Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: у дзіцячым садку зьявілася першая беларускамоўная група


Радыё Свабода Сёньня трое дзетак — Яліна Салаўёва, Мікола Бацюкоў ды Павел Мохаў — пайшлі ў адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу пры дзіцячым садку нумар 81. Беларускамоўная група “Вясёлка” зьявілася ў Магілёве пасьля амаль пятнаццацігадовага перапынку.

Пяць месяцаў актывісты мясцовых суполак Таварыства беларускай мовы й руху БНФ “Адраджэньне” дамагаліся ад уладаў адкрыцьця беларускамоўнай групы ды шукалі сем’і, якія пагадзіліся б аддаць туды сваіх дзяцей.

За гэты час актывістам удалося знайсьці дзясятак такіх сем’яў. У групу, аднак, пайшлі толькі трое дзетак. Астатнія не адпавядалі паводле ўзросту.

Загад аб адкрыцьці адзінай у Магілёве беларускамоўнай групы падпісаў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Аляксандар Гапееў месяц таму. Чаму толькі сёньня дзеці пайшлі ў свой садок? Тлумачыць адзін з бацькоў Зьміцер Салаўёў:

“Рашэньне аб адкрыцьці групы было датавана першым лістапада. Але раённы аддзел адукацыі ня выдаткаваў сродкаў на неабходныя гаспадарчыя рэчы, каб гэтая група адчынілася, каб санстанцыя гэта ўсё прыняла”.

У дзіцячым садку ўжо ёсьць польскамоўная група. Туды ходзяць 16 дзетак. Штогод у госьці да іх наведваецца амбасадар Польшчы.

Загадчыца садка Элеанора Куляшова перакананая, што ў беларускамоўнай групе будзе больш дзетак:

“Я перакананая ў гэтым. Мы беларусы. Усё ж хочацца, каб не забывалі, што мы беларусы. Адкрываюцца польскія, габрэйскія групы, але беларускія адкрываць трэба ў першую чаргу”.

Выхавацелька Алеся Кучура задаволеная тым, што будзе працаваць у незвычайнай для Магілёва групе. Што яна найперш зробіць, калі застанецца сам-насам зь дзецьмі?

“Спачатку знаёмства, потым гульня цікавая, каб абудзіць у дзяцей цікавасьць да сябе, да таго, што яны прыйшлі ў новую групу”.

Бацька Міколкі Бацюкова Аляксей сьвядома аддаў свайго сына ў беларускамоўную групу.

“Беларуская мова — наша родная. Я ўпэўнены, што ў такую групу не прывядуць сваіх дзяцей бацькі, якія будуць безадказныя і не зацікаўленыя ў гэтым. Пакуль група малакамплектная, у сына будзе менш шанцаў захварэць, напрыклад. У малакамплектнай групе будзе больш увагі аддавацца кожнаму дзіцяці”, — мяркуе Аляксей Бацюкоў.

У Магілёве беларускамоўныя групы пачалі стварацца пры канцы 1993 году. Пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году гэты працэс спыніўся. Няма ў Магілёве і беларускамоўных школ.

Паводле ўправы адукацыі аблвыканкаму, беларускамоўных школ на Магілёўшчыне 56 працэнтаў. Але гэта пераважна вясковыя малакамплектныя школы. Сярод буйных гарадоў вобласьці толькі Асіповічы маюць гімназію, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску.

Урачыстае адкрыцьцё беларускамоўнай групы. Выхавацелька Алеся Кучура пераразае стужку

Пакуль толькі трое: на пярэднім пляне — Ялінка Салаўёва ды Міколка Бацюкоў, на дальшым, ля акна — Павел Мохаў

Выхавацелька Алеся Кучура з загадчыцай садка Элеанорай Куляшовай

Гадаванец беларускамоўнай групы Міколка Бацюкоў дае першае інтэрвію тэлевізійнаму каналу “Магілёў-2”

У адпачывальні пакуль тры ложкі, але шмат месца

• Магілёў: зьявілася беларуская група ў дзіцячым садку, 01.11.2007 • У Магілёве няма беларускамоўных клясаў, 29.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG