Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 студзеня ў Польшчу патрапіла на 14% менш расейскага газу


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Варшава не выключае, што зьвернецца да расейскага боку ў справе павялічэньня транзыту газу ў Польшчу празь Беларусь. Польскія экспэрты кажуць, што спыненьне паставак расейскага газу ва Ўкраіну – гэта крок палітычны, які паказвае, што Расея выкарыстоўвае газ у якасьці перніка і пугі, і гэта сьведчыць аб тым, што Крэмль выступае супраць Віктара Юшчанкі, а Аляксандра Лукашэнку наадварот – падтрымлівае.

З усяго газу, які спажывае Польшча, прыкладна траціна паходзіць з уласных радовішчаў, а рэшта – амаль цалкам – з Расеі. Таму расейска-ўкраінскі канфлікт у значнай ступені датычыць і Польшчы – колькасьць газу, што паступае ў гэтую краіну транзытам праз украінскую тэрыторыю зьменшылася ў панядзелак на 14%.

Міністар эканомікі Польшчы Пётр Возьняк заяўляе, што падставаў да непакою пакуль няма.

(Возьняк: ) “Мы выкарыстаем газ з запасаў, якія ёсьць у краіне, а таксама будзем весьці перамовы аб павелічэньні транзыту гэтага паліва празь Беларусь, у тым ліку і зь "Белатрасгазам". Сытуацыя нагадвае падзеі 2004 году, калі Расея перакрыла пастаўкі газу ў Беларусь. Як тады, так і цяпер, праблемы могуць узьнікнуць у прадпрыемстваў, прыватныя карыстальнікі не адчуюць недахопу газу”.

Паводле польскага міністра, напрыканцы 1990-х гадоў Варшава вяла інтэнсіўныя перамовы ад пастаўках газу з Нарвэгіі і Даніі, але посткамуністычны ўрад Лешка Мілера, які прыйшоў да ўлады ў 2001 годзе спыніў гэтыя перагаворы.

Цяпер новыя польскія ўлады маюць намер як мага хутчэй аднавіць гэтыя перамовы, каб пазбавіцца залежнасьці ад Расеі, якая выкарыстоўвае газ у якасьці палітычнага інструмэнту.

(Рэпарцёр: ) “Паслухмяная Беларусь плаціць Маскве за газ амаль у пяць разоў менш, чым празаходняя Украіна”, – такія камэнтары гучаць цяпер у Польшчы паўсюль.

“Трэба зрабіць усё, каб пазбавіцца залежнасьці ад "Газпрому". Гэта ня менш важна, чым вывад на пачатку дзевяностых з польскай тэрыторыі савецкіх войскаў”, – напісаў сёньня аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG