Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы за Аляксандра Казуліна зьбірае Дзед Мароз


Уладзімер Глод, Менск У падземным пераходзе ад філярмоніі да Камароўскага рынку 2 студзеня подпісы дзеля вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна зьбіраў Дзед Мароз. Прыгледзеўшыся да старога, наш менскі карэспандэнт пазнаў у ім былога парлямэнтара Паўла Знаўца.

Першым свой подпіс у падтрымку Аляксандра Казуліна аддаў малады чалавек, якога завуць Леанід. Ён так тлумачыць свой выбар:

(Леанід: ) “Я чытаў пра розных кандыдатаў, і ён мне спадабаўся больш за іншых”.

Міхаіл Мікалаевіч, які наступным паставіў свой подпіс за рэгістрацыю былога рэктара ўнівэрсытэту, ужо на пэнсіі. Ён гаворыць, што два дні таму падпісаўся за Аляксандра Мілінкевіча, а сёньня хоча падтрымаць Аляксандра Казуліна. Менавіта ў іх ён бачыць палітыкаў, здольных супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам. А вось дзейны кіраўнік дзяржавы пэнсіянэру не падабаецца:

(Міхаіл Мікалаевіч: ) “Першы абраны наш прэзыдэнт Лукашэнка — надакучыў, не магу на яго глядзець і слухаць. Вось такое маё меркаваньне”.

Стаяць у пераходзе даволі холадна, таму я пацікавіўся ў спадара Знаўца, колькі часу ён звычайна праводзіць на гэтым месцы. Былы парлямэнтар распавёў пра свайго памочніка ў зборы подпісаў Зьмітра Камара:

(Знавец: ) “Ён выстаяў шэсьць гадзінаў. Але пасьля гэтага забалела горла, і сёньня ўзяў адпачынак. Бо інакш немагчыма, трэба падлячыцца”.

Павал Знавец гаворыць, што кожны другі, хто падыходзіць да яго, ведае, хто такі Казулін. І подпісы ставяць даволі актыўна.

(Знавец: ) “Пераважна моладзь. І тыя, хто ведаюць Казуліна па ўнівэрсытэце, па сыстэме адукацыі. Ведае яго больш як палова. І гэта вельмі ўражвальны фактар. І мне падаецца, што менавіта Казулін мае найбольшыя шанцы перамагчы Лукашэнку”.

Некаторыя сталыя людзі, якія падыходзілі да зборшчыка подпісаў, казалі, што ня бачаць альтэрнатывы Лукашэнку. Пэнсіянэр Аляксей Пятровіч цьвердзіць, што на постсавецкіх абшарах нідзе так добра не жывуць, як у Беларусі:

(Аляксей Пятровіч: ) “За два тэрміны відаць, што зроблена. Нідзе ў былых савецкіх рэспубліках так шмат добрага не зроблена. Я пэнсіянэр, ужо дваццаць год на пэнсіі. Канечне, хацелася б больш. Але ж я яшчэ і працую”.

Разьвітаўшыся з Паўлам Знаўцом, я падышоў да ЦУМу, дзе спадзяваўся пабачыць іншых зборшчыкаў подпісаў. Але каля крамы, якая, дарэчы, сёньня працавала, нікога зь іх не было. Не знайшоў я сябраў ініцыятыўных групаў магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты і каля ГУМу. Не было нікога відаць і на галоўнай вуліцы Менску, і на адрэзку ад ГУМу да Дому ўраду. Нікога не заўважыў і ў даўжэзным падземным пераходзе на станцыі мэтро “Інстытут культуры”.

Кіраўнікі ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, зь якімі я пасьля размаўляў па тэлефоне, казалі, што сёньня абсалютная бальшыня людзей адпачывае, т таму зборшчыкі подпісаў пераважна ходзяць па кватэрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG