Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 30 лістапада. Учора віцэ-прэм’ер Беларусі сп. Сямашка заявіў, што цана расейскага газу на першы квартал наступнага году складзе 119,5 даляраў. Ці азначае гэта, што Масква адмовілася ад леташняга пагадненьня і прыняла палітычнае рашэньне аб льготных цэнах? Ці можна чакаць напярэдадні Новага году чарговай газавай вайны?


Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Ці адмовілася Масква ад леташняга пагадненьня?

Валер Карбалевіч: 31 сьнежня мінулага году Беларусь і Расея завяршылі драматычныя перамовы аб цэнах на газ пагадненьнем, паводле якога бакі вызначылі формулу павышэньня цэнаў на газ на пяць гадоў наперад. Згодна з гэтай формулай, цана на 2008 год павінна скласьці 67% ад эўрапейскай цаны. Прычым гэтая эўрапейская цана будзе вядомая ў лепшым выпадку толькі ў канцы сьнежня.

Але яшчэ ў кастрычніку амбасадар Расеі ў Беларусі сп. Сурыкаў заявіў, што цана будзе каля 125 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. Прыкладна такую ж цану назваў і намесьнік міністра прамысловасьці Расеі, які прыяжджаў у Менск разам з расейскім прэм’ерам Зубковым. І вось віце-прэм’ер Беларусі Сямашка агучыў учора лічбу ў 119,5 даляраў на першы квартал, прычым адзначыў, што Беларусь будзе намагацца панізіць цану яшчэ на 7—8 даляраў. Як ні лічы, але і 125 даляраў, і 119 даляраў — значна менш, чым 67% ад эўрапейскай цаны. То бок дэ-факта Расея адмовілася ад таго пераднавагодняга пагадненьня і прызначыла палітычную цану. Чаму Масква зьмяніла сваё рашэньне?

Тацяна Манёнак: Перамовы яшчэ працягваюцца, кантракту яшчэ няма. Таму заўчасна казаць пра нейкія высновы. Але калі такія кошты сапраўды стануць рэальнымі, то гэта будзе сэнсацыяй. Зразумела, сп. Сямашка вельмі хоча мець такі кошт. У бюджэце Беларусі на наступны год закладзена цана 128 даляраў. Магчыма, Сямашка агучыў адну з вэрсій беларускага боку, якая прапанавана “Газпрому”.

Я думаю, газавая вайна хутчэй будзе, чым ня будзе.
К.Коктыш
Існуе шырокае поле для торгу наконт цаны. Беларусь можа прапанаваць “Газпрому” стварыць сумеснае прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” ў карацейшы тэрмін, а не да 2011 году, як прадугледжана дамовай. У такім выпадку “Газпром” быў бы зацікаўлены ў будаўніцтве газасховішчаў, бо гэта актуальна для эўрапейскага рынку. Плюс пытаньне пра кошт транзыту.

Таксама “Газпрому” прапаноўваецца стварыць сумеснае прадпрыемства на аснове заводу “Гродна-азот”. Нядаўна зьявілася інфармацыя, што дачка “Газпрому” “Газпром-нафта” вельмі цікавіцца Мазырскім НПЗ.

Нядаўна Туркмэністан аб'явіў пра павышэньне цэнаў на газ. Узбэкістан пачынае аналягічныя перамовы ў сьнежні. А потым да іх далучыцца і Казахстан. Таму цяжка ўявіць, што “Газпром” пачне рабіць падарункі.

7
Кірыл Коктыш: Ні ў якім разе Расея ня выйшла з газавага пагадненьня з Беларусьсю. Наўрад ці да заканчэньня гэтага электаральнага цыклу Масква будзе плаціць палітычную цану за энэргарэсурсы.

Пакуль мы маем заявы расейскага боку, прычым гэта не заявы ўпаўнаважаных расейскіх афіцыйных асобаў. Напрыклад, амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў агучыў пазыцыю Міністэрства замежных спраў Расеі. Але палітыка ў газавай сфэры вызначаецца ў адміністрацыі прэзыдэнта. Таму пакуль я ня бачу зьмены расейскай пазыцыі. І для гэтага няма сур’ёзных прычын.

Ці можна чакаць чарговай газавай вайны?

Карбалевіч: Дык гэтым годам газавай вайны ня будзе?

Манёнак: Прыкметаў газавай вайны ня бачна ні з аднаго, ні з другога боку. На тле перадвыбарчых працэсаў гэта Расеі не патрэбна, бо гэта псуе яе імідж.

З іншага боку, Беларусь імкнецца прапаноўваць “Газпрому” праекты, якія могуць яго зацікавіць. Наступным годам павышаюцца кошты на нафту. Адначасовае павышэньне коштаў на газ для Беларусі было б вельмі балючым. Цэны на газ — гэта справа выжываньня беларускай сацыяльнай мадэлі. Трэба яшчэ ўлічваць, што будаўніцтва Паўночна-Эўрапейскага газаправоду зьніжае транзытны статус Беларусі.

Коктыш: Я думаю, газавая вайна хутчэй будзе, чым ня будзе. Прычым не як вынік беларуска-расейскіх дачыненьняў, а як вынік палітычнай барацьбы напярэдадні выбараў у Расеі. Газавая вайна можа структураваць думку расейскага грамадзтва напярэдадні выбараў.

А што тычыцца непасрэдна беларуска-расейскіх дачыненьняў, то яны застаюцца ў тым жа стане нявызначанасьці, і ніякага разьвіцьця няма.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG