Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ведаеце, насамрэч усходнія суседзі думаюць не толькі пра Пуціна. Яшчэ іх непакоіць лёс айчынных офісных зомбі. І таму пра гэта робяць праблемнае кіно.


Найноўшы прыклад – фільм Аляксандра Гарноўскага «20 цыгарэт». Сцэнар напісаў Дзьмітры Собалеў. Той самы, што рабіў з Пятром Мамонавым вядомую «Выспу».

Рэжысэр-дэбютант трапіў ў шчыльныя абдымкі прафесіяналаў. Таму і стужка атрымалася адпаведнай: стоадсоткава пралічанай, дынамічнай і неверагодна глямурнай. Падзеі разгортваюцца на працягу аднаго працоўнага дня. Галоўны герой весь гэты час вырашае свае праблемы. І бясконца паліць.

Неверагодна пасьпяховых герояў «Цыгарэт» варта пашкадаваць. Нейкія яны сумныя, стомленыя і нягеглыя. Нават сэксам займаюцца неяк механічна, бяз натхненьня.

Няўжо рэжысэр хоча выкрыць набалелыя маскоўскія праблемы? У гэтым выпадку ён відавочна спазьніўся. Бо ўсё пра гаротны лёс офіс-менеджэраў пасьпелі расьпавесьці да яго. Моцна зробленая стужка Гарноўскага падобна на спартовае аўто. Адметны дызайн, выдатная хуткасьць. Усё вельмі зручна і зроблена на загад спажыўца. Але няма адной простай рэчы. То бок сэрца.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканскі гераічны эпас «Бэавульф». Чарговы фільм вядомага Роберта Земекіса – працяг тэхнічных пошукаў, распачатых яшчэ ў «Форэсьце Гампе». Там, калі памятаеце, герой трапляў ў старую хроніку. А тут – у лічбавым фармаце жывыя акторы уяўляюць кампутарных герояў.

Татальная лічбавая апрацоўка напрэч забівае акторскую гульню. У фільме ўдзельнічалі Энтані Гопкінс, Джон Малкавіч і Робін Пэн Райт. Але іх абсалютна не пазнаць у выглядзе кампутарных зданяў. За кампутарнай карцінкай ня бачна актораў. І нават спакусьлівая Анжэліна Джолі выглядае таннай падробкай з сэкс-шопу.

А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Складанка найлепшых кліпаў джазавай сьпявачкі і піяністкі Дайан Крал. Яна пачынала як вытанчаны клюбны праект, потым захапіла спажыўцоў поп-музыкі. І, нарэшце, зноў пачала выконваць музыку для дасьведчанай меньшасьці.

Дайан нецікава выконваць выключна стандарты. Але і радыкальным артыстам яе таксама лічыць не выпадае. Сьпявачка ўпарта крочыць вузкай сьцежкай паміж традыцыяй і авангардам. Застаецца сачыць за працэсам. І чакаць яшчэ болей добрага джазу.

XS
SM
MD
LG