Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як галасавалася расейскім беларусам?


Юры Дракахруст, Прага Якія ўражаньні ў расейскіх беларусаў ад сёньняшняга галасаваньня і выбарчай кампаніі наагул? Гэтыя пытаньні мы задалі некаторым прадстаўнікам беларускай дыяспары ў Расеі.

Аляксандар Блешчык – юрыст з Екацірэнбургу, малой бацькаўшчыны першага прэзыдэнта Расеі Ельцына.

Радыё Свабода: “Аляксандар, як адбывалася галасаваньне на выбарчым участку, дзе Вы галасавалі?”

Блешчык: “Усё адбывалася спакойна. Адзінае, што я заўважыў, што на ўчастку не было ніякай інфармацыі пра партыі, якія бяруць удзел у выбарах. Не было праграмаў гэтых партый. На ранейшых выбарах яны на участках былі, а цяпер – не”.

Радыё Свабода: “А ці былі на ўчастку, дзе Вы галасавалі назіральнікі?”

Блешчык: “Не, я ня бачыў. Я жыў на ўскрайку Екацірэнбургу, у нас тут маленькі участак. Магчыма, у цэнтры гораду былі назіральнікі ад партый”.

Радыё Свабода: “А як Вы наагул ацэньваеце выбарчую кампанію?”

Блешчык: “Мы ўсе, грамадзяне Расеі, добра разумеем , якімі будуць вынікі галасаваньня. Незалежна ад палітычных поглядаў мы ўсе ведаем, хто будзе пераможцам. Што тычыцца парушэньняў, то я, як юрыст, лічу, што вялікіх парушэньняў не было, усё было даволі прымальна. Але варта зазначыць, што фінансавае забесьпячэньне партый было няроўным. Некаторыя партыі, зразумела, мелі больш грошай, і таму іх агітацыя была больш яскравай”.

Маскоўскі банкір Андрэй Макагон пайшоў галасаваць у 10 гадзін раніцы.

Макагон: “Я пайшоў галасаваць раніцай, але ўжо было шмат людзей на ўчастку. Пераважна людзі сталага веку, моладзі амаль не было. На участку, дзе я галасаваў, былі два назіральнікі: адзін падлічваў колькасьць тых, хто прыйшоў на выбары, другі глядзеў, ці ўжываецца сыстэма парушэньняў "карусэль".

Радыё Свабода: “Андрэй, а як Вы ацэньваеце выбарчую кампанію у цэлым?”

Макагон: “Шкада, але Расея ідзе па шляху Беларусі, гэта недзе Беларусь 1996 году. Вельмі знакавым быў артыкул Паўла Шарамета ў "Ведомостях", які піша , што расейцам зараз трэба ўжо ня кпіць з беларусаў, а вучыцца ў іх, вучыцца, як змагацца ў такіх умовах. Тыя незалежныя партыі, якія засталіся, ня здолелі дамовіцца паміж сабой. Я маю на ўвазе найперш "Яблоко" і СПС. Усю гэтую кампанію разваліў менавіта Яўлінскі, які адмовіўся ад кампрамісаў, а таксама партыя "Грамадзянская Сіла" Баршчэўскага, які ня здолеў знайсьці месца ў СПС і вымушаны быў стварыць сваю партыю. Таму дэмакраты шлі на гэтыя выбары трыма калёнамі. Шмат маіх знаёмых пайшлі галасаваць менавіта за партыю Баршчэўскага, як за новую плынь у дэмакратычным руху”.

Радыё Свабода: “Беларусы розныя што ў Беларусі, што ў Расеі. Але, Андрэй, кола Вашых знаёмых маскоўскіх беларусаў – за каго галасавалі пераважна?”

Макагон: “Пераважна за СПС і "Яблоко". На тыя мерапрыемствы, якія ладзяць маскоўскія беларусы, звычайна прыходзяць актывісты менавіта гэтых дзьвюх партый, паглядзець, як мы жывем. Ну і хаўрусьнікі беларускіх партый – гэта зноў жа найперш СПС і, у меншай ступені, "Яблоко".

• Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Расея: Генадзі Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007
XS
SM
MD
LG