Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дасьць адкрыцьцё офісу Эўракамісіі ў Менску?


5 сьнежня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі, якое знаходзіцца ў Кіеве, Ён Боўг парафіравалі праект пагадненьня аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску. Наколькі істотным ёсьць гэты крок у беларуска-эўрапейскіх адносінах? Ці гатовы афіцыйны Менск на больш шчыльнае палітычнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам? На гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў гутарыць з старшынём зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігарам Ляльковым.


Цыганкоў: Ці азначае акт парафіраваньня праекту тое, што офіс Эўракамісіі ў Менску ўжо напэўна будзе адчынены? Калі так, то наколькі гэта істотны крок у беларуска-эўрапейскіх адносінах? Ці гэта проста фармальнасьць, якая пакуль нічога нам не гаворыць?

Лялькоў: Мяркую, што гэты працэс працэнтаў на 90 незваротны. Калі ня здарыцца нейкіх радыкальных эксцэсаў у адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, то офіс будзе адчынены. Гэта ўвогуле лягічны крок у той сытуацыі, якая складалася апошнім крокам у беларуска-эўрапейскіх стасунках. Беларускае кіраўніцтва шукае прыхільнасьці Эўразьвязу, што праўда, пры гэтым “не паступаючыся” сваімі прынцыпамі. Пакуль не відаць, каб вялося пра рэальнае выкананьне 12-ці ўмоваў Эўразьвязу. Але на ўзроўні рыторыкі, гэта адзін з сымбалічных крокаў.

Што гэта азначае? Такі офіс – пераважна тэхнічны захад дзеля таго, каб Эўразьвяз мог непасрэдна знаёміцца з сытуацыяй на месцы. Беларускія ўлады будуць гэта выкарыстоўваць, каб паказаць, што час блякады і ізаляцыі праходзіць. У пэўным сэнсе гэта так, але гэта не настолькі значны крок, каб казаць, што самаізаляцыя, у якую сабе загнала Беларусь, заканчваецца.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка неаднаразова з рознымі адценьнямі выказваўся ў тым сэнсе, што Беларусь гатовая ісьці на самае шырокая супрацоўніцтва з Эўропай у эканамічнай і энэргетычнай сфэрах, але ня бачыць падставаў для прарываў у палітычным супрацоўніцтве. Ці можа Эўропа прыняць такія правілы гульні і не зьвяртаць вялікую ўвагу на палітычныя пытаньні? Дзеля чаго таго офіс Эўракамісіі, як не дзеля палітычных пытаньняў?

Лялькоў: У Эўропы, на жаль, фактычна няма адзінай зьнешняй палітыкі, таму казаць пра Эўропу агулам не заўсёды выпадае. Тут гуляюць розныя краіны, якія часам праводзяць адрозную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, і некаторыя зь іх могуць прыняць такія ўмовы, што актывізуецца супраца ў эканамічнай і энэргетычнай сфэры, але без палітычных праблемаў.

Што да функцыяў офісу Эўракамісіі, то асноўнай на сёньня будзе маніторынг сытуацыі ў Беларусі, інфармаваньне кіраўніцтва Эўразьвязу пра тое, што адбываецца ў краіне. Сёньня я ня бачу, каб гэтая місія была шырэйшая.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG