Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ: выбары ў Расеі не былі справядлівыя


Тацяна Поклад, Прага Пракрэмлёўская партыя “Единая Россия” перамагла на ўчорашніх выбарах у Дзяржаўную думу і будзе мець вырашальную большасьць мандатаў. Ніводная з празаходніх лібэральных партыяў у Думу не прайшла.

Вынікі выбараў у Дзярждуму пацьвердзілі, што Ўладзімер Пуцін будзе па-ранейшаму дамінаваць у расейскай палітыцы. Аналітыкі і апазыцыйныя лідэры папярэджваюць, аднак, што Расея рухаецца ў кірунку аднапартыйнага кіраваньня ў савецкім стылі.

У Дзярждуму прайшлі толькі чатыры партыі (апрача "Единой России", – камуністы (11,6 % галасоў), ультра-нацыяналістычная лібэрал-дэмакратычная партыя Жырыноўскага (8,2 %) і папулісцкая “Справедливая Россия” (7,6 %)). Усе іншыя партыі не пераадолелі 7-працэнтнага бар’еру.

Сьпікер Дзярждумы, чые паўнамоцтвы заканчваюцца, Барыс Грызлоў, заявіў, што вынікі выбараў сталіся мандатам на працяг палітыкі Пуціна:

“Галасаваньне пацьвердзіла галоўную ідэю, што Ўладзімер Пуцін зьяўляецца нацыянальным лідэрам, што выбаршчыкі падтрымліваюць той курс, які ён праводзіў цягам васьмі гадоў”.

Паводле падлікаў галасоў, якія сёньня апоўдні былі падлічаныя ўжо на 98 %, прыблізна 306 месцаў у Дзярждуме атрымала “Единая Россия” з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным на чале сьпісу кандыдатаў партыі.

Аналітыкі нагадваюць, што дастаткова мець 301 месца для таго, каб кантраляваць сытуацыю цалкам – і мець магчымасьць зьмяніць палітычныя інстытуты ў краіне для таго, каб Пуцін захаваў уладу. Усе разам пракрамлёўскія партыі, як мяркуецца, будуць кантраляваць у Дзярждуме 393 месцы з 450-ці.

Назіральнікі адзначаюць, што хутчэй за ўсё, Пуцін захавае уладу ў іншай палітычнай ролі – як фактычны кіраўнік, да прыкладу, у якасьці прэм’ер-міністра. Бальшыня аналітыкаў мяркуюць, што Пуцін будзе кіраваць краінай праз лідэрства кіроўнай партыяй – “Единой Россией”.

АБСЭ: выбары несвабодныя

Гэтыя выбары ўжо скрытыкаваныя і апазыцыйнымі палітыкамі, і незалежнымі агенцтваў за парушэньні. Выбарам папярэднічала актыўная кампанія у СМІ, кіраваная Крамлём. Шырока выказваюцца абвінавачваньні ў тым, што ўжываліся запалохваньні і падман.

Гэтыя абвінавачаньні выказваюць і кіраўнікі камуністычнай партыі, якая прайшла ў Дзярждуму. Лідэр камуністаў Генадзь Зюганаў заявіў, што гэтыя выбары былі найменей свабоднымі і справядлівымі ад часоў распаду Савецкага Саюзу:

“Гэта самыя складаныя выбары, і найбольш брудныя. Калі ў часе Ельцына былі два спосабы фальсыфікацыі – запалохваць і выпраўляць пратаколы, то сёньня прыдуманыя як найменей паўтара дзясятка спосабаў як завабіць і падмануць выбаршчыкаў. Многія настаўнікі і дактары, бюджэтныя работнікі скардзіліся, што іх кіраўніцтва загадвала ім галасаваць за “Единую Россию”.

Эўразьвяз заявіў, што парушалася свабода слова. ЗША заклікалі ўлады Расеі дасьледаваць абвінавачваньні ў падманах. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ня здолела накіраваць на выбары ў Расею сваю місію назіральнікаў. Ад АБСЭ ў Расею прыбылі толькі прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі.

Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, якія назіралі за выбарамі, заявілі, што выбары ня былі справядлівыя. Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў:

“Я вельмі шкадую, што АБСЭ не праводзіла ў Расеі доўгатэрміновага маніторынгу, як гэта было цягам мінулых гадоў. У Расеі гэтым разам былі толькі зь невялікай місіяй прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Было зразумела, што зьявяцца сумненьні адносна вынікаў галасаваньня, і, вядома, вы чулі, што выбары не адпавядалі прынцыпам АБСЭ. Я разьлічваю, што расейскія ўлады правядуць расьсьледаваньне”.

• Расейскія палітыкі – пра вынікі парлямэнцкіх выбараў, 3.12.2007 • А.Рар: “Лібэральная ідэя ў Расеі памерла”, 3.12.2007 • Мікалай Злобін: “Манаполія – гэта рэцэпт правалаў”, 3.12.2007 • А.Вайтовіч: “Курс Расеі ў дачыненьнях з Беларусьсю будзе працягнуты”, 3.12.2007 • Дзяніс Мельянцоў: “Мяккае кіраваньне” дэмакратыяй", 3.12.2007 • Барыс Нямцоў: “Пуцін стаў Лукашэнкам”, 2.12.2007 • Экзыт-пол ВЦИОМ: прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • Паводле экзыт-полу Фонду “Общественное мнение”, у Думу прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • На выбарах у заканадаўчы сход Камчаткі “Единая Россия” набірае больш за 70%, 2.12.2007 • 66% расейцаў упэўненыя, што выбары ў Думу несвабодныя, 2.12.2007 • Г.Каспараў: “Гэта выбары бяз выбару”, 2.12.2007 • І.Рынкевіч: “Кампанія ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу ў Расеі”, 2.12.2007 • Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Як галасавалася расейскім беларусам? , 2.12.2007 • Расея: Генадзій Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007 • А.Кароль: “У Расеі будзе “калектыўны Пуцін”, 1.12.2007 • Апытаньне: чым розьняцца і чым падобныя выбары ў Расеі і Беларусі? , 1.12.2007
XS
SM
MD
LG