Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне пра выбары ў Расеі: “Там даюць гаварыць, а тут – не”


Любоў Лунёва, Менск Чым, на вашу думку, адрозьніваецца выбарчая кампанія ў Расеі ад выбараў у Беларусі? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на менскіх вуліцах Куйбышава і Веры Харужай.

Студэнт: “Думаю, што адрозьніваецца. Больш свабоды слова ў расейскай выбарчай кампаніі, чым у беларускай. Наш “бацька” апазыцыі не дае слова. Кандыдаты былі абмежаваныя. Не далі ім сказаць тое, што яны жадалі. Мілінкевічу, напэўна, таксама перашкаджалі сустракацца з людзьмі”.

Спадар: “Ну, чым? Там даюць гаварыць, а тут – не. Мы ня ведаем ніводнага кандыдата. А што яны там, давалі выступіць каму-небудзь? Далі па 15 хвілінаў, і то, калі дома нікога не было. Атрымліваецца, што ў нас няма альтэрнатывы. А ў Расеі, калі ласка, даюць выступаць, дэбаты паказваюць, спрэчкі... З дэмакратыяй там таксама цяжкавата. Але шанец там ёсьць”.

Спадарыня: “Пра кандыдатаў на прэзыдэнта ніяк не магла даведацца. Хай бы былі якія-небудзь паведамленьні пра месца дзе будзе выступаць кандыдат на прэзыдэнта, у дэпутаты ці яшчэ куды... Было б цікава паслухаць, задаць пытаньні. Але, на жаль, тут гэтага няма. Людзей затрымлівалі, якія прыходзілі на сустрэчы з кандыдатамі. Нават тых, якія былі на плошчы, затрымалі”.

Пэнсіянэрка: “Па-мойму, ніякай розьніцы. Па-мойму расейцы нават не запрасілі назіральнікаў, якіх трэба. Учапіліся за гэтага Пуціна... А што Пуцін? Што ён ім добрага даў?”

Пэнсіянэр: “Ну й там ёсьць дыктатура, і тут дыктатура”.

Спадар: “У Расеі гэта, натуральна, больш разьвітае, больш адкрытае, чым у нас. Тое, што наш прэзыдэнт зьмяніў Канстытуцыю – гэта ўжо кепска”.

Спадар: “Канешне, адрозьніваюцца. Інфармацыйна, перш за ўсё. Інфармацыі ў нас ніякай не было. Было абы што. У іх і тэлебачаньне, ды і ўсё на галаву, а то й на дзьве вышэй”.

Пэнсіянэр: “Выбары абсалютна розныя ў Беларусі і ў Расеі. У Расеі, канешне, больш дэмакратычна”.

Настаўніца: “У Расеі выбар ёсьць, а ў нас выбару няма”.

Вайсковец: “Той рэфэрэндум 17 чысла, ён абсалютна ліпавы. Я лічу, што Канстытуцыю трэба выконваць. У Расеі я вітаю, што Пуцін сыходзіць. Прайшлі два тэрміны – і калі ласка. У нас падтасоўка. Адкуль мы ведаем кандыдатаў, калі іх чалавек пяць ці сем, а потым застаюцца двое для біцьця... А ў выніку адзін”.
XS
SM
MD
LG