Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Конкурс імя Міхаіла Ельскага скарацілі на адзін тур


Юлія Шарова, Менск 1 сьнежня ў Менску адкрыўся II Міжнародны конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструмэнтах імя Міхаіла Ельскага. У ім бяруць удзел 149 маладых музыкантаў. Геаграфія конкурсу абмяжоўваецца постсавецкай прастораю, замежных удзельнікаў – 67.

Конкурс імя Міхаіла Ельскага падзялілі на чатыры намінацыі – “Скрыпка”, “Альт”, “Віялянчэль” і “Кантрабас” – і на дзьве ўзроставыя групы – сярэднюю (16-18 гадоў) і старэйшую (18-30 гадоў). У першы дзень конкурсных праслухоўваньняў я пагутарыла зь некаторымі ўдзельнікамі:

Станіслаў Малышаў, Расея, старэйшая група, скрыпка:

“Вельмі добрая заля ў Менску, вельмі, здаецца, добразычлівая публіка. Цікава ўсё ж, што за конкурс. Я ніколі ня быў у Менску, і мне цікава папросту паглядзець горад”.

Дзьмітры Цярэнцьеў, Украіна, старэйшая група, скрыпка:

“Атмасфэра на конкурсе на самім у працэсе выступленьняў спакойная і добразычлівая. Мне нават падаецца, што паколькі я ніколі раней ня быў у гэтай краіне, я тут нікога ня ведаю, дык атрымалася так, што я тут нікога не баюся. Адчувалася нейкая дзіўная ўпэўненасьць, а я чалавек, якога можна аднесьці да мандражыстаў”.

Юлія Весялкова, Беларусь, сярэдняя група, альт:

“Дома складаней, бо тут усе свае і тут ёсьць жаданьне ўдала выступіць перад сваімі”.

Конкурс ідзе ў два туры – трэцяга туру, дзе па традыцыі ўдзельнікі граюць канцэрты з аркестрам, пастанавілі не рабіць. Амаль кожны чалец журы прывёз на конкурс сваіх вучняў, што на сур’ёзных міжнародных конкурсах лічыцца недапушчальным.

Ірына Бачкова, заслужаная артыстка Расеі, старшыня журы ў намінацыі “Скрыпка”:

“У нас вельмі добрае журы, мне здаецца. Падабраліся людзі вельмі кампэтэнтныя – і скрыпачы, якія граюць на сцэне, і вельмі добрыя пэдагогі. І яны ставяцца да конкурсу з разуменьнем. У мяне грала вучаніца – дык што? Я не галасую за сваю вучаніцу. Спадабаецца – пройдзе, не спадабаецца – ня пройдзе”.

На сёлетнім конкурсе імя Ельскага бракуе канцэртмайстраў. Амаль ніхто з замежных удзельнікаў не прыехаў са сваімі акампаніятарамі – гэта занадта дорага. Некаторыя дзяжурныя канцэртмайстры вымушаныя граць вялікія праграмы зь пяцьцю ўдзельнікамі запар і амаль ня маюць часу для таго, каб адрэпэтаваць.

Графік праслухоўваньняў вельмі шчыльны: абодва журы працуюць штодня ад дзясятай раніцы да восьмай вечара зь невялікімі перапынкамі. Чальцы журы жартуюць: у нас шмат алоўкаў і асадак, каб запісваць свае ўражаньні ад кожнага выступу.

Старшыня журы ў намінацыях “Альт”, “Віялянчэль”, “Кантрабас”, заслужаны артыст Расеі Кірыл Родзін кажа пра свае назіраньні пасьля праслухоўваньня альтыстаў зь сярэдняй групы:

“Вядома, у нас патрабаваньні да выканаўцаў вельмі сур’ёзныя, бо калі мы ўхваляем, то гэта павінна быць абгрунтаваная творчая ўзнагарода. Ня ўсе пакуль удзельнікі прадэманстравалі сьпеласьць творчую ў справе валоданьня інструмэнтам. Узрост 16-18 год – нехта зь іх разьвіваецца больш актыўна, нехта пакуль што мае магчымасьці для творчага росту”.

5 сьнежня Кірыл Родзін сам павінен выступаць са сваім сольным канцэртам у Беларускай фільгармоніі. Часу на падрыхтоўку да гэтага канцэрту ён зусім ня мае, бо павінен слухаць удзельнікаў.

• Трэці міжнародны конкурс піяністаў “Менск-2005” ня быў прадстаўнічым, 19.12.2005 • Першы конкурс імя Ларысы Александроўскай, прысьвечаны 100-годзьдзю артысткі, 24.11.2004
XS
SM
MD
LG