Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці створана ў Беларусі безбар’ернае асяродзьдзе для інвалідаў?


Іна Студзінская, Менск Сёньня — Міжнародны дзень інвалідаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на ўліку больш за 509 тысяч інвалідаў. І колькасьць іх штогод расьце: за апошнія 5 гадоў стала больш на 31 тысячу — на 6,5 працэнта. Пры гэтым сярод аб''ектаў грамадзкай інфраструктуры толькі кожны пяты неяк улічвае патрабаваньні людзей з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі. Што можна зрабіць, каб для інвалідаў быў створаны сапраўды безбар’ерны асяродак?

Цяпер у Беларусі больш за 15 тысяч інвалідаў-вазочнікаў. Каб чалавеку з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі перасоўвацца па горадзе, павінны быць вырашаныя прынамсі тры галоўныя праблемы. Па-першае, будынкі, спускі ў мэтро, падземныя пераходы павінны быць абсталяваныя пандусамі. Па-другое, гарадзкі транспарт павінен быць зь нізкай прыступкай, каб чалавек на вазку мог лёгка заехаць у салён. І па-трэцяе, трэба, каб былі зручныя, лёгкія вазкі для перасоўваньня.

На мінулым тыдні баранавіцкія журналісты правялі экспэрымэнт: паспрабавалі на ўласным досьведзе паспытаць, як адчувае сябе чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі. Распавядае Алесь Гізун:

“Дзьве зь лішкам гадзіны паезьдзіў па горадзе, уласных сіл хапіла толькі на 5 хвілін, каб круціць колы вазка, а так спатрэбілася дапамога калегі. Хоць здаецца, што горад даволі добра абсталяваны пандусамі, у інваліда проста няма магчымасьці на іх узьехаць. Адзіны больш-менш добра абсталяваны пандус у Баранавічах — у гарвыканкам. Тое самае і з грамадзкім транспартам. Чалавека з інвалідным вазком уздымалі і заносілі ў грамадзкі транспарт ажно чатыры чалавекі. Увогуле экспэрымэнт нагадваў гераічны подзьвіг”.

Паводле Дзяржаўнай праграмы аб безбар''ерным асяродзьдзі на 2007—2010 гады, доля аб''ектаў, прыстасаваных для інвалідаў, павінна павялічыцца з 20 да 50%. У Менску апошнім часам зьяўляюцца адмысловыя заезды для вазочнікаў. Аднак звычайна яны вядуць толькі да дзьвярэй будынкаў. Прыступкі і подыюмы на вазку не пераадолець. Загадчыца аддзелу па сувязях з грамадзкасьцю Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Галіна Трафіменка кажа:

“Ёсьць дзяржаўная праграма стварэньня безбар’ернага асяродзьдзя. Толькі нядаўна пачалі яе рэалізоўваць, але ўжо шмат зроблена. Прынамсі новае жыльлё і новыя будынкі для розных арганізацыяў — усе яны ўжо павінны стварацца з умовамі для інвалідаў, каб забясьпечыць ім доступ”.

Паводле гэтай праграмы будуць выдаткаваныя грошы на закупку 20 адмысловых пасажырскіх вагонаў, 800 аўтобусаў і тралейбусаў з нізкай падлогаю.

Найбольшая праблема – вазкі

Бальшыня інвалідаў скардзіцца на кепскую якасьць і нязручнасьць вазкоў, якія выдае дзяржава. Дзіцячы вазок важыць каля 30 кг., а вазкі для дарослых яшчэ цяжэйшыя. На думку старшыні Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргея Драздоўскага, праблема ў тым, што Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускі пратэзна-артапэдычны аднаўляльны цэнтар” — манапаліст на беларускім рынку:

“90 адсоткаў вазкоў на нашым рынку — гэта іхнія. Атрымліваецца, менавіта гэтаму прадпрыемству даручыла міністэрства закупку рэабілітацыйных сродкаў, і яны ж іх і вырабляюць. Плюс да гэтага на тэрыторыі заводу лябараторыя, якая ацэньвае тэхнічныя сродкі рэабілітацыі. Атрымліваецца, у адной асобе практычна ўсё — уся сфэра. Я прыяжджаю на завод, мне кажуць — ну паглядзі, які цудоўны вазок. Пачынаю тлумачыць, чаму ён нязручны, нязграбны, чым ён дрэнны — але мяне ніхто ўжо ня слухае. Апошні раз мы нават падалі скаргу ў пракуратуру і дзяржкантроль, таму што былі закупленыя вазкі, якімі цалкам немагчыма было карыстацца. Фактычна падлог адбыўся”.

Вазок з аўтаматычным кіраваньнем ад нямецкай фірмы “Mexra” каштуе ад 3 тысяч эўра. Але ў яго малыя пярэднія колы, якія не заўсёды пройдуць па беларускіх дарогах. А больш прыдатныя для мясцовых умоваў вазкі каштуюць ад 7 тысяч эўра. У Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі ды Ўкраіны, няма магчымасьці атрымаць вазок з аўтаматычным кіраваньнем праз органы сацыяльнага забесьпячэньня.

• Інвалідныя вазкі ў Беларусі робяць без увагі да інвалідаў , 18.11.2007 • Дзяцей-інвалідаў многа, пуцёвак мала…, 16.11.2007 • Апытаньне: якія галоўныя праблемы інвалідаў у беларускім грамадзтве?, 16.11.2007
XS
SM
MD
LG