Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн Гастынгс: Будуць перамены і ў Беларусі


Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, у склад якой уваходзяць Эніра Браніцкая, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец і Зьміцер Хведарук, у гэтыя дні наведвае ЗША. Беларускія палітыкі ў Кангрэсе ЗША ўдзельнічалі ў адмысловых слуханьнях “Беларусь: ад дыктатуры да дэмакратыі”. Іх ладзіла Хэльсынская камісія Кангрэсу, якая займаецца пытаньнямі правоў чалавека.

Калі беларускія палітыкі былі ўжо ў Вашынгтоне, стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію гішпанскай газэце “El Pais” паабяцаў “вывучыць” просьбу Аляксандра Казуліна аб памілаваньні, калі той да яго зьвернецца. Гэтая навіна выклікала ў Кангрэсе дадатковую цікавасьць да лёсу былога кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Так кажа ягоны паплечнік па партыі Анатоль Ляўковіч:

“Вельмі шмат увагі было аддадзена менавіта Аляксандру Казуліну. І кіраўнік Хэльсынскай камісіі так і адзначыў: гэта няправільна, і так ня будзе, каб Казулін сядзеў у турме да 2011 году”.

Цікаўлюся ў спадара Ляўковіча яго асабістым стаўленьнем да словаў кіраўніка беларускай дзяржавы:

“Лукашэнка заўжды так фармулюе сытуацыю, што ўзьнікаюць невырашальныя праблемы. Вядома, Казулін ніколі ня пойдзе на гэты крок. Я проста ведаю гэтага чалавека. Тут узьнікае палітычны фактар — Казуліна кінулі ў турму толькі за тое, што ён удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах. І Казулін не прызнае за сабою ніякай віны.

Тут ёсьць і асабісты момант. Я, прыкладам, лічу, што кіраўнік краіны так абышоўся са сваім апанэнтам таму, што апанэнт наўпрост зьвяртаўся да яго і заклікаў выпраўляць сытуацыю ў краіне.

І, вядома, такая пастаноўка пытаньня, як гэта робіць прэзыдэнт, неправамоцная. Ён пасадзіў Казуліна. Гэта — вязень прэзыдэнта. І толькі прэзыдэнт, які яго пасадзіў, можа выпусьціць яго з турмы”.

Слуханьні ў Кангрэсе вёў старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу Элсі Гастынгс. Зь беларускага боку выступілі Эніра Браніцкая, Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч. Спадар Лябедзька так распавядае пра сэнс прамовы кангрэсмэна Гастынгса, які раней ачольваў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ і прыяжджаў на апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь:

“Яго мэсыдж быў скіраваны на тое, што Беларусь і яе грамадзяне вартыя лепшага. Ён адзначыў, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, але, на вялікі жаль, з пункту гледжаньня правоў і свабодаў чалавека яна знаходзіцца на ўзбоччы разьвіцьця. І ў гэтым ёсьць праблема.

Ён зрабіў моцны акцэнт на праблеме палітычных вязьняў. Даслаў асабістае прывітаньне Ірыне Казулінай, якая ўзімку была ў ЗША і сустракалася зь ім. Ён згадаў Казуліна, Клімава, іншых палітвязьняў. І сказаў, што іх вызваленьне — адзін з галоўных прыярытэтаў.

Скончыў свой выступ кангрэсмэн Гастынгс аптымістычна. Ён згадаў, што і сам змагаўся за правы чалавека ў ЗША. Яшчэ 40 гадоў таму ён стаяў каля будынку, на ўваходзе ў які быў надпіс: “Уваход габрэям, нэграм і сабакам — забаронены”. А цяпер ён прадстаўляе той горад, тую вуліцу, дзе знаходзіўся будынак, тых людзей, якія там жывуць, у Кангрэсе ЗША.

Так што ўсё зьмяняецца. Будуць перамены і ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG