Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начныя досьледы": хочаш узяць крэдыт – застрахуй жыцьцё


Алесь Дашчынскі, Менск Калі хочаш узяць у банку крэдыт – застрахуй сваё жыцьцё. Гэта пакуль неабавязкова рабіць у выпадку кароткатэрміновых пазык, гэта толькі прапанова “Белдзяржстраху”. Але з 2008 году яна можа стаць правілам. Як мяняюцца ўмовы атрыманьня крэдытаў са зьменаю эканамічнай сытуацыі ў краіне, высьвятляў наш карэспандэнт.

Страхаваньне для доўгатэрміновых крэдытаў ад трох гадоў ужо даўно праводзіцца. Да прыкладу, для крэдытаў на будаўніцтва жытла. Пра гэта паведаміла намесьніца генэральнага дырэктара “Белдзяржстраху” Юлія Арэшчанка.

Ёсьць розныя варыянты страхаваньня – альбо на ўсю суму, альбо на суму завінавачанасьці. Атрымальнікам страхоўкі можа быць сам пазычальнік, яго сям’я альбо непасрэдна банк.

“Паколькі ўсё ж ёсьць цікавасьць і па кароткатэрміновых крэдытах, да якіх адносяцца часьцей спажывецкія, мы распрацоўваем умовы, якія ў 2008 годзе, спадзяюся, пачнуць дзейнічаць, – расказвае Юлія Арэшчанка. – Калі здараецца сьмерць пазычальніка крэдыту, інваліднасьць ці страта на працяглы час працаздольнасьці, то яго запазычанасьць па крэдыце перад банкам закрывае страхавая кампанія. Закрывае ў той суме, на якую была складзеная дамова страхаваньня. Нікому іншаму выконваць гэтых абавязаньняў ня прыйдзецца”.

“Хутка палова краіны будзе адзін у аднаго паручальнікамі”

Паводле Юліі Арэшчанкі, цяпер у Беларусі павялічылася хваля спажывецкіх крэдытаў. Але некаторыя крэдыты даюцца банкамі толькі пры наяўнасьці паручальнікаў. І тут узьнікаюць складанасьці, кажа Юлія Арэшчанка:

“Колькасьць паручальнікаў таксама абмежаваная, і хутка палова краіны будзе адзін у аднаго паручальнікамі, і далей ня зможа разьвівацца гэтая сфэра забесьпячэньня абавязаньняў. Зьяўляецца дадатковая паслуга – страхаваньне”.

У “Белдзяржстраху” спадзяюцца, што банкі прызнаюць гэты поліс і колькасьць паручальнікаў можна будзе скараціць да аднаго.

“Стаўка даволі высокая, бо ў нас эканоміка рызыкоўная”

Тэлефаную ў “Прыёрбанк”, каб атрымаць крэдытную картку. Для яе атрыманьня трэба даведка аб прыбытках за 6 месяцаў і пашпарт. Калі браць картку на 10 мільёнаў, то трэба яшчэ знайсьці мінімум двух паручальнікаў. Прыбытак павінен быць ня меншы за адзін мільён штомесяц. Без паручальніка можна атрымаць картку на два з паловаю мільёны, калі сярэдні заробак складае 500 тысяч. Узяць такую картку можна пад 18% гадавых. Калі ёсьць паручальнікі, то крэдыт можна ўзяць пад 17% у беларускіх рублях ці 13% у валюце.

Такой карткай карыстаецца эканаміст Сяргей Балыкін. Ён называе сябе актыўным карыстальнікам крэдытаў:

“У нас толькі вялікія стаўкі па гэтых крэдытах. А чым большая стаўка, тым лягчэй гэты крэдыт атрымаць. На будоўлю кватэры атрымаць крэдыт ня цяжка, калі ты платаздольны. Калі ў вас ёсьць заробак стабільны, калі ў вас ёсьць чым забясьпечыць гэты крэдыт, дык вы пойдзеце і возьмеце гэты крэдыт за некалькі дзён. Раней чаму было цяжка атрымаць крэдыт – не было рэсурсаў у банках”.

Карэспандэнт: “Зыходзячы з вашага досьведу, ці выгадна браць крэдыты ў Беларусі?”

“Працэнты дастаткова вялікія, – прызнае Сяргей Балыкін. – Яны будуць ніжэйшыя тады, калі мы будзем мець доступ да больш танных замежных рэсурсаў. А мець доступ да гэтых рэсурсаў мы зможам толькі тады, калі ў нас будуць палітычныя зьмены, калі ў нас будзе гарантаваная недатыкальнасьць уласнасьці. Стаўка даволі высокая, бо ў нас эканоміка рызыкоўная. Чым больш свабодная эканоміка, тым лягчэй гэта зрабіць”.

“Ня хочуць людзі ўжо больш чакаць. Больш спакусаў у жыцьці зьявілася”

Супрацоўнік “Белпрамбудбанку” Дзьмітры Раманоўскі сказаў, што ў ягоным банку пры наяўнасьці страхоўкі і адным паручальніку можна ўзяць крэдыт. Як гэта сыстэма спрацоўвае?

“Усё залежыць ад атрымальніка крэдыту, – расказвае Дзьмітры Раманоўскі. – Бо кошт для атрымальніка ў такім выпадку расьце, бо ён жа плаціць яшчэ й за страхоўку. Калі ў яго няма магчымасьці знайсьці другога паручальніка ці прадставіць заклад, то такая схема нармальная. Фізычныя асобы, як правіла, любяць апэраваць паручальнікамі. Для іх гэта таньней. Бо страхавая кампанія ня проста так выдае страхавы поліс”.

Банкіры кажуць, што паменшыць стаўку немагчыма ў сувязі зь нястачаю крэдытных рэсурсаў.

“Рэзэрва ў зьніжэньні роўню працэнтных ставак залежыць, вядома ж, пэрсанальна ад кожнага банку – як штаны дазваляюць, – гаворыць спадар Раманоўскі. – Але тое, што гэты рынак у Беларусі разьвіваецца і будзе разьвівацца далей, я ў гэтым перакананы. Ня хочуць людзі ўжо больш чакаць. Больш спакусаў у жыцьці зьявілася. Спакусаў, за якія трэба плаціць прама цяпер”.

“Проста не хапае да заробку”

Аднак ня ўсе грамадзяне могуць узяць крэдыт у банку. Таму можна зьвярнуцца ў “Сталічны клюб узаемадапамогі”. Тут даюцца маленькія грошы на малыя тэрміны пад тры працэнты ў месяц. Старшыня клюбу Алена Каляда патлумачыла:

“Многа людзей, у якіх заробак, возьмем тых жа самых дворнікаў, 200-300 тысяч. Пад гэты заробак ім вельмі складана ўзяць крэдыт у банку. І вельмі часта бывае такая сытуацыя ў многіх грамадзянаў, што ім проста не хапае да заробку. Ну, на тыдзень не сышлося”.

Але й тут асноўная праблема – нястача грошай. Паводле спадарыні Каляды, ахвочых скарыстацца грашыма значна больш, чым ахвочых ашчаджаць грошы. Тут ужо на месяц наперад ўтварылася чарга ахвотнікаў узяць пазыкі.
XS
SM
MD
LG