Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творчая ініцыятыва “Беларускі гальфстрым” завяршае дубляваньне беларускай мовай мультфільму “Шрэка-3”. Ролі агучваюць Сьвятлана Зелянкоўская, Аляксандар Памідораў, Макс Івашын, Павал Яскевіч, а таксама студэнты розных ВНУ.

У студыі кіруе музыка і шоўмэн Аляксандар Памідораў, які ня толькі агучвае галоўнага героя мультфільму – Шрэка, -- але рэжысуе працэс агучкі.

Сьвятлана Зелянкоўская: “Я вельмі люблю такія праекты, якія прыносяць апроч заробку і вопыту, асалоду, задавальненьне”.

Вядомая акторка Купалаўскага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская ставіцца да працы вельмі сур’ёзна:

“Я вельмі люблю такія праекты, калі яны імправізаваныя, калі з добрымі людзьмі працуеш... Калі гэта будзе рабіцца па-хуліганску, у асалоду, усё роўна той вопыт і практыка, прафэсія павінна заставацца. Дзякуй Богу, што гэта робіцца ў такіх абставінах, якія прыносяць апроч заробку і вопыту, асалоду, задавальненьне”.

Тут жа за працай прафэсійных актораў назіраюць дзяўчаты, якія ўпершыню бяруць удзел у працэсе дубляжу:

Мар’яна: “Я тут агучваю Папялушку, потым дзяўчыну, і дадатковыя ролі ў масоўцы. Вельмі падабаецца. Праўда, няма яшчэ вопыту, трэба яго набірацца”.

Іна: “Толькі першы дзень, як прыйшла сюды. Толькі ўваходжу ў працэс, цікава. Сёньня пачала агучваць Каралеву, а ўчора агучвала парася”.

Голас Караля агучыў Макс Івашын, колішні ўдзельнік гурту “Neuro Dubel”. Цяпер Макс Івашын жыве між Польшчай і Канадай, таму плён сваёй працы даслаў праз інтэрнэт.

“Беларускі гальфстрым” ужо агучыў першыя дзьве часткі гісторыі пра Шрэка, кінастужку “Крымінальнае чытво” ды некаторыя іншыя. Творчую палітыку тлумачыць кіраўнік праекту Франак Вячорка:

Усе асноўныя пэрсанажы і лініі агучваюцца прафэсійнымі акторамі
“Усе асноўныя пэрсанажы і лініі агучваюцца прафэсійнымі акторамі. На другасныя ролі бярэм студэнтаў, сяброў... Гэта дапамагае адшукаць і раскрыць нейкія невядомыя дагэтуль таленты. І па-просту ангажаваць у беларускую справу шырокае кола людзей”.

Тэкст перакладзены не дакладна, а з улікам беларускіх рэаліяў.

З ангельскай мовы пераклад зрабіла Тацяна Беланогая, вядомая як бард. Але Тацяна прафэсійны перакладчык. Тэкст перакладзены не дакладна, а з улікам беларускіх рэаліяў. Жартаўлівыя рэплікі прыдумлялі разам Тацяна Беланогая, Аляксандар Памідораў і Франак Вячорка:

“Сюжэт “Шрэка-3” заснаваны на тым, што дрэнны прынц захоплівае ўладу ў Трыдзясятым валадарстве дзякуючы папулісцкім і цынічным лёзунгам. Напрыклад, там, дзе ён агітуе злых герояў казак, ён агітуе “за стабільнае жыцьцё”. А калі ляцяць на мётлах, ён крычыць “За Беларусь!”, і менавіта ў той момант яму муха залятае ў рот”.

Цяпер пераагучваюцца апошнія рэплікі герояў. Дубляваная на беларускую мову вэрсія “Шрэка-3” мусіць быць прэзэнтаваная публіцы перад Калядамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG