Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працавалася зборшчыкам подпісаў у першы дзень новага году?


Радыё Свабода, Гомель (эфір 1 студзеня) У Гомелі навагоднія сьвяты выбілі са звыклай каляіны многіх зборшчыкаў подпісаў з камандаў 8 патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі мандат. Бальшыня нават надзвычай актыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча адпачывала разам з усімі жыхарамі гораду. І толькі Марыя Багдановіч ды Андрэй Аксёнаў вырашылі праверыць, ці забыліся людзі падчас Новага году на прэзыдэнцкія выбары?

Першая адрэса, куды накіраваліся ў другой палове дня Марыя Багдановіч ды Андрэй Аксёнаў – дом №3 на пляцы Паўстаньня

(Багдановіч: ) “Добры дзень! З Новым годам вас! Мы прадстаўляем ініцыятыўную групу па вылучэньні Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. Калі вы падтрымліваеце гэтую ініцыятыву, хацелася б атрымаць ваш подпіс”.

Кватэру адчыніла пэнсіянэрка Вера Шапавалава. Яна адразу пагадзіла паставіць свой подпіс за Аляксандра Мілінкевіча. Патлумачыла, што нічога кепскага ня бачыць у тым, што да яе ў Новы год завіталі зборшчыкі подпісаў:

(Шапавалава: ) “Канечне, нічога страшнага. Абы толькі ня кепскія людзі”, – кажа пэнсіянэрка.

Паверхам ніжэй у кватэры гучыць музыка. Аднак малады гараджанін Максім хвілінаў на колькі перапыняе вясельле. Ён таксама ня супраць дапамагчы прэтэндэнтам на прэзыдэнцкі мандат:

(Максім: ) “Ні капелькі не перашкаджае. Гатовы дапамагчы кандыдатам”.

Чаму сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча вымушаны скарыстоўваць нават навагодні дзень дзеля збору подпісаў? Пра гэта кажа Андрэй Аксёнаў:

(Аксёнаў, па-расейску: ) “Атрымалася так, што наша ўлада адвяла мала часу дзеля падпісной кампаніі. Даводзіцца выкарыстоўваць дзе паўдня, дзе гадзіну, нават 15-20 хвілінаў, калі ёсьць магчымасьць”.

Ці апраўданы наагул збор подпісаў у сьвяточны дзень? Наколькі ён выніковы?

(Багдановіч: ) “Зь пераменным посьпехам. Недзе людзі вельмі ветлівыя, а недзе ставяцца зь недаверам. У іх ня той настрой, настрой – сьвяточны. Яны больш скіраваны на такія абыватальскія справы – выпіць, закусіць. У некаторых проста не хапае інфармацыі пра выбары”.

А як звычайныя гараджане ставяцца да збору подпісаў у сьвяточны дзень – першы дзень Новага году? Паслухаем некаторыя меркаваньні:

(Малады мужчына: ) “Новы год не для таго, каб хадзіць ды подпісы зьбіраць. Новы год – гэта сямейнае сьвята. Трэба расслабіцца, адпачыць, забыць пра ўсе гэтыя прэзыдэнцкія выбары і гэтак далей”.

(Хлапец: ) “У людзей сьвяточны настрой, а выбары (сьмяецца) – хіба ж гэта сьвята? Гэта трэба падумаць: што, за каго”.

(Мужчына: ) “Навошта сьвята зьмешваць з палітыкай?”

(Дзяўчына: ) “Сёньня людзі п''яненькія, адпачываюць. Пэўна, лепей да іх не падыходзіць”.

(Мужчына: ) “Я лічу, калі тэрмін адведзены, трэба любы час выкарыстоўваць, каб сабраць подпісы”.

Гэта былі думкі гамельчукоў наконт збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ў першы дзень новага году.

Гл.таксама • Як працавалі зборшчыкі подпісаў у Менску
XS
SM
MD
LG