Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль “Вялікае княства Паэзіі” ў Кіеве


Сёньня ў будынку Саюзу пісьменьнікаў Украіны ў Кіеве праходзіць трэці фэстываль "Вялікае княства Паэзіі".


У фэстывалі бяруць удзел паэты з Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы. Беларусь прадстаўляюць Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч і Ўладзімер Арлоў.

Уладзімер Арлоў: “Літаратурная акцыя "Magnus Ducatus Poesis" мае ўжо трэці адрас. Першым быў Менск, другім – Вільня, і трэці – Кіеў. Асабіста мяне гэты праект прывабіў тым, што ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі народаў былога Вялікага княства Літоўскага. Я думаю, што гэта вельмі істотна і для нашых сучасных літаратураў, і гэта істотна і для нашых краінаў, якія, безумоўна, зноў узьяднаюцца ў межах Эўразьвязу”.

Папулярны кіеўскі літаратар Сяргей Жадан падкрэсьліў цікавасьць да беларускай літаратуры ва Ўкраіне.

“Я хачу перадаць беларускай публіцы, што ва Ўкраіне ўжо сёньня існуе вялікі інтарэс да таго, што адбываецца ў Беларусі – і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў культуры. Калі ёсьць інтарэс, я думаю, яго трэба задавальняць, трэба больш перакладаць зь беларускай мовы, бо мне здаецца, што ў Беларусі сёньня надзвычайна цікавая маладая літаратура, і патрэбна знаёміць зь ёю ўкраінскага чытача”.

Гэтую тэзу падтрымаў Андрэй Хадановіч, які з Кіева паедзе ў Харкаў на паэтычнае сьвята "Харкаўская барыкада". Сёньня ён атрымаў прэмію ўкраінскага часопісу “Сучасність".

“Цешыць, што ўдалося напраўду сабраць 5-8, можа быць, дзесяць, можа нават болей сымпатычных паэтаў, напраўду някепскіх, добрых паэтаў, якія пішуць на розных мовах, разумеюць адзін аднаго, перакладаюць адзін аднаго. Відаць, самае сымпатычнае, што ёсьць у гэтай ідэі – гэта шматмоўнасьць і ўзаемны пераклад паэзіі. У выніку сёлета паўстала сымпатычная анталёгія, велізарная шыкоўная таміна паэтаў-удзельнікаў "Вялікага княства Паэзіі", кожны зь якіх прапісаны ня толькі ў арыгінале, але ў чатырох моўных вэрсіях”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG