Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь хоча прадаць сваю долю МТС


Belarus -- MTS logo, 05Dec2007

Belarus -- MTS logo, 05Dec2007

Беларусь гатова абмеркаваць пытаньне аб павелічэньні долі МТС у аднайменным расейска-беларускім сумесным прадпрыемстве зь сёньняшніх 49 працэнтаў да кантрольнага пакету. Пра гэта заявіў намесьнік міністра сувязі Беларусі Іван Рак. Паводле яго, гэтае пытаньне знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Іван Рак адмовіўся назваць велічыню меркаванага пакету і сказаць нешта пра тэрміны і магчымы кошт.

Прадстаўнікі расейскай МТС ня раз заяўлялі пра зацікаўленасьць у павелічэньні пакету акцый да кантрольнага. Дырэктар па сувязях з грамадзкасьцю расейскай МТС Алена Каханоўская, камэнтуючы заяву Івана Рака, падкрэсьліла, што ўрад Беларусі ведае пра інтарэсы МТС. “Разам з тым мы задаволеныя нашым супрацоўніцтвам з урадам краіны ў рамках сумеснага прадпрыемства і маем намер плённа супрацоўнічаць і надалей, незалежна ад рашэньня ўраду наконт пакету акцый”, — сказала прадстаўніца расейскай МТС Алена Каханоўская.


“Асноўнае, за колькі грошай яе прададуць і куды гэтыя грошы пойдуць”

Беларускі бок атрымаў кантрольны пакет акцый МТС ад моманту рэгістрацыі гэтай кампаніі ў красавіку 2002 году. Першапачаткова 51 працэнт мела ўнітарнае прадпрыемства “Міжгародняя сувязь”, а пасьля яго далучэньня да “Белтэлекаму” апошні стаў уладальнікам кантрольнага пакету акцый.

Відавочна, што дзяржава ўжо ня можа гэтым кіраваць...

Эканаміст Яраслаў Раманчук вітае продаж беларускай долі ў МТС пры наступных умовах:

“Адрозна ад той схемы, якая была з кампаніяй “Velcom”, МТС — гэта буйная фірма. Яна можа разглядацца як стратэгічны партнэр. У такой сытуацыі гэта проста кансалідацыя рэсурсаў. Калі б тут была нейкая рынкавая ацэнка і яе правялі б адкрыта, то такую зьдзелку трэба было б вітаць. Асноўнае, за колькі грошай яе прададуць і куды гэтыя грошы пойдуць. Нічога дрэннага ня бачу, калі адбудзецца гэтая прыватызацыя. Калі МТС хацеў сюды ўвайсьці, то адным з патрабаваньняў, безумоўна, было захаваньне кантрольнага пакету ў дзяржавы. Сёньня, калі відавочна, што дзяржава ўжо ня можа гэтым кіраваць, а могуць кіраваць гэтым толькі апэратары, яна пачала гэта распрадаваць”, — лічыць Яраслаў Раманчук.


“Мы проста назіральнікі працэсу, як наша намэнклятура распрадае вельмі добрыя актывы”

Сёлета ў красавіку ў інтэрвію расейскаму інтэрнэт-рэсурсу ComNews генэральны дырэктар “Белтэлекаму” Канстанцін Цікар заявіў, што з задавальненьнем аддаў бы амаль усе долі сотавых апэратараў, якія ёсьць у “Белтэлекама”. “Нам яны бізнэсу не прыносяць. Толькі МТС стратэгічна цікавы”, заявіў спадар Цікар.

Сёлета актывы апэратара мабільнай сувязі “Velcom” перайшлі ва ўласнасьць аўстрыйскай кампаніі “Telekom Austria Group”. Агульная сума ўгоды перавысіла 1 мільярд эўра. Яшчэ раней, у жніўні, дзяржаўную долю акцыяў выкупіла фірма “SB Telecom”, зарэгістраваная на Кіпры. Меркавалася, што гэтыя грошы пайшлі на тое, каб кампэнсаваць запазычанасьць за газ перад расейскім канцэрнам “Газпром”. Яраслаў Раманчук працягвае:

“У сытуацыі з кіпрскай кампаніяй вядома, што схемы былі вельмі непразрыстыя, і можна казаць пра “прыхватызацыю”. Наконт гэтай схемы таксама няма падставаў лічыць, што будуць нейкія іншыя прынцыпы. Мы проста назіральнікі таго працэсу, як наша намэнклятура распрадае вельмі добрыя актывы па цэнах, якія, безумоўна, ім могуць быць і выгадныя... Але для краіны — я вельмі сумняюся”, — кажа Яраслаў Раманчук.

Паводле зьвестак на пачатак лістападу, сумарная колькасьць абанэнтаў сетак стандартаў GSM і CDMA ў Беларусі складае 6 мільёнаў 868 тысяч. У пераліку на колькасьць насельніцтва мабільная сувязь ахоплівае звыш 70% жыхароў краіны.

“Velcom” — не адзінае беларускае прадпрыемства, якое прадалі сёлета. Падпісаная таксама дамова аб продажы акцыяў заводу “Мотавэла” аўстрыйскай кампаніі. На першае паўгодзьдзе 2008 году плянуецца арганізацыя сумеснага аўстрыйска-беларускага прадпрыемства на базе сьветлагорскага “Хімвалакна”. Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае продажу яшчэ аднаго стратэгічнага прадпрыемства — менскага “Інтэгралу” — расейскай акцыянэрнай фінансавай карпарацыі “Сыстэма”. У верасьні намесьнік міністра эканомікі Алег Мельнікаў заявіў, што і менскі гадзіньнікавы завод “Прамень” могуць прадаць замежнаму інвэстару.


  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG