Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 30 лістапада


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу tut.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што кошт расейскага газу для Беларусі на першы квартал 2008 году будзе складаць 119 даляраў за тысячу кубічных мэтраў.

martini піша: “Сямашка праваліў леташнія перамовы – праваліць і гэтыя”.

Belarus-EU: “Няўжо зноў будуць казаць пра нерэальныя цэны, а потым зноў будуць вэнтылі круціць? Няўжо нельга быць годным, не прыніжацца, а выконваць абавязкі па дамовах? Нічога страшнага, як павялічыцца колькасьць беспрацоўных. Ня трэба баяцца слова “беспрацоўны”, трэба баяцца слова “згалелы рабочы”. Разагнаць усіх “чырвоных”, бо яны ўмеюць толькі гарэлку з расейскімі камуністамі піць і згадваць, як было добра ў СССР”.

baltkrievs: “Дык для гэтых “чырвоных” гэтая краіна і задуманая яшчэ з часу СССР. А вы кажаце замяніць – яны акапаліся паўсюль у выканкамах, белых дамах, прадпрыемствах і іншых дзяржустановах, сядзяць там, як мышкі і моляцца на л..., каб ён паруліў як мага больш”.

ia_pamru1: “100 баксаў – рэальны кошт, пры якім беларуская эканоміка будзе крышыцца на дробныя часткі. Усё, што вышэй, толькі паскорыць працэс. Пры 120 баксах у наступным годзе зацягнем паясы яшчэ больш. Пры 67 працэнтах ад эўрапейскага кошту эканоміка сустрэне свой каляпс яшчэ да лета. Наперадзе балота, і якая б ні была моцная бацькава машына стабільнасьці, яна ўсё роўна ў ім патоне”.

Michail_M: “Калі згаворацца на 150 – гэта ўжо добра. Але малаімаверна. Думаю, што мой прагноз куды бліжэйшы да ісьціны, чым у Сямашкі. Хутчэй за ўсё ён і сам ведае пра ўтапічнасьць сваіх плянаў, але яму па пасадзе трэба верыць у сьветлую будучыню”.

Блогерка Toma_Lisitskaya зьвяртаецца да беларускіх блогераў з просьбай дапамагчы дзіцячым дамам Беларусі з вопраткай і абуткам. Гэтай дапамогі вымагаюць Гарадзейская школа-інтэрнат, дзіцячыя дамы ў вёсках Друя і Велікалічанск Віцебскай вобласьці і ў горадзе Езярышча, у вёсцы Бель Крычаўскага раёну, у Воршы, Бабруйску, Друйскім дзяржаўным дзіцячым доме. Сьпіс патрэбных рэчаў і кантактныя тэлефоны, а таксама кантактны тэлефон у Менску блогерка падае ва ўласным дзёньніку.

На сайце “Музыкальной газеты” зьмешчана інфармацыя пра тое, што лідэр менскай групы “bez bileta” Віталь Артыст выйграў пазоў да трох беларускіх прадпрыемстваў, якія займаліся пракатам расейскага блокбастэру “Охота на пиранью”. Віталь выступіў аўтарам музыкі да гэтага фільму, аднак належных, згодна з законам, аўтарскіх адлічэньняў за публічную дэманстрацыю фільму не атрымліваў. Выйграўшы суд, Віталь такім чынам стварыў прэцэдэнт у галіне аховы правоў інтэлектуальнай уласнасьці ў Беларусі.

Партал tut.by папрасіў вядомага рок-выканаўцу Браяна Адамса, які дае канцэрт у Менску 2 сьнежня, адказаць на пытаньні наведнікаў парталу.

Сярод пытаньняў да музыкі было й такое: “Шаноўны Браян! Як вам выступаць у краіне, дзе ўлады забараняюць канцэрты рок-выканаўцаў, якія сьпяваюць на роднай мове? Вы дзе-небудзь з такім сустракаліся?” Партал тлумачыць: “Браян зразумеў, што нашым музыкам забараняюць сьпяваць на ўсіх мовах, апрача беларускай. Тое, што можа быць наадварот, відаць, нават не прыйшло яму ў галаву”. Таму адказ музыкі атрымаўся такі: “Ніколі ня чуў пра рок-выканаўцаў, якім забаронена праводзіць канцэрты, калі толькі яны не сьпяваюць на сваёй роднай беларускай. Гэта праўда? Падобна да таго, што адбываецца ў Францыі!”

Блог Горадні апісвае такую сытуацыю: “Калі рэйдавая брыгада правярала СКП “Новадзявяткавічы” Слонімскага раёну, надой на фэрмах прадпрыемства адразу ўпаў на 1,2 тоны. Быццам бы каровы згаварыліся не даваць малако з нагоды прыезду правяральнікаў. Але аказалася, каровы тут ні пры чым: у малако ўвесь час падлівалі ваду, павялічваючы надоі. Як адзначыла рэйдавая брыгада, у некаторыя дні прыпісвалася каля 30 працэнтаў ад агульнага надою. А ў некаторых малочных пробах вады наагул утрымлівалася больш за 50 працэнтаў”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG