Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі ўва ўсім сьвеце адзначаюць сёньня Хануку


Любоў Лунёва, Менск Калі на небе зьявіцца першая зорка, запальваюць першую сьвечку ў мэноры-дзевяцісьвечніцы, якая мае адмысловую назву ханукія. Сьвята, якое атаясамліваюць з цудам, будзе доўжыцца восем дзён. Габрэі ў гэты час пасьля малітвы ядуць пончыкі, дранікі і салодкія булачкі.

Сёньня ў менскім Габрэйскім доме сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, каб разам запаліць сьвечкі і пачаць сьвяткаваць Хануку.

“Гэта сьвята сьвятла, радасьці, сьвята народу, які жыве ў міры і згодзе, – гаворыць дырэктарка музэю габрэйскай гісторыі і культуры Іна Герасімава. – Сёньня пачынаецца Ханука, і сёньня запальваецца першая сьвечка. Сёньня будзем есьці дранікі, пончыкі – усё, што гатуецца на алеі”.

Гісторыя сьвята Ханукі цесна зьвязаная з гісторыяй габрэйскага народу. У 422 годзе да новай эры Юдэя страціла дзяржаўную самастойнасьць і стала часткай Пэрсыдзкай дзяржавы. Пасьля сьмерці Аляксандра Македонскага Ізраіль пераходзіў пад уладу то эгіпецкіх манархаў, то сырыйскіх.

Антыох IV “Эпіфан” агнём і мечам распаўсюджваў грэцкую мову. Ён забараняў габрэйскую традыцыю і Тору. Паўстаньне супраць яго ўзначаліў Ягуда. Калі габрэі ўвайшлі ў вызвалены Ерусалім і зайшлі ў храм, то пачалі шукаць там алей, каб запаліць сьвечкі.

“Калі яны пабудавалі мэнору ў храме, то ім неабходны быў алей, каб яна гарэла, – расказвае рабін аб’яднаньня габрэяў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч. – Яны знайшлі маленькі гарлачык зь пячаткай сьвятара. Налілі зь яго ў мэнору, але алею магло хапіць толькі на адзін дзень. Аднак мэнора, ці, як мы яе называем, ханукія, гарэла восем дзён. Вось мы цяпер і запальваем восем сьвечак. Сёньня – першую. У гэты дзень ямо пончыкі і аладкі, пасмажаныя на алеі. Гэтая гастранамічная частка зьвязвае нас з тым алеем у той мэноры”.

У Менску ў Габрэйскім доме адбудуцца выставы і спэктаклі адмыслова ў дні Ханукі. Людзі з абмежаванымі магчымасьцямі будуць дэманстраваць сваю творчасьць. Фэстываль назвалі “Цуд-творчасьць”.
XS
SM
MD
LG