Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларусы могуць пераняць ад габрэяў?


Спадарыня: “Калі лічыцца, што Ісус быў габрэем, то ён толькі дабро нёс. Хіба ня так? Так. Я з кухняй іхняй не сутыкалася, і ўвогуле пра іх толькі гэта ведаю”.

Яе муж: “Згуртаванасьць габрэяў варта пераняць. Габрэй, ён паўсюль габрэй. Дзе б ён ня быў, ён заўсёды будзе габрэем. Карацей, згуртаванасьць у іх як мае быць, бо ў нас народ — гэта зусім ня тое…”

Спадар: “Можна ўзяць ад іх прагнасьць да адукаванасьці, іхняе карэктнае стаўленьне да людзей. А таксама — стрыманасьць, беражлівасьць, культурнасьць, бо габрэі — нацыя культурная. Я б яшчэ сказаў, што вартая перайманьня іхняя адданасьць сваёй веры. На прыкладзе, як яны да сваёй веры ставяцца, так нам трэба й да сваёй ставіцца”.

Спадар: “Што пераняць у габрэяў? Увогуле мне здаецца, што габрэі больш прыстасаваныя да жыцьця. Гэта зьвязана, па-першае, зь іхняй гісторыяй, паколькі яны ня мелі сваёй дзяржавы, яны могуць лепей прыстасоўвацца да розных умоваў. Па-другое, мне ўсё-ткі здаецца, што разумовыя здольнасьці габрэяў нашмат вышэйшыя, чым у іншых народаў. І я вельмі ўдзячны габрэям, таму што яны зрабілі вельмі шмат для ўсталяваньня дзяржаўнасьці ў Беларусі”.

Сталы спадар: “Цяпер цяжка сказаць штосьці пра гэта: іх усё менш і менш, пазьяжджалі. Але можна ўзяць ад іх, напрыклад, пачцівасьць, у мяне вось знаёмыя ёсьць, мы працавалі доўга разам. Прынамсі жыць яны нам не перашкаджаюць, усё нармальна”.

Сталы спадар: “Зараз габрэі адзначаюць сьвята Ханука, прыгожае сьвята, вельмі важнае ў культуры габрэйскага народу і ў гісторыі. Я віншую габрэяў з гэтым сьвятам і лічу, што беларусам, дый іншым народам, з габрэйскай культуры, з тых каштоўнасьцяў, на якіх грунтуецца культура гэтага народу, вельмі важна ўзяць салідарнасьць нацыянальную, узаемадапамогу, падтрымку”.

Спадар: “Я ня ведаю нават, што можна ўзяць ад габрэяў. Калі казаць пра культуру, то мне здаецца, што любая культуры — нібы кветкі, трэба ўзбагачацца адны ў адных, а не падзяляць культуру — габрэйская яна, узбэцкая ці казахская, трэба не падзяляцца, а жыць у міры і ўсё”.

На здымку: памятная шыльда гарадзенскім габрэям каля месца, дзе былі габрэйскія могілкі. Іх зруйнавалі, каб пабудаваць стадыён.
XS
SM
MD
LG