Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Подпісы зьбіраць прыёмна, нягледзячы на холад...”


Радыё Свабода У першы дзень Новага года сябры ініцыятыўных групаў працягвалі збор подпісаў выбарнікаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі сваіх прэтэндэнтаў. Наш карэспандэнт цікавіўся, як ішоў збор подпісаў у цэнтры Менску.

Каля Кастрычніцкай плошчы ў Менску зьбіралі подпісы сябры ініцыятыўных групаў Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка. Прадстаўнікоў іншых кандыдатаў не было.

(Спадар: ) “Аляксандар Мілінкевіч – адзіны кандыдат ад дэмакрытчных сіл. Зьбіраем подпісы…”

Такім чынам сябры ініцыятыўнай групы, якія таксама мелі партрэты спадара Мілінкевіча, зьвярталі ўвагу мінакоў. І людзі спыняліся, цікавіліся, хто такі Мілінкевіч, а некаторыя тут жа даставалі пашпарты і падпісваліся.

(Спадарыня: ) “Ну, вось ішлі тут, выйшлі першага студзеня на шпацыр і бачым, што стаяць, таму вырашылі падпісацца за Мілінкевіча. У мяне пашпарт ўвесь час з сабою. У мужа няма, а ў мяне з сабой, таму я адразу вырашыла падпісацца”.

(Спадар: ) “Трэба памяняць прэзыдэнта. Нельга рабіць так, каб адзін прэзыдэнт быў столькі многа часу”.

(Пэнсыянэр: ) “Толькі за яго буду галасаваць. Ён адлюстроўвае мае пачуцьці. Я падтрымліваю Мілінкевіча”.

Сябра ініцыятыўнай групы Віктар Кавальчук гаворыць, што збор подпісаў ідзе вельмі добра. 31 сьнежня ў раёне Камароўскага рынку стаялі нават чэргі па чалавек дзесяць, якія жадалі падпісацца. Некаторыя зборшчыкі подпісаў пераапрануліся ў Дзеда Мароза. А вось першага студзеня людна было толькі ў цэнтры Менску і ў месцах правядзеньня нейкіх забаўляльных навагодніх мерапрыемстваў.

(Кавальчук:) “ Мы стаім тут, каля ўніверсаму “Цэнтральны”. Мы самі з Савецкага раёну, але там сёньня не зьбіраюцца подпісы, там людзей даволі мала. Тут людзі ходзяць, подпісы зьбіраюцца вельмі добра. Дзень, безумоўна, мёртвы, таму што людзі адыходзяць пасьля сьвятаў, сядзяць дома, сьвяткуюць Новы год. Вельмі шмат людзей ходзіць без пашпартоў. Але бачаць па меньшай меры нашага кандыдата, гатовы за яго падпісацца. Подпісы зьбіраюцца, можаце паглядзець на падпісныя лісты, яны поўныя”.

Месца каля ўнівэрсаму было ўзгоднена з міліцыяй і яна не перашкаджала ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча. А вось сябрам ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якія стаялі якраз насупраць, давялося спыніць сваю працу. Да іх падыйшлі міліцыянты і сказалі, што трэба ўзяць дазвол на збор подпісаў і паслалі іх шукаць нейкага маёра.

(Тацяна: ) “Гэта парушэньне выбарчага кодэксу, бо я яму паказала пасьведчаньне, пашпарт. А ён замінае збору подпісаў. Міліцыянты перашкаджаюць зьбіраць подпісы, як толькі чуюць імя Пазьняка, адразу перашкаджаюць. Мы таксама ўчора стаялі і таксама перашкаджалі”.

Але параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй звычайныя грамадзяне рэагуюць іначай. Такую выснову робіць сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Алесь Кір’янаў.

(Кір’янаў: ) “ Агрэсыўных, злых людзей амаль што няма. Людзі падыходзяць, цікавяцца. Раней пэнсыянэры з кульбакамі кідаліся, каб уцяць цябе... Такога ўжо няма, ужо пачынаюць задумвацца, неяк не спрачаюцца. Подпісы зьбіраць сёньня прыемна, нягледзячы на холад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG