Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Рынкевіч: “Парлямэнцкая кампанія ў Расеі ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу і ў гэтай краіне”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Расейскай Фэдэрацыі – выбары ў Дзяржаўную Думу, ніжнюю палату парлямэнту краіны. Што думаюць пра выбарчую кампанію ў Расеі беларускія палітыкі і палітолягі? Як вынікі гэтых выбараў могуць адбіцца на сытуацыі ў Беларусі?

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ў Беларусі Юрась Беленькі кажа:

“На маю думку, усе кропкі над “і” ўжо расстаўленыя. У Расеі, дзе бязьмежную ўладу мае КДБ, праводзіцца выбарчы фарс. Яго мэта – захаваньне статус-кво гэтай кадэбэшнай улады.

Тое, што там няма нічога падобнага на сапраўдны дэмакратычны працэс адзначана ўсімі дэмакратычнымі назіральнікамі. І гэта натуральна, бо КДБ і дэмакратыя – паняцьці не сумяшчальныя. Імпэрыя і дэмакратыя таксама паняцьці не сумяшчальныя. Таму адпаведны вынік гэтых выбараў ужо запраграмаваны. Ён будзе такім, якім яго вызначыла гэтая ўлада. У прынцыпе падобнае мы яшчэ раней назіралі ў нас, у Беларусі”.

Георгі Атаманаў – сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, якая падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, гаворыць, што ён моцна прастудзіўся. Але гэта не перашкодзіць яму сёньня сачыць за навінамі з Расеі:

“Што тычыцца прагнозу, дык, як мне падаецца, вынік ужо ў пэўнай ступені прадказальны. “Адзіная Расея” атрымае пэўную бальшыню. А на другім месцы, я спадзяюся, будзе Кампартыя Расейскай Фэдэрацыі”.

Для Сяргей Альфера – спэцыяліста ў галіне выбарчага заканадаўства выбары ў Дзярждуму перадусім цікавыя з прафэсійнага інтарэсу. Ён гаворыць, што ў Расеі сытуацыя некалькі іншая, чым у Беларусі:

“Там цяжка шляхам адміністрацыйнага рэсурсу сфальсыфікаваць вынікі на 50-70%. А вось 2-3 ці 5% – гэта робіцца вельмі проста. Што і паказалі мясцовыя выбары ў Расеі, які праводзіліся ўвесну. Таму ўсё залежыць ад жаданьня ўладаў. Калі яны захочуць, каб было тры партыі, прыкладам, яшчэ і партыя Міронава альбо Жырыноўскага, каб той зноў цешыў расейскі народ, дык будуць тры партыі. Альбо чатыры”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч

“На жаль, цяперашняя парлямэнцкая кампанія ў Расеі ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу і ў гэтай краіне. Чакаць таго, што ў Думу трапяць некалькі партыяў, якія заяўляюць сябе як апазыцыйныя, не выпадае. Такім чынам, складваецца своеасаблівая партыя ўлады і яе сатэліты. А звычайныя дэмакратычныя структуры хутчэй за ўсё ў парлямэнт не пройдуць”.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян вынікі выбараў у Дзярждуму перадусім зьвязвае з пэрспэктывамі беларуска-расейскай інтэграцыі. Ён адзначае, што вельмі важна хто і якую перамогу атрымае сёньня:

“І якая палітыка будзе праводзіцца далей датычна Беларусі. Як хутка і як пасьпяхова будзе будавацца саюзная дзяржава Беларусі і Расеі. Таму гэтыя выбары і выклікаюць вялікі інтарэс у вядучых беларускіх палітыкаў. Яны маюць вялікае палітычнае і эканамічнае значэньне для пабудовы саюзнай дзяржавы. І нават у цэлым для становішча ў Эўропе”.

• Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Як галасавалася расейскім беларусам? , 2.12.2007 • Расея: Генадзі Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007 • А.Кароль: “У Расеі будзе “калектыўны Пуцін”, 1.12.2007 • Апытаньне: чым розьняцца і чым падобныя выбары ў Расеі і Беларусі? , 1.12.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG