Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паэту Рыгору Крушыну – 100 гадоў


Валянціна Аксак, Менск Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня паэта Рыгора Крушыны (сапраўднае прозьвішча — Казак). Гэта быў першы беларускі творца, які стаў сябрам Міжнароднага ПЭН-клюбу — аб’яднаньня свабодных паэтаў, эсэістаў і навэлістаў. У 1950—1960-я гады пад псэўданімам Кастусь Рамановіч ён працаваў у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Дзяцінства і юнацтва Рыгора Казака прайшло на Случчыне. Бунтоўны край выхаваў будучага паэта ў духу пашаны да нацыянальнае незалежнасьці. Гэтыя пачуцьці выліліся з-пад ягонага пяра ў першых жа публікацыях — у рукапісным часопісе “Наша слова”. Рыгор з братам Міколам і сябрамі выдавалі яго, калі вучыліся ў Слуцку. Апрача таго, юнакі друкавалі і распаўсюджвалі антыбальшавіцкія ўлёткі.

Толькі праз шчасьлівы зьбег абставін Рыгор Казак пазьбег рэпрэсіяў, шырока заявіў пра сябе паэтычнымі публікацыямі і нават пасьпеў скончыць сцэнарны факультэт пры Інстытуце кінэматаграфіі ў Маскве. Але ў 1944 годзе ён разам з тысячамі іншых, хто быў ня згодны з бальшавіцкімі парадкамі ў родным краі, мусіў выехаць на Захад, дзе стаў друкавацца пад імем Рыгора Крушыны.

“У ягонай паэзіі, як ні ў кога зь беларускіх паэтаў, вельмі адчувальна адбілася настальгія па Бацькаўшчыне. Гэта па-першае. А па-другое, у яго па-новаму неяк загучала беларускае слова”, – гаворыць дасьледчыца літаратуры беларускага замежжа Лідзія Савік.

На эміграцыі Рыгор Крушына выдаў сем паэтычных зборнікаў, у якіх упершыню ў айчыннай літаратуры ўжыў новыя вершаваныя формы, — падкрэсьлівае спадарыня Савік:

“Ён упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія формы, як паліндром, туюг, газэль, канцона, японскае танка”.

А яшчэ ён быў першым прадстаўніком беларускіх творцаў у Міжнародным ПЭН-клюбе.

Землякі нічога пра гэта ня ведалі, хоць голас ягоны шмат хто чуў на хвалях беларускай службы Радыё Свабода. Рыгор Крушына працаваў тут пад псэўданімам Кастусь Рамановіч.

Аб’езьдзіўшы ўвесь вольны сьвет, ён марыў калі ня сам, то сваімі творамі вярнуцца на радзіму. Але цягам 60 гадоў ніводнага верша, ніводнае згадкі пра імя паэта не зьявілася ў друку на Бацькаўшчыне. І толькі залетась дзякуючы намаганьням сына Ігара творчая спадчына Рыгора Крушыны пачала вяртацца да чытачоў на радзіме. У недзяржаўным выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшаў том выбраных твораў паэта, цяпер рыхтуецца яшчэ адна кніга ягонай паэзіі. А 12 сьнежня ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры, які месьціцца ў Траецкім прадмесьці, адбудзецца вечарына ў гонар паэтавага юбілею.

• Імёны Свабоды: Рыгор Крушына (3.12.1907, в. Бязьверхавічы (цяпер Слуцкі раён) — 27.3.1979, Вірджынія, ЗША), 01.03.2007
XS
SM
MD
LG