Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Фядута: “Сёньняшняя школа – дэідэалягізаваная, бо ідэі няма”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня палітоляг Аляксандар Фядута прапанаваў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму – як памянялася за часы незалежнасьці дзяржавы псыхалёгія грамадзтва: ці прыходзіць на зьмену “савецкасьці” – “беларускасьць”?

Цягам тыдня мы будзем абмяркоўваць перамены, якія адбываюцца ў сьвядомасьці грамадзянаў. А ў пятніцу на гэтую тэму будзе падрыхтаваная адмысловая перадача. Паводле адукацыі спадар Фядута пэдагог, таму першая размова зь ім нашага карэспандэнта Аляксандра Улцёнка – пра савецкае і сёньняшняе школьнае выхаваньне.

Уліцёнак: “Аляксандар, каго ж выхоўвала савецкая школа?”

Фядута: “Ня самага адукаванага ў сьвеце чалавека. Ня самага маральнага. Але ён мусіў адпавядаць пэўным крытэрам, закладзеным у так званы маральны кодэкс будаўніка камунізму. Нічога ня мусіла супярэчыць традыцыйнаму быту хрысьціянскай цывілізацыі…”

Уліцёнак: “Хрысту – Хрыстова, але ж былі акцябрацкая, піянэрская, камсамольская арганізацыі?”

Фядута: “Так! Але прынцып выхаваньня заставаўся такім, як будуецца любая царква – з сымбалем сьвятасьці. Гэта – Уладзімер Ільіч Ленін, якому ўсе павінны былі прыносіць клятву ў любові. І галоўнае: усе мусілі верыць, што ён – бесьсьмяротны. Гэта была постаць, якая ўяўляла сабой ідэю”.

Уліцёнак: “То бок рыхтавалі-штампавалі змагароў за ленінскую ідэю?”

Фядута: “Не – дапамагалі яе рэалізоўваць”.

Уліцёнак: “Усё ж, акрамя ідэалёгіі, была літаратура, былі нейкія гуманныя прыклады, на якіх грунтавалася выхаваньне?”

Фядута: “Так, прыклады рэвалюцыйнага гуманізму…”

Уліцёнак: “Данка і гэтак далей…”

Фядута: “…Карчагін, маладагвардзейцы – у кожнай школе меўся музэй свайго, блізкага да тамтэйшых героя”.

Уліцёнак: “Такім чынам – суцэльная ідэалягізацыя?”

Фядута: “Вось-вось, менавіта ідэалягізацыя!”

Уліцёнак: “А што зараз маем?”

Фядута: “Сёньня няма ідэалягізацыі, бо няма ідэі. Ёсьць, як кажа Уладзімер Падгол, – ідал. А ідал без ідэі робіць немагчымым паўтор вось той сыстэмы выхаваньня, якая была падчас савецкай школы. Унутры яе – пустэча”.

Уліцёнак: “Атрымлівацца, міністар адукацыі спадар Радзькоў і ягоныя паплечнікі нібыта шмат намаганьняў прыкладаюць, але эфэктыўнасьць іхняй працы…”

Фядута: “Вядома, яе ня будзе. Таму што выхаваць у пустаце – немажліва”.
XS
SM
MD
LG