Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у заканадаўчы сход Камчаткі “Единая Россия” набірае больш за 70%


Віктар Дзятліковіч, Масква У Расеі ідуць апошнія гадзіны галасаваньня на выбарах ў ніжнюю палату парлямэнту – Дзяржаўную Думу. Карэспандэнт “Свабоды” ўвесь дзень сачыў за выбарамі ў кампаніі міжнародных назіральнікаў АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Хада выбараў у Дзяржаўную Думу Расеі спраўджвае папярэднія прагнозы. Хаця галасаваньне яшчэ ня скончанае, відавочнымі выглядаюць тры рэчы – яўка выбаршчыкаў будзе значна больш, чым на мінулых парлямэнцкіх выбарах, большасьць галасоў атрымае партыя “Адзіная Расея”, а міжнародныя назіральнікі і партыі, якія зоймуць месца ніжэй першага, зафіксуюць шматлікія парушэньні закону.

Барацьба за максымальна высокую яўку на выбарах пачалася ў Расеі даволі даўно. Шмат дзе ўдзел у выбарах стаў дабраахвотна-прымусовы. Назіральнікі зьвязваюць гэта з тым, што пры цяперашняй сыстэме падліку галасоў, высокая яўка дае дадатковую перавагу той партыі, якая пераможа на выбарах – ёй дастанецца больш дэпутацкіх мандатаў за кошт тых партыяў якія ня пройдуць у Думу.

І можна канстатаваць, што яўка будзе высокай. Прынамсі, па інфармацыі з Далёкага Ўсходу і Сібіры – рэгіёнаў, дзе галасаваньне ўжо скончылася, актыўнасьць выбаршчыкаў прыкладна на 5, а то і 10 адсоткаў вышэйшая, чым на папярэдніх выбарах у Дзяржаўную Думу.

“Единая Россия”, ЛДПР і КПРФ?

Па ускосных дадзеных ужо можна прагназаваць і колькі партыяў пройдзе ў парлямэнт. Ва умовах адсутнасьці афіцыйнай інфармацыі і лічбаў экзыт-полаў зьвярнула на сябе ўвагу паведамленьне з Камчаткі. Выбарчая камісія распаўсюдзіла папярэднюю інфармацыю пра падлік галасоў на выбарах Заканадаўчага сходу Камчацкага краю, якія шлі паралельна з выбарамі ў Дзяржаўную думу. Аказалася, што “Единая Россия” набірае блізу 73 адсоткаў , ЛДПР – 10, камуністы 7, астатнія партыі ня болей за 4 адсоткі галасоў. На фэдэральным узроўні лічбы, зразумела могуць адрозьнівацца, але тэндэнцыя відавочная – найхутчэй, у новую Думу пройдуць тры, максымум, чатыры партыі.

Прадстаўнікі апазыцыі ужо цяпер заяўляюць, што афіцыйныя вынікі выбараў ня будуць адпавядаць сапраўдным, бо фіксуюцца шматлікія парушэньні закону. Асабліва гэты тычыцца тых рэгіёнаў, дзе грамадзтва знаходзіцца пад жорсткім кантролем мясцовых уладаў – у Башкартастане назіральнікаў шмат дзе не пускаюць на выбарчыя участкі, у Дагестане, па дадзеных камуністаў, ужо зафіксавалі факт укідваньня дадатковых бюлетэняў у скрыні для галасаваньня.

Аднак найбольшыя фальсыфікацыі могуць адбывацца з пасьведчаньнямі, якія дазваляюць людзям галасаваць не па месцы жыхарства, – “открепительными удостоверениями”. На думку апазыцыі, існуе цэлая сыстэма, калі па гэтых пасьведчаньнях адны і тыя ж людзі галасуюць некалькі разоў – так званая “карусэль”. Ясная справа, галасуюць яны за партыю ўлады. Прадстаўнікі “Единой России” адкідаюць такія абвінавачваньні.

Расея выбрала свой, адрозны ад іншых, шлях і праводзіць выбары па сваіх правілах

Замежныя назіральнікі пакуль публічна не камэнтуюць хаду галасаваньня. Аднак я магу рабіць нейкія высновы пра іх ацэнку выбараў, бо на працягу дня наведаў шэраг выбарчых участкаў разам з назіральнікамі ад Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ. Так, прадстаўнікі Парлямэнцкай Асамблеі на кожным участку асаблівую увагу надавалі скрыням для галасаваньня і ў размовах з прадстаўнікамі выбарчых камісіяў адзначалі, што гэтыя скрыні недастаткова абароненыя ад несанкцыянаванага адкрыцьця і ўкідваньня бюлетэняў. Акрамя таго, назіральнікі зьвярталі ўвагу на тое, што прадстаўнікі палітычных партыяў амаль не кантралююць працэс галасаваньня па-за межамі выбарчых участкаў.

У той жа час прадстаўнік АБСЭ, дэпутат фінскага парлямэнту Кімо Кільюнен, у размове з карэспандэнтам “Свабоды” адзначыў, што шмат у чым хада выбарчага працэсу ў Расеі дыктуецца спэцыфікай расейскага заканадаўства:

Кільюнен: “Мы можам лічыць шмат якія выбарчыя працэсы у Расеі ня вельмі дэмакратычнымі, але яны дазваляюцца законам, і таму мы ў гэтакіх выпадках ня можам казаць пра нейкія парушэньні. Проста Расея выбрала свой, адрозны ад іншых, шлях і праводзіць выбары па сваіх правілах”.

• 66% расейцаў упэўненыя, што выбары ў Думу несвабодныя, 2.12.2007 • Г.Каспараў: “Гэта выбары бяз выбару”, 2.12.2007 • І.Рынкевіч: “Парлямэнцкая кампанія ў Расеі ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу і ў гэтай краіне”, 2.12.2007 • Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Як галасавалася расейскім беларусам? , 2.12.2007 • Расея: Генадзі Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007 • А.Кароль: “У Расеі будзе “калектыўны Пуцін”, 1.12.2007 • Апытаньне: чым розьняцца і чым падобныя выбары ў Расеі і Беларусі? , 1.12.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG