеня, у Беларусі – выходны дзень у рэдакцыях недзяржаўных газэт, перадусім таму, што не працуюць друкарні. Напярэдадні карэспандэнт Радыё Свабода Вячаслаў Кулік цікавіўся плянамі і тэрмінамі выхаду незалежных выданьняў у гэтым годзе.

Першы ў гэтым годзе нумар тыднёвіка “Белгазета” пакуль спазьняецца да чытачоў. Прычыны тлумачыць намесьнік галоўнага рэдактара Віктар Марціновіч.

(Марціновіч: ) “Мы вырашылі прапусьціць адзін панядзелак, які прыпадае на 2 студзеня і на вельмі сьвяточныя дні. У наступных нумарах перадусім будзем удзяляць шмат увагі тэме прэзыдэнцкіх выбараў: якая сытуацыя ў штабах, хто і як працуе, у каго ёсьць шанцы сабраць подпісы. Таксама паспрабуем зрабіць прагноз палітычных і эканамічных падзеяў на 2006 год”.

Пра пляны “Мясцовай газэты” паведамляе зь Пінску яе рэдактар Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “Мы надалей будзем працягваць тое, што рабілі. Безумоўна, у першую чаргу – тыя навіны і падзеі, якія адбываюцца ў нашым горадзе. І таксама больш будзем даваць матэрыялаў, прысьвечаных выбарам. Паказваць іх усебакова, а ня так, як гэта робіць дзяржаўная прэса”.

Як стала вядома, у мінулым годзе Міністэрства інфармацыі вынесла 160 пісьмовых папярэджваньняў і перапыняла дзейнасьць 25 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Якім чынам гэта адбілася на газэтным рынку ў новым годзе?

Пра сытуацыю на сёньняшні дзень гаворыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) "“Белорусы и рынок” і “Белгазета” – толькі два гэтыя выданьні ўключаныя ў каталёг і змаглі правесьці падпіску. Ні “Наша ніва”, ні “Народная воля”, ні “БДГ. Деловая газета”, ні "Салідарнасьці" не ўдалося гэта зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) "Мы толькі што пачулі пра намеры пінскага незалежнага выданьня “Мясцовы час”. У гутарцы рэдактар сказаў, што сьвежы нумар чытачы атрымаюць непасрэдна ў рэдакцыі. Ці гэта рэцэпт для выжываньня газэты?"

(Бастунец: ) "Так, сапраўды гэта спрабуюць рабіць і ў Берасьце, і ў Барысаве, і ў Баранавічах, і ў Менску – у тых рэгіёнах, дзе засталася незалежная прэса. Гэта такі продаж газэты з папярэднім атрыманьнем сродкаў. Так, сапраўды, гэта адзін са шляхоў, якім пайшлі выданьні. Але, на жаль, ужо можна назваць цалкам вобласьці, дзе ня існуе незалежных грамадзка-палітычных выданьняў".
XS
SM
MD
LG