Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не падпалі асуджаныя за напад на З.Ломаця пад амністыю?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чатырох супрацоўнікаў КДБ і Савету бясьпекі прызналі вінаватымі ў зьбіцьці старшыні Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця, двух зь іх пакаралі зьняволеньнем. Паводле праваабаронцаў, абставіны агалошаньня прысуду даюць падставу меркаваць, што ўсіх асуджаных да калёніі сілавікоў маглі вызваліць паводле амністыі.

30 лістапада стаў вядомы прысуд чатыром супрацоўнікам КДБ і Савету бясьпекі, якіх судзілі ў Вярхоўным Судзе за зьбіцьцё старшыні Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця.

Адметна, што журналістаў на зачытваньні прысуду не было, бо іх запрасілі прыйсьці пазьней — а 14-й гадзіне.

Вось як патлумачыла гэта прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Анастасія Цымановіч:

“Прысуд быў агалошаны раней на адкрытым паседжаньні, прысутнічалі сваякі, але, на жаль, мне пра гэта не паведамілі”.

Удакладню, што 29 лістапада менавіта прэсавая служба Вярхоўнага Суду паінфармавала журналістаў, што прысуд будзе агалошаны 30 лістапада а 14-й гадзіне.

“Вінаватыя ў перавышэньні паўнамоцтваў”

Паводле інфармацыі, якую зачытала Анастасія Цымановіч, усіх чатырох абвінавачаных прызналі вінаватымі ў перавышэньні паўнамоцтваў з ужываньнем гвалту.

Сілавікі атрымалі розныя пакараньні. Сяргею Наркевічу далі пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і пазбавілі вайсковага званьня. Аляксандар Арлоўскі пакараны на два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Юры Загорскі і Сяргей Манаеў абмежаваныя ў службе на адзін год.

Нагадаем, гэтыя людзі напалі на Зянона Ломаця ў ліпені ў Магілёве, куды старшыня Камітэту дзяржкантролю прыехаў дзеля службовых справаў.

Якая была прычына нападу?

Неўзабаве пасьля нападу на Зянона Ломаця былі звольненыя старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка і ягоны першы намесьнік Васіль Дземянцей. Афіцыйна сувязі паміж зьбіцьцём Зянона Ломаця і гэтымі адстаўкамі не прызналі.

Падчас працэсу Сьцяпана Сухарэнку выклікалі ў суд як сьведку. Сьцяпан Сухарэнка, а таксама Зянон Ломаць камэнтаваць падзеі на працэсе, які быў закрытым, адмовіліся.

Чаму супрацоўнікі КДБ напалі на Зянона Ломаця? Дзейнічалі яны самастойна ці паводле загаду зьверху?

Прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Анастасія Цымановіч сказала, што ня ведае адказаў на гэтыя пытаньні, бо таксама не прысутнічала на працэсе і на агалошваньні прысуду. Прэсаваму сакратару Вярхоўнага Суду не вядома і тое, ці згодны асуджаныя з прысудам і ці не зьбіраюцца яны яго абскарджваць.

Прадстаўніка пракуратуры спадара Целяжэвіча, які падтрымліваў абвінавачаньне, а таксама адвакатаў асуджаных у судзе журналісты ня ўбачылі.

Ці ўжылі да асуджаных сілавікоў амністыю?

З 29 лістапада ў Беларусі пачала дзейнічаць чарговая амністыя. Указам прэзыдэнта яна будзе дзейнічаць цягам шасьці.месяцаў. Ці не падпалі пад яе асуджаныя за зьбіцьцё Зянона Ломаця супрацоўнікі КДБ і Савету бясьпекі?

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла такой вэрсіі не адкідае. Гары Паганяйла, які раней працаваў судзьдзём, кажа: суд мае права ўжыць амністыю да чалавека, якога сам жа прызнаў вінаватым, калі ў законе пра амністыю ёсьць адпаведныя падставы.

“Такой падставай можа быць удзел асуджанага ў баявых дзеяньнях”, — кажа Гары Паганяйла. “Суд, згадаўшы гэтыя абставіны, прызначае меру пакараньня, а потым прымае рашэньне пра ўжываньне да такой асобы амністыі. І асоба вызваляецца”.

На маё пытаньне, ці не ўжылі амністыі да асуджаных сілавікоў, прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Анастасія Цымановіч адказала: “Я ня маю такой інфармацыі”.

Асуджаныя 4 афіцэраў КДБ і Рады Бясьпекі, якія зьбівалі З. Ломаця, 30.11.2007 Сьцяпана Сухарэнку выклікалі ў суд як сьведку, 19.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG