Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З палітвязьнем Андрэем Клімавым у Мазырскай калёніі сустрэліся жонка Тацяна і васемнаццацігадовы сын Станіслаў. Тацяна Клімава кажа, што зьведала шок ужо ад аднаго выгляду калёніі, дзе трымаюць мужа.

Гэта было першае доўгатэрміновае спатканьне Андрэя Клімава са сваякамі з красавіка, калі былога дэпутата арыштавалі. Пазьней ён быў асуджаны за артыкул у інтэрнэце. З прычыны слабога здароўя маці палітвязьня Ала Клімава на спатканьне выбрацца не змагла, у калёнію прыехалі толькі жонка Тацяна і сын Станіслаў. Тацяна Клімава была з мужам усе тры дні. Жанчына кажа, што ад умоваў у пакоі, дзе праходзіла спатканьне, у яе засталося добрае ўражаньне. Чаго яна ня можа сказаць пра выгляд усёй калёніі, якая знаходзіцца непадалёк ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага камбіната:

“Даўгі плот, як у фільмах паказваюць сыбірскія лягеры. Не скажу, што Гулаг, але лягер дакладна. Побач прамысловы гігант. Трубы дымяць. Але ўнутры ў калёніі больш-менш. Ва ўсякім разе лепей, чым у менскай калёніі на Кальварыйскай”.

Пытаньне з працай канчаткова ня вырашана

Андрэй Клімаў выглядае вельмі схуднелым і бледным. “Яму не хапае адмысловай ежы, неабходнай пры нізкім гемаглабіне ў крыві. Таксама баліць сэрца“, — кажа Тацяна Клімава. Паводле Тацяны, з-за праблемаў з сэрцам турэмныя дактары пакуль не дазваляюць мужу пачаць працу на ўчастку, дзе ачышчаюць ад ізаляцыі медныя драты.

“Я кінулася ў інтэрнэт і знайшла, што пры апрацоўцы медных кабеляў атрымліваюцца вокіслы, вельмі шкодныя для сардэчнай мышцы і цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Такім чынам, яго прызначылі на гэтую працу, але, паглядзеўшы ў мэдычную картку, пакуль дазволу на працу не далі. Пытаньне канчаткова ня вырашанае”.

Я нагадаў Тацяне Клімавай пра тое, як штучна ствараюць ізаляцыю вакол іншых палітвязьняў, Аляксандра Казуліна і Зьмітра Дашкевіча: ахоўнікі запалохваюць вязьняў, якія спрабуюць кантактаваць з апазыцыянэрамі, і нават некаторых караюць. Ці не адбываецца гэтаксама з Андрэем Клімавым?

“Ведаеце, ва ўмовах, у якіх апынуўся Андрэй, хутчэй трэба марыць пра ізаляцыю. Бо ён знаходзіцца ў атачэньні 200 рэцыдывістаў. Нічога не хачу дрэннага сказаць пра гэтых людзей, Андрэй казаў, што яны нармальна адзін да аднаго ставяцца. Але такая вялікая скучанасьць! Столькі людзей! Часам хочацца пабыць аднаму”.

Некаторыя лісты Клімава на волю ня трапілі

Тацяна Клімава назвала “роўнымі” цяперашнія адносіны яе мужа з адміністрацыяй калёніі і пацьвердзіла, што Андрэй на гэты момант ня мае прэтэнзіяў да сваіх ахоўнікаў. “Відаць, для адміністрацыі калёніі зьяўленьне ў ёй Клімава азначала дадатковыя праблемы, і гэта іх ня ўсьцешыла”, — мяркуе Тацяна Клімава.

Нагадаем, у кастрычніку, калі Андрэя Клімава прывезьлі ў Мазырскую калёнію, зьявіліся зьвесткі пра тое, што ў вязьня адабралі прывезеную ім адмысловую ежу і абмежавалі яго ў ліставаньні са сваякамі. Адміністрацыя калёніі ціск на Андрэя Клімава абвергла і паведаміла, што ежу пасьля праверкі вязьню вярнулі.

Ці абмяжоўвалі ліставаньне? Пасьля сустрэчы з мужам Тацяна Клімава перакананая: муж атрымаў усе яе лісты, а вось яна некаторых не атрымала. У тым ліку тыя, дзе ён распавядаў пра шкодную вытворчасьць, на якую яго прызначылі працаваць.
XS
SM
MD
LG