Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімер Замяталін заявіў, што для падтрымкі беларускага кіно варта ўвесьці падатак на галівудзкую кінапрадукцыю. Як ставяцца да такой прапановы ў кінапракаце? І чаму не плянуецца абкладаць падаткам усе замежныя фільмы, у тым ліку і расейскія?


Амбітныя пляны “Беларусьфільму”

Намесьнік дырэктара кінастудыі Аляксандар Цялушка наступным чынам пракамэнтаваў прапанову Ўладзімера Замяталіна. Аляксандар Цялушка кажа, што ў беларускіх кінавытворцаў цяпер вельмі амбітныя, але рэальныя пляны.

“Сёлета ў нас восем фільмаў, у наступным годзе будзе дзесяць, а ў 2009 годзе дванаццаць заплянавана. Трывалы рост ідзе. Дзяржава вельмі нас падтрымлівае. Бяз гэтай падтрымкі мы б не маглі зьняць столькі фільмаў, як сёлета, разьлічваць на рэканструкцыю кінастудыі і мець такія амбітныя, але абсалютна рэальныя пляны”, — кажа намесьнік дырэктара “Беларусьфільму”.

Аляксандар Цялушка прыводзіць прыклад Францыі, дзе ўжо ўведзены падатак на замежнае кіно і робіцца шэраг захадаў, каб падтрымаць нацыянальны кінэматограф.

“У Францыі вытворцу кінафільма з валавога збору за продаж квіткоў адлічваецца пэўны працэнт. І там вызначаецца максымальная колькасьць фільмаў замежнай вытворчасьці ў працэнтным пераліку — дзеля таго, каб францускі кінэматограф быў шырока прадстаўлены для францускага гледача”.

Карэспандэнтка: “А ў нас ад пракату ідуць нейкія адлічэньні вытворцам?”

Цялушка: “Не, мы прадаем толькі кінакопіі і правы паказу. Увесь збор ідзе кінапракату”.


У Беларусі квіткі ў кіно ўтрая таньнейшыя за эўрапейскія

Дырэктар “Кінавідэапракату” Васіль Коктыш кажа, што кулюарныя размовы пра ўвядзеньне падатку на галівудзкую кінапрадукцыю вядуцца даўно. Паводле ягоных словаў, гэтыя захады не прынясуць карысьці ні пракату, ні кінастудыі.

“У Францыі яны ўсё ж шмат здымаюць. Сёньня аб’яднаная Эўропа 800 фільмаў у год здымае. Ім, напэўна, ёсьць што абараняць”.

Карэспандэнтка: “У нас беларускага кіно няшмат. А вось расейскага ў пракаце многа...”

Коктыш: “Гэта расейскамоўная прастора. Нельга казаць, што расейскае кіно ў нас зьяўляецца замежным прадуктам у поўнай меры. У нас сумесных праектаў шмат. На “Беларусьфільме” тыя ж расейцы вельмі шмат здымаюць. Кінапракат, нават сталічны, датуецца зь бюджэту, і для кінастудыі ёсьць прэфэрэнцыі. Таму на які кошт квіткоў гэта можа паўплываць? І так у нас занадта нізкі кошт квіткоў, утрая таньнейшы за эўрапейскі”, — кажа Васіль Коктыш.

Цяпер поўны кошт квітка на фільм вытворчасьці любой краіны складае ад 5 да 6 тысячаў рублёў. Бываюць яшчэ дзіцячыя квіткі і льготныя сэансы. Паводле Васіля Коктыша, у менскіх кінатэатрах дэманструецца 30% амэрыканскіх фільмаў, а гледачоў на іх прыпадае 70%.


“Больш лягічна казаць пра павышаныя падаткі на ўсю замежную кінапрадукцыю”

Кінакрытык Максім Жбанкоў лічыць абсалютна натуральнай падтрымку нацыянальнай кінэматаграфіі.

“Сыстэмы дзяржпадтрымкі ёсьць і ў Нямеччыне, і ў шмат якіх скандынаўскіх краінах. Там кінэматаграфія ня надта моцная і патрабуе нейкай дапамогі. А Галівуд — гэта сынонім фінансавага посьпеху. Аднак мы маем ня менш пасьпяховыя расейскія стужкі. І таму было б больш лягічна казаць пра павышаныя падаткі менавіта на замежную камэрцыйную прадукцыю, незалежна ад таго, у якой краіне яна вырабленая. Я думаю, што тут няма нейкага сур’ёзнага антыамэрыканскага пафасу. Хутчэй за ўсё, спадар Замяталін прамовіў “Галівуд”, маючы на ўвазе якраз замежнае кіно, якое дае сур’ёзныя грошы”, — лічыць Максім Жбанкоў.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG