Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца афіцыйны візыт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Вэнэсуэлу. Уга Чавэс ужо двойчы быў у Беларусі, а паездка беларускага лідэра адтэрміноўвалася больш як год. Гэтаксама затармазілася і справа адкрыцьця беларускай амбасады ў Каракасе.


Летась Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс вырашылі ўтварыць стратэгічны альянс. Гэтаму паспрыяла палітычнае падабенства кіраўнікоў Беларусі і Вэнэсуэлы, якія выступаюць пасьлядоўнымі крытыкамі працэсаў глябалізацыі і ролі ЗША ў сьвеце.

Лукашэнка суцешыць сябра, якога “кінулі” на рэфэрэндуме

Але цяперашні візыт Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу адбываецца на тле падзеяў, якія мусілі азмрочыць настрой Чавэса: на агульнанацыянальным рэфэрэндуме грамадзяне краіны не падтрымалі ідэю падоўжыць тэрмін ягонага кіраўніцтва. Варта нагадаць, што падчас аналягічнага плебісцыту ў Беларусі Лукашэнка атрымаў магчымасьць стаць фактычна пажыцьцёвым прэзыдэнтам. Праўда, напярэдадні Чавэс заявіў, што ня мае намеру кіравацца вынікамі народнага волевыяўленьня, паколькі людзі, пэўна, яшчэ не дасьпелі да разуменьня такой неабходнасьці. Як кажа палітоляг Вячаслаў Оргіш, у Лукашэнкі будзе магчымасьць суцешыць сябра:

“Хай адзін аднаму, як кажуць, у камізэльку паплачуцца. Па-чалавечы гэта нават можна зразумець. Палітычна — не, а па-чалавечы можна... Безумоўна, Чавэс разьлічваў на тое, што яму ўдасца, як ягонаму беларускаму сябру, атрымаць у свае рукі Канстытуцыю і дамагчыся неабмежаваных паўнамоцтваў, прыкладна такіх, якія мае сёньня Аляксандар Лукашэнка. На жаль для Чавэса, нешта не спрацавала. Відаць, вэнэсуэльскі народ больш прынцыпова ставіцца да таго, што называецца Канстытуцыяй. І дэмакратычныя сілы краіны перашкодзілі такому бессаромнаму ўмяшаньню ў Асноўны закон”.

Прэсавая служба Лукашэнкі акцэнтуе ўвагу на тым, што Беларусь спадзяецца перадусім рэалізаваць у Вэнэсуэле эканамічныя праекты. Ужо распачата сумесная праца ў справе здабычы нафты, і гэта асноўнае, што Беларусь разьлічвае атрымаць ад Вэнэсуэлы. У сваю чаргу, беларускія спэцыялісты дапамогуць вэнэсуэльцам будаваць аграгарадкі і заводы будаўнічых матэрыялаў. Апроч таго, мяркуецца пастаўляць у Вэнэсуэлу беларускую аўтамабільную, сельскагаспадарчую і бытавую тэхніку, а ў пэрспэктыве — наладзіць за акіянам зборачныя вытворчасьці велікагрузных аўтамабіляў МАЗ і БелАЗ. Будзе пашырана супрацоўніцтва ў галінах навукі, адукацыі, культуры, а таксама ў ваенна-тэхнічнай сфэры.

Цяперашнія напрацоўкі запатрабуюцца і пры дэмакратыі

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак лічыць, што да беларуска-вэнэсуэльскіх праектаў трэба ставіцца з улікам пэрспэктывы на будучыню:

“Можна са зразумелым сарказмам ставіцца да лідэра Вэнэсуэлы, можна гэтаксама адносіцца да рэжыму, у якім мы з вамі зараз жывем. Але трэба думаць пра будучыню, пра нашых дзяцей. І рэжым, які сёньня ёсьць, зразумела, зьменіцца. І лідэр Вэнэсуэлы ня вечны, ён таксама сыдзе. А вось тыя адносіны, якія зараз закладаюцца, будуць разьвівацца. І, дай Божа, яны разьвівацца будуць нармальна, і гэта будзе прыносіць Беларусі нейкія дывідэнды ці, магчыма, зьмены ў структуры паставак паліва сюды, на тэрыторыю Беларусі”.

Прадстаўнік аднаго з праектных інстытутаў Юрый Гаварун сёлета выяжджаў у Вэнэсуэлу. Ягоная місія — наладжваньне кантактаў з тамтэйшымі архітэктарамі і будаўнікамі, зь якімі мяркуецца рэалізаваць праект расьсяленьня вэнэсуэльскіх вяскоўцаў у беларускую вынаходку —аграгарадкі. Праўда, як кажа спэцыяліст, гэта не азначае, што калі туды паехалі беларускія спэцыялісты, то ўсё там атрымае менавіта беларускі калярыт:

“Вэнэсуэла — досыць разьвітая краіна і ў інтэлектуальных адносінах, і ў тэхналягічных, дый у сацыяльных таксама. Там ёсьць свая інтэлігенцыя, яна ведае, чаго хоча. Таму дыялёг паміж беларускім досьведам і мясцовай элітай цалкам рэальны. Што, як я зразумеў, іх прыцягвае, дык гэта намаганьні нашай дзяржавы ў арганізацыі сыстэмы сельскага расьсяленьня. Вось асноўны матыў. Відавочна, будуць супольныя праекты з удзелам мясцовых і беларускіх урбаністаў, якія рэалізуюць беларускі досьвед, дапасоўваючы яго да мясцовай спэцыфікі. Іхныя спэцыялісты прыяжджалі сюды, натуральна, глядзелі на беларускі досьвед. Штосьці ім спадабалася, штосьці выклікала сумнеў. Былі дыскусіі, якія працягнуцца ў ходзе перамоваў. У выніку, відавочна, і аформіцца кантракт. Пакуль што яго няма, існуе толькі папярэдняя дамоўленасьць”.

Асноўны прыбытак Вэнэсуэле прыносяць багатыя нафтавыя радовішчы: краіна займае першае месца ў рэгіёне па даказаных запасах нафты і 7 у сьвеце — па яе здабычы. 3/4 усяго нацыянальнага прыбытку дае экспарт нафты. Таксама ёсьць вялікія радовішчы газу.

XS
SM
MD
LG