Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя можа папрасіць урад ЗША зьняць санкцыі


Алесь Дашчынскі, Менск Дэлегацыя беларускай апазыцыі, якая наведае Вашынгтон на пачатку сьнежня, распаўсюдзіла адкрыты зварот да беларускага ўраду.

У звароце выказваецца гатоўнасьць прасіць урад ЗША “спрыяць інвэстыцыям у беларускую эканоміку, разгледзець пытаньне выдачы крэдыту, скасаваць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў”.

Аднак гэта апазыцыянэры могуць зрабіць толькі пасьля канкрэтных крокаў афіцыйнага Менску — “вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў супраць дэмакратычных актывістаў, стварэньне роўных ўмоваў дзейнасьці для мэдыяў, спыненьне практыкі нерэгістрацыі грамадзкіх арганізацый, унясеньне зьменаў у выбарчае заканадаўства”.

У складзе дэлегацыі Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Павал Севярынец, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Эніра Браніцкая і Зьміцер Хведарук.

"Нашы мажлівасьці ў Вашынгтоне, Бэрліне, Вільні, Варшаве значна большыя, чым у беларускіх уладаў"

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў, што гэта прэвэнтыўная мера:

“Мы ведаем, што як толькі выяжджаюць прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў за межы краіны, адразу беларуская прапагандысцкая машына пачынае працаваць і даваць тлумачэньні, зь якімі мэтамі і чаго мы туды выяжджаем.

Мы спрашчаем ім працу і ад самага пачатку тлумачым, што мы гатовыя да канструктыўнай працы дзеля будучыні Беларусі.

Першы пункт тычыцца палітычных вязьняў, свабоды мэдыяў, правядзеньня выбарчых кампаніяў адпаведна стандартам АБСЭ.

І калі ўлада робіць захады, каб станоўча вырашаць гэтыя пытаньні, то наступствам гэтага зьявіцца тое, што мы гатовыя выкарыстоўваць свае сілы, мажлівасьці, свой патэнцыял на міжнароднай арэне, каб спрыяць вырашэньню агульнадзяржаўных задачаў.

Тое, што нашы мажлівасьці ў Вашынгтоне, Бэрліне, Вільні, Варшаве значна большыя, чым у беларускіх уладаў, гэта не падлягае сумневу.

Так што, калі дбаць пра нацыянальныя інтарэсы, пра будучыню краіны, то трэба рабіць. Але рабіць мы можам разам, пачынаючы і з боку ўлады, і з боку прыхільнікаў пераменаў. Вось у гэтым сутнасьць нашай публічнай заявы і звароту да ўладаў”.

Задайце пытаньне дэлегацыі беларускіх дэмсілаў у Вашынгтоне!, 28.11.2007
XS
SM
MD
LG