Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіліцкі: “У Вэнэсуэле “ламаць праз калена” – нельга, у Беларусі – можна”


Віталь Цыганкоў, Менск У панядзелак сталі вядомыя вынікі галасаваньня на рэфэрэндуме, які прайшоў 2 сьнежня ў Вэнэсуэле. 51 працэнт удзельнікаў рэфэрэндуму не падтрымалі адпаведныя папраўкі ў Канстытуцыю краіны, якія прадугледжвалі пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і магчымасьць прэзыдэнту Уга Чавэсу балятавацца на трэці тэрмін.

Цыганкоў: “Як бы вы пракамэнтавалі такія вынікі галасаваньня? Звычайна, калі аўтарытарныя кіраўнікі хочуць вылучацца на трэці тэрмін, то гэта ім удаецца. Чаму ў Вэнэсуэле такая схема не спрацавала?”

Сіліцкі: “Па-першае, Чавэс – ня дурань. Гэта краіна з даволі моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі і там ламаць правілы гульні, ламаць апазыцыю праз калена проста нельга. Фальшаваць вынікі выбараў, калі “50 на 50” – проста нельга, гэта можа скончыцца нават грамадзянскай вайной. А Чавэсу гэта не патрэбна.

Па-другое. Сваім такім мінімальным пройгрышам Чавэс збудаваў пэўны давер да тых працэдураў, якія ён адмініструе, у тым ліку і выбарчых. Нішто яму не замінае склікаць той самы рэфэрэндум праз 3 гады і нацягнуць гэтыя 0,7 працэнты адміністрацыйным рэсурсам. А там, на базе таго, што аднойчы ён ужо прайграў, давер да гэтых лічбаў будзе ўжо большым”.

Цыганкоў: “Ці ня ёсьць пагрозьлівым для кіраўніка тое, што ён падзяліў каіну фактычна напалам – 50 на 50? Што можа чакаць такое грамадзтва?”

Сіліцкі: “Увогуле, 50 на 50 – гэта стандартная сытуацыя ў любой дэмакратычнай краіне. У самім такім падзеле няма нічога страшнага. Але калі адна палова зьбіраецца цалкам выключыць з палітычнага працэсу іншую, то ўсё залежыць ад таго, ці ёсьць у грамадзтве нармальная традыцыя самаарганізацыі ці не. Вось у Вэнэсуэле яны ёсьць, а ў Беларусі няма. У выніку ў Вэнэсуэле нельга ламаць дубова праз калена, а ў Беларусі – можна”.

Цыганкоў: “Ці можа такі вынік рэфэрэндуму паўплываць на беларуска-вэнэсуэльскія шматлікія бізнэсовыя і нафтавыя праекты?”

Сіліцкі: “Чавэс пакуль нікуды не сыходзіць. Хаця, зразумела, усе гэтыя праекты ладзіліся “пад Чавэса”, і на грунце таго, што Чавэс пратрымаецца яшчэ 20 гадоў. Так што нейкае чаканьне, нейкая паўза будзе. Да таго часу, пакуль будзе дакладна вядома, як Чавэс зьбіраецца вырашаць праблему трэцяга тэрміна. Бо грошы ўкладаюцца менавіта пад канкрэтнага чалавека”





• Уга Чавэс пацярпеў паразу на рэфэрэндуме , 03.12.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG