Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Няфёдава: “Усё ў жыцьці можна зьмяніць. Апроч сьмерці і капрамонту...”


Радыё Свабода Бюджэтныя выдаткі ў Беларусі на капітальны рамонт жытла ў 2007 годзе ў параўнаньні зь мінулым годам былі павялічаныя на 30% і склалі 237,3 мільярда беларускіх рублёў. Апроч гэтага, больш за 300 мільярдаў меркавалася патраціць у 2007-м годзе на капітальны рамонт са сродкаў, якія грамадзяне сплачваюць за камунальныя паслугі. На ўсе гэтыя сродкі плянавалі адрамантаваць 881,6 тысячы квадратных мэтраў жытла.

Капрамонт пачынаецца, як вайна: ніхто ня ведае, калі яна скончыцца...

Актрыса Купалаўскага тэатру Вольга Няфёдава кажа пра зьнянацку распачаты ЖЭСам капітальны рамонт дому вельмі эмацыйна:

“Гэта пачынаецца, як вайна. І вызначаных тэрмінаў у капітальнага рамонту, як і ў вайны, няма. Ёсьць плян. Але наколькі яго ажыцьцявяць, ніхто ня ведае. У маёй сястры ён цягнуўся 2 гады. У мамы – год. І самае страшнае, што ад гэтага нікуды не падзецца, гэта тое, на што ты ня можаш уплываць. Раней я лічыла, што ўсё ў жыцьці можна зьмяніць, апроч сьмерці. Цяпер разумею – і капрамонту”.

Тормаз капрамонту – эгаізм жыхароў

Галоўны інжынэр аднаго зь менскіх ЖЭСаў, які не захацеў назваць сваё імя, расказвае, што тэрміны рамонту вызначыць цяжка. У тым ліку з-за паводзінаў жыхароў дому:

“Бываюць гэткія людзі... Вось на першым месцы – я, я, я... Якія спакойна кажуць: “Мне ўсё адно, як мае суседзі”. І калі, прыкладам, для таго, каб нешта зрабіць у суседняй кватэры, патрэбная яго прысутнасьць, то ўсё залежыць ад ягонай спагадлівасьці. Вядома, мы можам адміністрацыйна да гэтага падысьці і скласьці пратакол нават – за тое, што ён перашкаджае, – але я стараюся па-людзку. Бываюць людзі, якія кантактуюць на роўні “гаў, гаў”, але я ў гэткіх выпадках стараюся неяк пяшчотна, па-чалавечаму вырашыць сытуацыю, пераканаць, па-добраму. І збольшага гэта працуе”.

Выглядае, што Вользе Няфёдавай шанцавала зусім на іншых носьбітаў эстэтыкі капітальнага рамонту.

“Гэта папросту ўварваньне ў тваё жыцьцё хамскіх чужых людзей, – расказвае Няфёдава. – З самага ранку – званкі ў дзьверы, дзяўбаньне... Будаўнікі, для якіх няма ніякіх довадаў, апроч тых, што ім трэба штрабіць сьцены ці яшчэ што-небудзь рабіць – і ўсё. Усё астатняе – па барабане”.

“Я ня ведаю пакуль, куды хадзіць у прыбіральню, як умывацца...”

Вольга Няфёдава сьведчыць, што пэрсанальнае ўспрыманьне капітальнага рамонту залежыць ад ладу жыцьця, прафэсіі, працоўнага графіку:

“Мне трэба добра выглядаць – гэта мая прафэсія. А ў мяне заўтра выключаць ваду. Усялякую. Раней я ня ведала, што можна жыць бяз газу. Але, аказваецца можна – ужо 4 дні газу няма. Гарачай вады не было доўга, але цяпер адключаць усялякую ваду. На тры дні як быццам. Пакуль што я ня думала, куды я буду хадзіць у прыбіральню, як гэта ўсё...”

Глеб Арцем’еў, які працуе ў брыгадзе будаўнікоў на капітальным рамонце дому, не падзяляе хваляваньняў актрысы:

“Ой, ды ў нас народ прыстасаваны да ўсяго. Мала хто зьяжджае з кватэры, да сваякоў ці куды, каб пазьбегчы гэтых праблемаў. Па-першае, нехта ж павінен быць дома. Па-другое, старэйшае пакаленьне, якое бачыла ўсялякае ў жыцьці, папросту запасаецца вадой”.

Непрадказальнасьць – лейтматыў капрамонту

Наконт тэрмінаў нязручнасьці ў зьвязку з адсутнасьцю ўсякай вады ў дамах будаўнік Глеб кажа:

“Ну, вось бачыце – раптам цяпер вось няма электрычнасьці. Няма электрычнасьці – значыцца, брыгада амаль уся нічога ня робіць. Бо большасьць работ вымагае ўлучэньня ў электрасетку. Пакуль выправяць, можа й дзень прайсьці”.

Глеб Арцем’еў пагаджаецца з тым, што капітальны рамонт, расьцягнуты на месяцы, а часам і гады, ня вельмі прыемная зьява. Але выйсьця ня бачыць. І зазначае, што сярод жыхароў дамоў, дзе ён працаваў, шмат аптымістаў, якія дамагаюцца, каб ня проста рабілі рамонт, а рабілі эстэтычна.

Прыкладам, у каштарыс закладзеныя толькі работы для замены трубаў. Трубы звонку выглядаюць неэстэтычна. Але слова “не дазволена” ў гэтым выпадку можна скасаваць грашыма:

“Зразумейце! Капітальны рамонт – гэта плянавая замена састарэлага, а не паляпшэньне жыльлёвых умоваў, – гаворыць Арцем’еў. – Тыя ж трубы – так, можна загнаць унутар сьцяны, каб іх не было відаць. Але за асобную плату. Ад 20 да 40 даляраў”.

Раней быў дом як утульны куток для адпачынку. Цяпер – пасярод пакою лядоўня...

На першы погляд капітальны рамонт з новай сантэхнікай, новымі рабочымі трубамі, сьвежапафарбаванымі пад’ездамі ўвасабляе сабой перамены на лепшае. Але цягам такога рамонту траціцца столькі нэрваў, што кампэнсаваць іх эстэтыкай цяжка. Вольга Няфёдава рэзюмуе:

“Раней у мяне быў дом, куды я ехала ўначы пасьля тэатру і адпачывала. Утульны куточак, дзе ты сапраўды адпачываеш. А цяпер у мяне невядома колькі часу пасярод пакою стаіць лядоўня”.
XS
SM
MD
LG