Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталя Стажарава аштрафавалі на 350 000 рублёў


Суд Савецкага раёну Менску пакараў прадпрымальніка Віталя Стажарава штрафам за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў.


У матэрыялах быў заклік прыйсьці 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць сваё стаўленьне да палітыкі ўладаў адносна малога і сярэдняга бізнэсу.

Паплечнікі Віталя назвалі затрыманьне прадпрымальніка акцыяй запалохваньня актывістаў напярэдадні акцыі пратэсту.

Справу Віталя Стажарава разглядала судзьдзя Аксана Ралява. Віталь не прызнаў сябе вінаватым .

Нагадаем: увечары 5 сьнежня яго затрымалі супрацоўнікі аховы Камароўскага рынку, у тым ліку былы кіраўнік міліцыі Савецкага раёну спадар Бусло. Яны знайшлі ў Віталя некалькі ўлётак, у якіх, сярод іншага, была інфармацыя пра тое, што прадпрымальнікі плянуюць сабрацца 10 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы. Гэта стала падставай, каб скласьці пратакол за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Ноч Віталь правёў у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Віталь Стажараў апавёў Свабодзе ў судовай залі:

“Улады баяцца прадпрымальнікаў, баяцца, што народ выйдзе на плошчу і скажа “не” Ўказу № 760. Я лічу, што нічога не парушаў. Там не было закліку выйсьці на плошчу, там была інфармацыя пра мітынг прадпрымальнікаў”.

Вячаслаў Сіўчык прыехаў у суд на знак салідарнасьці з прадпрымальнікамі.

“Шкада Віталя, якога абсалютна беспадстаўна цягаюць, судзяць, пры тым, што ніхто не адмяняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Хоць і праблема, якая ўздымаецца мітынгам 10 сьнежня, закранае сотні тысяч беларусаў, якія могуць застацца бяз працы, бяз грошай, ня змогуць карміць свае сем’і. Улада цяпер на такім этапе свайго разьвіцьця, што ўжо ўсё роўна, законы даўно растаптаныя, і таму маем, што маем”.

Вячаслаў Сіўчык дадаў:

“Затрымліваў Віталя Бусло. Ён адыграў важную ролю ў барацьбе з абаронцамі Курапатаў. Я прыгадаў ягоны асабісты “подзьвіг”, калі прапалі на суткі людзі з намётаў. Кіраваў гэтым Бусло. На вельмі хлебную пасаду цяпер прызначаны. Як бачыце, ягоныя ранейшыя заслугі не забыліся”.

Адвакат Віталя Аляксандар Галіеў зьвярнуў увагу судзьдзі на адсутнасьць сьведак і шматлікія працэсуальныя парушэньні. Апроч таго, прадпрымальнік цяпер знаходзіцца на лекаваньні, бо мае праблемы са здароўем.

Судзьдзя абвясьціла перапынак на гадзіну, а потым зачытала прысуд – штраф 10 базавых велічынь (гэта 350 000 рублёў, або каля 170 даляраў).

Раней за распаўсюд улётак у судзе Заводзкага раёну прысудзілі да арышту прадпрымальнікаў Руслана Луцэнку і Алеся Таўстыку. Руслан Луцэнка дагэтуль застаецца за кратамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG