Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду. 5 сьнежня 2007


14 сьнежня з афіцыйным візытам у Менск прыбывае прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. У часе візыту плянуецца правесьці паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Адно з асноўных пытаньняў — зацьвярджэньне бюджэту на 2008 год.

Спадар: “Вось у Менск зьбіраецца прыехаць Пуцін. Ці можа гэта прывесьці ў хуткім часе да абвяшчэньня яго прэзыдэнтам так званай Саюзнай дзяржавы з захаваньнем, на першы погляд, нейкай незалежнасьці Беларусі?”

Слухачу адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

Фёдараў: “На мой погляд, пакуль што гэта наўрад ці адбудзецца. Але тое, што будзе ажыцьцяўляцца пэўны ціск на Беларусь, каб яшчэ болей прыцягнуць яе да Расеі, у гэтым сумневаў няма. Таму гэты візыт сапраўды выклікае вялікую заклапочанасьць”.

Слухачы Свабоды працягваюць камэнтаваць вынікі выбараў у Дзяржаўную Думу Расеі. У парлямант прайшлі толькі чатыры партыі. Усе іншыя не пераадолелі 7-працэнтнага бар’еру. Прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі, што ў часе выбарчай кампаніі парушалася свабода слова. ЗША заклікалі ўлады Расеі дасьледаваць абвінавачваньні ў фальшаваньнях. Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, якія назіралі за выбарамі, заявілі, што выбары не былі справядлівымі.

Ларыса, Менск: “У Расеі прайшлі выбары ў Дзяржаўную Думу. У першую чаргу гэта вялікая перамога Пуціна. Ён не зрабіў так, як некаторыя на постсавецкай прасторы, ён абраў іншы шлях. Тут іншая тэхналёгія. Падкупляе тое, што ён з павагай ставіцца да людзей старэйшага ўзросту. І яны аддалі “Единой России” свае галасы. У Расеі пэнсіянэры жывуць лепей за нашых, маюць пэўныя льготы. І добра, што ён застанецца пры ўладзе. Нам горш ад гэтага ня будзе”.

Пётр Сьцяпанавіч: “На Радыё Свабода ідзе бурнае абмеркаваньне вынікаў выбараў у Дзярждуму Расейскай Фэдэрацыі, робяцца розныя прагнозы ўзаемадачыненьняў паміж Расеяй і Беларусьсю пасьля выбараў дэпутатаў расейскай Думы і выбараў прэзыдэнта Расеі. Пуцін застаўся ў палітыцы, і якую б пасаду ён ні займаў пасьля сакавіка наступнага году, пачаты ім курс будзе працягвацца. Для Беларусі гэта “чорная паласа”. З прыходам Пуціна ва ўладу ў 2000 годзе скончылася будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка чуў на перамовах з расейскім прэзыдэнтам: “Хочаш атрымліваць энэргарэсурсы па расейскіх цэнах, тады дзялі Беларусь на сем абласьцей і абласьцямі ўваходзь у склад Расеі”. Далей: “Мухі асобна, катлеты асобна”. І апошняе выказваньне Пуціна: “З усімі дзяржавамі СНД, у тым ліку зь Беларусьсю, будуць усталяваныя рынкавыя адносіны”. А гэта значыць, мы ўжо не паставім на расейскі рынак 80% ад свайго УВП. Рынкавыя адносіны зь Беларусьсю, уведзеныя Пуціным, народ хутка ўжо адчуе на сабе. Гэтая палітыка будзе працягвацца і надалей. Як бачыце, радавацца тут няма чаму”.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію гішпанскай газэце “El Paіs” паабяцаў “вывучыць” просьбу Аляксандра Казуліна аб памілаваньні, калі той да яго зьвернецца. Нагадаю, што былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін адбывае пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі “Віцьба-3”. Водгук нашага слухача:

Спадар: “Сёньня задаюць такое пытаньне: ці вызваліць Лукашэнка з турмы Казуліна. Няўжо за 13 гадоў вы не зразумелі нашага начальніка?! Я вам адкажу: канечне, вызваліць, а потым зноў пасадзіць”.

8 і 9 сьнежня ў Менску павінен адбыцца зьезд Партыі БНФ. На пасаду старшыні арганізацыі прэтэндуюць Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч і Вінцук Вячорка.

Спадар: “Хачу зьвярнуцца да ўсіх членаў і дэлегатаў зьезду БНФ. Гэтую арганізацыю павінен ачольваць дасьведчаны, аўтарытэтны, адукаваны чалавек. І такім зьяўляецца Вінцук Вячорка. Так што зь пераабраньнем не сьпяшайцеся, а добра падумайце”.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG