Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маскоўскія будаўнічыя фірмы прапішуцца ў Беларусі


У той час, як беларусы едуць працаваць на будоўлі ў Расею, расейскія кампаніі пачынаюць заваёўваць беларускі рынак будаўніцтва жытла.


Ужо ў першым квартале 2009 году маскоўскія будаўнічыя арганізацыі маюцца здаць у Менску першыя жылыя дамы.

Падчас паседжаньня Рады дзелавога супрацоўніцтва Масквы і Беларусі першы намесьнік кіраўніка Дэпартамэнту горадабудаўнічай палітыкі Масквы Канстанцін Каралеўскі паведаміў, што маскоўскія будаўнікі ўжо напачатку 2009 года здадуць першую чаргу жылога комплексу плошчай 130 тысяч квадратных мэтраў на праспэкце Дзяржынскага ў Менску.

Гэтаксама сіламі расейскіх будаўнічых трэстаў у раёне рынку “Ждановічы” будуць узьведзеныя жылыя дамы з падземнымі паркінгамі. Прычым, будаваць расейскі бок плянуе ўдарнымі тэмпамі: праект плянаваньня жытла маецца ўзгадніць да канца красавіка 2008 года, будаўнічыя працы пачнуцца пры канцы наступнага году, а ўлазіны жыльцы будуць адзначаць ўжо ў першым паўгодзьдзі 2009-га.

Самастойна жыльлёвую праграму не адужаць

Начальнік упраўленьня жыльлёвага будаўніцтва Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Аляксандар Горваль кажа, што ставіць пад сумнеў прафэсіяналізм беларускіх спэцыялістаў не выпадае. Іншая справа, што, згодна з урадавай праграмай на ўзьвядзеньне жыльля, кожны год трэба дадаваць да папярэдняга па 500 тысяч квадратных мэтраў жыльля. Але, як выказаўся спэцыяліст, сілаў не хапае і самастойна справіцца з такой задачай пакуль складана. З гэтай прычыны і было вырашана прыцягнуць расейкіх будаўнікоў:

“Такія міжурадавыя пагадненьні існуюць. Справа ў тым, што не хапае ў нас будаўнічых магутнасьцяў для таго, каб будаваць у патрэбным аб’ёме. Цяперашняе нібыта “многа” для нас усё адно мала. Але ўласных магутнасьцяў на большае не хапае. Вы чулі, што прэзыдэнт наш сказаў? Аб’ёмы будаўніцтва трэба павялічыць удвая! І ён мае рацыю пры той чарзе на жытло, якая зараз існуе. То бок, сілёнак не хапае, а магутнасьці самі па сабе хутка не нарастаюць. Таму можна нарасьціць толькі коштам прыцягненьня староньніх арганізацый. Трэба выкарыстоўваць магчымасьці зь іншых рэсурсаў”.

У адным толькі Менску тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў ці ўвогуле ня маюць свайго кута – каля 150 тысяч. Па краіне такіх людзей больш за паўмільёна. Аднак, ня гледзячы на зьнешне пазытыўную статыстыку будаўніцтва, актуальнасьць пытаньня не зьнікае. На ўзроўні ўраду праблему чэргаў у Беларусі абяцаюць зьліквідаваць да 2015 году. Але пры гэтым тэмпы будаўніцтва павінны перавышаць 7,5 мільёнаў квадратных мэтраў на год – да таго ж, як ужо ўдакладніў спадар Горваль, з паўмільённым штогадовым прыростам.

“Дом Масквы” на касьцях Старажоўкі

Бліжэйшым часам у Менску будзе адкрыты “Дом Масквы” агульнай плошчай больш за 6 тысяч квадратных мэтраў. На аб’екце гэтаксама працуюць маскоўскія будаўнікі. Аднак гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа, што 4-павярховы маскоўскі цэнтар з падземным паркінгам супярэчыць усяму кантэксту гістарычнай забудовы ў цэнтры сталіцы:

“Разам з рэалізацыяй жылога і офіснага комплексу па вуліцы Старавіленскай (гэта другая палова Траецкага прадмесьця), пэрпэндыкулярна да шматпавярховага будынка, дзе месьціцца крама “Панарама”, і пасьля пабудовы “Дому Масквы” на 3 гэктарах Старажоўскіх могілак са зносам будынкаў 1940-1950 гадоў, па вялікаму рахунку, не так ужо істотна – засталіся там два старыя дамы – не засталіся. Бо ў любым выпадку гэта будзе нешта зусім новае, ні чым не зьвязанае мэнтальна, духоўна з папярэднімі эпохамі. Канец рэалізацыі гэтых праектаў намечаны на 2010 год і літаральна праз тры гады мы пабачым зусім іншы горад, чужы нашай мэнтальнасьці, нашай гісторыі. І, безумоўна, гэта будзе калясальны ўдар па нашай ідэнтычнасьці”.

Менскі архітэктар Уладзімер Папруга, чый праект аднаўленьня гістарычнай часткі Менска вывучаецца як альтэрнатыўны, перакананы: шмат што ў любой справе залежыць ад чыноўнікаў. Яны вырашаюць, каго зь інвэстараў запусьціць нават у ахоўную законам гісторыка-культурную тэрыторыю і каму даваць стратэгічныя пляцоўкі:

“Гэта нават не камэрцыялізацыя, гэта папросту звычайны балаган. Гэта экспромт. То бок, там няма ні тактыкі, ні стратэгіі, абсалютна выпадковыя інвэстары, якія ў гэтым нічога абсалютна не разумеюць і якія папросту ўвайшлі ў змову зь Менгарвыканкамам. І ўсё гэта пачалося, дарэчы, яшчэ з Ярмошына. Грона чыноўнікаў Камітэта архітэктуры было ўцягнутае ў гэты працэс. Гэта заганная эстафэта проста перадаецца і на сёньняшні дзень. І няма ні волі, ні сілы, ні жаданьня практычна ні ў Камітэта архітэктуры, ні ў Менгарвыканкаму, ні ў Камітэта дзяржаўнага кантролю, які курыраваў гэтае пытаньне шмат гадоў, ні ў пракуратуры, у якой зьяўляецца проста яе канстытуцыйным абавязкам, паглядзець на гэтае пытаньне так, як яно таго заслугоўвае”.

Калі ня здарыцца форс-мажору, у масавым парадку маскоўскія спэцыялісты на беларускіх будаўнічых пляцоўках зьявяцца ўжо меней, чым праз год.

XS
SM
MD
LG