Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любы імпартны камбайн можа быць набыты толькі з дазволу А.Лукашэнкі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў часе сэмінару кіраўнікоў органаў дзяржкіраваньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з 2008 году спыняе імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі. Чым абумоўленае такое рашэньне?

На закуп тэхнікі краіна аддае больш за 200 мільёнаў даляраў, і яны падлягаюць ільгатаваньню. Паводле А.Лукашэнкі, “гэта нагрузка на бюджэт і ўклад у фармаваньне адмоўнага сальда зьнешняга гандлю”.

У зьвязку з гэтым Лукашэнка забараняе імпарт сельгастэхнікі:

“Я думаю, што гэта адпакутаванае рашэньне ўраду. Пра тое, што мы ўсё ж павінны абапірацца на сваю айчынную тэхніку. Я такое рашэньне ўчора прыняў. І гэтае рашэньне вы атрымаеце бліжэйшым часам. Гэта не азначае, што мы ня будзем нешта купляць па імпарце, але гэта амаль нічога”.

Паводле А.Лукашэнкі любы імпартны камбайн, плуг ці трактар можа быць набыты толькі зь яго асабістага дазволу.

Гэтая ж забарона будзе дзейнічаць таксама ў 2009—2010 гадах.

“Яны хочуць ісьці шляхам Альбаніі?”

Начальнік эканамічнага ўпраўленьня расейскага Кіраўскага заводу Вадзім Цай сказаў:

“Яны хочуць ісьці шляхам Альбаніі, як раней гэта было ў савецкі час?! Гэта такая ўнутраная закрытасьць. Яны што — разьвівацца будуць толькі коштам унутраных рэсурсаў? Я думаю, гэта не рэалістычны шлях, і цяпер ён дрэнна адаб’ецца не на Расеі, а найперш на Беларусі”.

Паводле расейскага эканаміста Міхаіла Дзялягіна, з-за падвышэньня цэнаў на нафту і газ у беларускім бюджэце ўтварылася дзірка на паўтара мільярда даляраў:

“У Менску эканомяць на ўсім”

“Для іх гэта вельмі многа. Яны скарацілі сацыяльныя льготы. Натуральна, яны цяпер эканомяць на ўсім.

Я вось быў у Менску, і ў адным з раёнаў пахне пілавіньнем, бо кацельня аднаго вялікага гандлёвага цэнтру працуе на пілавіньні. Да такой ступені даходзіць рэжым эканоміі. Ля дамоў стаяць дровы, бо гэта таньней, чым спажываць расейскі газ. Яны эканомяць на ўсім, і чарга дайшла да сельгастэхнікі.

Можа, ад гэтага нашы заводы згубяць грошы. Але я ўпэўнены, што гэта зроблена ня дзеля таго, каб дапячы расейцаў. А проста таму, што ў беларусаў няма грошай”.

“Забараняй, не забараняй, усё роўна няма за што купіць”

Менскі эканаміст Васіль Шлындзікаў пагаджаецца:

“У нас жа адмоўны гандлёвы балянс. Няма за што купляць. Калі няма за што купляць — дык што тут зробіш? Забараняй, не забараняй, усё роўна няма за што купіць”.

Раней нават ва ўрадзе выказвалі незадаволенасьць якасьцю беларускай сельгастэхнікі.

На пачатку году, да прыкладу, міністар сельскай гаспадаркі Леанід Русак вельмі нэгатыўна выказаўся адносна састарэлых мадыфікацыяў беларускіх камбайнаў.

Аднак айчынная вытворчасьць атрымоўвае вялікія субсыдыі. Летась гэта складала 50% кошту менскіх трактароў.

Якія тэндэнцыі пераважаюць у беларускай эканоміцы?, 25.10.2007
XS
SM
MD
LG