Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гвалт у сям’і: як змагацца?


Радыё Свабода, Менск У Менску ў рамках інфармацыйнай кампаніі “Дзе ёсьць гвалт – няма сям’і” прайшла прэзэнтацыя мультымэдыйнага дыска “Больш ані гуку”. Кампакт-дыск складаецца з музычных кампазыцыяў папулярных у Беларусі выканаўцаў і іх відэазваротаў да моладзі.

Каардынатарка праграм Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі Тацяна Гаплічнік зьвяртае ўвагу на тое, што мультымэдыйны праект “Больш ані гуку” разьлічаны ў першую чаргу на моладзь:

“Мы імкнемся размаўляць з моладзьдзю на яе мове. І таму мы вельмі ўдзячныя, што мовай музыкі і нейкіх асабістых перажываньняў узяць удзел у гэтай гаворцы далі згоду маладыя, папулярныя, крэатыўныя музыканты Беларусі”.

“Дзяўчатак блага выхоўваюць”

У праекце ўдзельнічаюць Аляксей Шадзько, Аляксандар Патліс, Зьміцер Вайцюшкевіч, гурты “Cherry vata”, “Atlantika”, “Litesound”, “Drum Ecstasy”, “Харлі”, “Індыга”, “Клёндайк”.

Апроч кампазыцыяў, якія былі адмыслова падабраныя пад тэматыку праекту, на дыску – звароты да моладзі і развагі музыкантаў: адкуль узялася праблема гвалту ў сям’і, чым яна ёсьць і як зь ёю можна, варта і трэба змагацца.

Заснавальнік гурту “Drum Ecstasy” Філіп, крэатыўны дырэктар рэклямнага агенцтва “Фортэ”, лічыць, што гвалт у сям’і ідзе ад выхаваньня:

“Дзяўчатак блага выхоўваюць, я мяркую, у сям’і. Ім занадта шмат кажуць, што яны павінны ісьці за мужчынам, што павінны знайсьці сабе добрых мужоў. Ну дык, пакуль мы выхоўваем кураў, мы будзем мець гэтыя праблемы. А калі мы будзем выхоўваць дзяўчатак, якія будуць даваць “ад варот паварот” і казаць: “Прабачце, куды вы, мужчына???”, – то мы гэткіх праблем мець ня будзем”.

“Беларусам бракуе культуры”

Зьміцер Вайцюшкевіч пэўны, што праблема гвалту ў сям’і, гвалту над жанчынай сымбалізуе недахоп элемэнтарнай культуры ў беларускім грамадзтве:

“Праблема гэта – культурная. Культура таго, хто мы такія, культура таго, што ёсьць мужчына, што ёсьць жанчына і якія паміж імі стасункі, адсутнасьць пэўных традыцыяў, традыцыяў нармальных адносінаў, традыцыяў нармальных стасункаў паміж дзецьмі і бацькамі”...

Штодня ў Беларусі – 200 паведамленьняў пра сямейныя канфлікты

Спэцыяліст у сувязях з грамадзкасьцю Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Дзяніс Дакучыц спадзяецца на плённы працяг праекту:

“Мы вельмі спадзяемся, што ў наступным годзе зьявіцца сумесны праект паміж Фондам ААН у галіне народанасельніцтва, Міністэрствам унутраных справаў Беларусі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны: гэта асноўныя гульцы на полі прафіляктыкі гвалту ў сям’і”.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, штодня рэгіструецца каля 200 паведамленьняў аб сямейных канфліктах. Цягам 9 месяцаў 2007 году зафіксавана 199 забойстваў і 361 наўмыснае нанясеньне цяжкіх калецтваў на глебе сямейна-побытавых стасункаў. Паводле дасьледаваньняў Усясьветнай асацыяцыі аховы здароўя, каля 70% жанчын прынамсі аднойчы ў жыцьці сутыкаліся з гвалтам – з боку мужа ці інтымнага партнэра.
XS
SM
MD
LG