Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Данута Бічэль: дзьве даты нараджэньня паэткі


Радыё Свабода, Горадня 3 сьнежня ўвечары ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле адбылося сьвяточнае набажэнства на беларускай мове, прысьвечанае Францішку Ксавэрыю, імя якога мае храм. На імшы таксама маліліся з нагоды 70-годзьдзя паэтэсы Дануты Бічэль. Інтрыга ў тым, што ўва ўсіх даведніках датаю нараджэньня паэткі называецца 1 студзеня 1938 году, а ня 3 сьнежня — папярэдняга.

Наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў сустрэўся пасьля імшы з Данутай Бічэль і пацікавіўся ў яе: як маглі зьявіцца дзе розныя даты? Яна таксама распавяла, што да юбілейнай даты ў яе няма выдадзенай новай кнігі, а таксама выказала пажаданьні сваім чытачам.

Бічэль: “Я дату напісала “ад халявы”, у мяне няма па сёньняшні дзень мэтрыкі хросту. Кажуць, што згарэлі архівы касьцёлу ў Гаўі. Трэба было мне пашпарт атрымліваць, я пайшла і назвала дату, якая была харошая, – 1 студзеня. Але нарадзілася я 3 сьнежня, а хрышчаная была 25-га, на Каляды”.

Карэспандэнт: “Семдзесят гадоў, а кніжкі новай няма... А рэальна — ёсьць творы для кнігі, проста трэба яе выдаць?”

Бічэль: “У мяне ўжо столькі кніжак! Будзе Беларусь, то будуць і кніжкі мае, будуць вершы. Так атрымалася, што я ўжо вельмі стомленая і зьбіраць грошы пад касьцёлам мне ня хочацца, таму кніжкі няма.

Можа, у мяне больш чытачак, чым чытачоў. Мне здавалася і здаецца, што я ўсіх сваіх чытачоў ведаю. Сёньня, у свой дзень, я ведаю, што яны ўсе мяне любяць і думаюць пра мяне. Я жадаю ім усім шчасьця, здароўя і дабра. Хачу сказаць, што я іх усіх люблю, усіх памятаю, усіх абнімаю, яны ў маім сэрцы усе, уся Беларусь”.
XS
SM
MD
LG