Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З. Пазьняк: “У Расеі жорсткая калектыўная дыктатура”


Сяргей Навумчык, Прага Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Расеі камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк.

Пазьняк: “Выбары ў Расеі ўжо даўно ёсьць звыклай руцінай гэбізму - гэта значыць, сыстэмы ўлады, якая там усталяваная. Расейскія выбары прадказальныя, як дзень і ноч. Два моманты хацеў бы падкрэсьліць у сувязі з гэтай банальнай падзеяй. Рускія выбары ў чарговы раз наглядна паказалі сутнасьць рускага гэбізму, як карпаратыўнай улады кіроўнай групы КГБ. У Расеі створаная жорсткая калектыўная дыктатура, якая сьвядома дрэйфуе ў бок дзяржаўнага фашызму. Пра сутнасьць гэтай улады мы папярэджвалі яшчэ сем гадоў таму.

У Расеі якраз назіраецца вельмі небясьпечны зьбег абставінаў для разьвіцьця клясычнага імпэрскага фашызму. Настальгія па "вялікай імпэрыі", палітычныя паразы ў Прыбалтыцы, Украіне, Чачэніі, Грузіі, бездань паміж правінцыяй і сталіцай, паўсюдная крыміналізацыя грамадзтва, паўсюдная карупцыя ўлады, і пры гэтым - унікальная і абсалютная ўлада КГБ, які, трымаючы ў руках ніткі міжнароднага тэрарызму, істотна ўплывае на ўсясьветную палітыку, на цэны і разьмеркаваньне ўсясьветных энэргетычных рэсурсаў. У Расеі нават пасаду "нацыянальнага лідэра" падрыхтавалі. І сумуюць па Сталіну. Шчасьце яшчэ, што гушкаюць шэрага Пуціна. Бо калі б зьявіўся кліент "с отвагой во взоре", дык іншай была б і размова.

Другі аспэкт, які не магу не адзначыць - гэта часовае прасьвятленьне ў галовах некаторых заходніх спэцоў ад палітыкі. Сьпевакоў пра "расейскую дэмакратыю". Гэта, бадай, адзіны новы палітычны вынік расейскіх выбараў -- бурбалкі ў заходніх фантанах. Праўда, ненадоўга. Жыцьцё паказала, што "калектыўная" Эўропа можа добра паразумецца з "калектыўнай" дыктатурай. Нават калі янга фашысцкая.

...Перад пачаткам Другой усясьветнай вайны Англія і саюзьнікі падпісалі пагадненьне з Польшчай, што калі немцы на яе нападуць, дык яны ўступяць у вайну (а немцы патрабавалі тагачасны Данцыг (Гданьск). Немцы напалі на Польшчу, забралі Гданьск, а Польшчу ніхто не бараніў. І была такая крылатая фраза -- "Ніхто не хацеў паміраць за Гданьск".

Для нас, беларусаў, гэта ёсьць галоўнае, пра што мы павінны ведаць і памятаць. "Ніхто ня будзе паміраць за Гданьск". Тым больш - за нашу Незалежнасьць”.
XS
SM
MD
LG